Вы тут

Кружэлкі vs інтэрнэт: хто каго?


Ці сыйдуць у гісторыю фізічныя носьбіты інфармацыі?          

Два мінулыя дзесяцігоддзі для аўдыявізуальнай сферы прайшлі пад знакам аптычных дыскаў. Цяжка знайсці чалавека, у якога дома не было б ніводнага CD або DVD. У 90-я гады лазерныя дыскі даволі хутка выцеснілі з шырокага ўжывання вінілавыя дыскі з-за меншых памераў і куды большых аб’ёмаў інфармацыі. Аўдыя- і відэакасеты, якія ў маім дзяцінстве прадаваліся ледзь не ў кожным кіёску, пратрымаліся крыху даўжэй, але ў 2000-х іх эра закацілася літаральна за некалькі гадоў. Але калі ў ранейшыя часы адзін фізічны носьбіт інфармацыі змяняў другі, перамагаючы кампактнасцю і аб’ёмам запісу інфармацыі, то цяпер пытанне ўжо стаіць па-іншаму: а ці ўвогуле яны патрэбны, калі амаль усё цяпер можна знайсці ў інтэрнэце? Хуткасны інтэрнэт і анлайн-сэрвісы, на якіх можна адшукаць амаль усю патрэбную музыку ці відэа, усё мацней пранікаюць у наша жыццё.

ubuntovod.ru-sony-и-panasonic-сделали-лазерный-диск-н-01

Попыт знізіўся, але не знік

Непадалёк ад рэдакцыі знаходзіцца адзін пункт, які гандлюе лазернымі дыскамі. Калісьці я там набыў не адну касету і кружэлку. У апошнія гады, на жаль, заходжу туды ўжо эпізадычна…

- Ці шмат купляюць у вас дыскаў? – пытаюся ў прадаўца

- Ну як вам сказаць? Калі параўноўваць з тым, колькі прадавалі гадоў пяць-сем таму, то продажы знізіліся. Але каб амаль ніхто нічога не браў, не скажу. Напрыклад, дыскі для дзяцей у яркай паліграфічнай вокладцы карыстаюцца попытам. Ці вось музыку на CD бяруць, пэўна, для таго, каб у дарозе ў аўтамабілі паслухаць. Усё-такі магнітолы пакуль яшчэ з шырокага ўжытку не выходзілі. Гульні таксама карыстаюцца попытам, асабліва тыя, якія выходзяць адразу на некалькіх (шасці ці нават больш) дыскаў. Але мяркую, што гэта з-за таго, што пампаваць 30 гігабайт з інтэрнэту ў нас даволі доўга... А вось музыкі і фільмаў купляюць меней.

BDR-XU02JM-1

Blu-ray: не наш выбар?

Дзевяць гадоў таму ў заходніх краінах пачаў распаўсюджвацца новы фармат запісу, які атрымаў назву Blu-Ray (у перакладзе з англійскай мовы – “сіні прамень”: для запісу і чытання такіх дыскаў выкарыстоўваюцца спецыяльныя лазеры, прамень якіх мае сіняе адценне). Даспадобы яны прыйшліся аматарам кінафільмаў – ёмістасць такога дыска складае сама меней 25 гігабайт. Гэта больш за стандартны DVD-дыск амаль у пяць разоў! Адпаведна, якасць запісу на іх вышэйшая ў разы. А калі яшчэ згадаць колішнія неліцэнзійныя зборкі фільмаў, дзе на адзін дыск умудраліся запіхваць па 8-9 фільмаў, дык і ўвогуле прагрэс відаць няўзброеным вокам. Але цэны на іх куслівыя і дагэтуль, пасля столькіх гадоў ратацыі: 6-7 долараў у эквіваленце як мінімум. Для параўнання, DVD каштуе як мінімум удвая танней. Для таго, каб глядзець Blu-Ray, трэба набыць і спецыяльны прайгравальнік – стандартны DVD, якім аснашчаны ноўтбукі, персанальныя камп’ютары ды некаторыя старыя мадэлі тэлевізараў, дыск проста не прачытае. А цэны на іх застаюцца куслівыя. Выбар беларускія інтэрнэт-крамы даюць небагаты, ды і тое сярэдні кошт вагаецца ў межах ад 2 да 3 мільёнаў. Апаратаў ці прывадаў, якія дазваляюць запісваць Blu-Ray, і ўвогуле не знайшлося ў беларускіх інтэрнэт-крамах. А вось прайгравальнікі розных сусветных брэндаў для куды больш старага фармату DVD сустракаюцца ў продажы значна часцей і каштуюць ад 500 тысяч рублёў.

Продажы падаюць…

Аптычныя дыскі з кожным годам рэалізуюцца ўсё больш неахвотна. Напрыклад, у 2014 годзе ў Бельгіі мясцовыя жыхары набылі 7,62 мільёнаў DVD і 1,28 мільёнаў Blu-Ray дыскаў. Продажы ў параўнанні з 2013 годам скараціліся на чвэрць і дзесяць працэнтаў адпаведна. У Расіі падзенне яшчэ большае. Калі ў лютым 2013 года было рэалізавана 900 тысяч DVD, то праз год іх купілі толькі 500 тысяч. Па звестках Міжнароднай федэрацыі вытворцаў фанаграм, усяго на фізічных носьбітах у свеце ў 2013 годзе было рэалізавана 52% музыкі. Годам раней гэтыя лічбы складалі 56%. Падарункавыя і люксавыя выданні па-ранейшаму вельмі папулярныя.

72a3fd888908735e8cab6d34fc18c689

Ці магчыма паўтарэнне рэнесансу вінілу?

З іншага боку, касеты ў 80-х і 90-х не здолелі да канца забіць вінілавыя прайгравальнікі, якія цяпер перажываюць сапраўднае адраджэнне. Іх з лёгкасцю можна набыць у беларускіх і расійскіх інтэрнэт-крамах. Кошты розныя – ад бюджэтных “кітайцаў” за пару-тройку мільёнаў рублёў з магчымасцю алічбоўкі і запісу на флэшку да грунтоўных апаратаў коштам у некалькі тысяч долараў. Зноў, як і дзесяцігоддзі таму,  на вініле пачалі прадавацца і альбомы такіх вядомых і груп, як Rolling Stones, Led Zeppelin, Pink Floyd, AC\DC… У ЗША ў апошнія гады назіраецца ўнушальны рэнесанс звыклых кружэлак на 33 абароты. Калі ў 1993 годзе іх было прададзена менш за 500 тысяч штук, то ў 2007-м ужо мільён дыскаў знайшоў сваіх пакупнікоў, а ў 2013 годзе гэтая лічба пераваліла ўжо за 6 мільёнаў. А здавалася б, малаўмяшчальны вініл канчаткова выціснуты на звалку гісторыі ў эпоху сучаснай музычнай інтэрнэт-плыні, калі музыку зусім не абавязкова набываць на фізічных носьбітах. Так што, можа, падобны рэнесанс будзе і ў звыклых аптычных дыскаў? Іншая справа, колькі на гэта пойдзе часу. Вінілу для гэтага спатрэбілася больш за два дзесяцігоддзі, калі старую тэхналогію ўжо істотна падзабылі ў грамадстве.

А калі вы ў апошні раз куплялі лазерную або вінілавую кружэлку?

Валер'ян Шкленнік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».