Вы тут

«Воблачныя тэхналогіі» — супраць папер і справаздач


Сваім досведам, як з дапамогай сучасных ІТ-тэхналогій можна спрасціць кіраўнікам навучальных устаноў і педагогам жыццё, на калегіі Міністэрства адукацыі падзяліліся прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама.

— Для змяншэння дакументаабароту і эканоміі часу было вырашана зрабіць стаўку на так званыя «воблачныя тэхналогіі», — расказала намеснік начальніка аддзела Жанна МЯЦЬКО. — Гэтыя тэхналогіі прадугледжваюць аддаленую апрацоўку і захоўванне дадзеных з выкарыстаннем інструментаў і магутнасцяў інтэрнэту.

Фактычна ў віртуальнай прасторы створана рэгіянальная структурная мадэль захоўвання і абмену інфармацыяй. Для працы з дакументамі выкарыстоўваюцца матэрыялы сховішчаў упраўлення адукацыі вобласці, абласнога інстытута развіцця адукацыі і раённага аддзела.

Спецыялісты размяшчаюць на «воблаку» (віртуальным серверы) свае планы работы, тут жа знаходзяцца вынікі анкетавання педагогаў, даведнікі, матэрыялы актыўнай перапіскі і матэрыялы метадычнага характару, іншая карысная інфармацыя. Усё гэта дае магчымасць работнікам аддзела і вучэбна-метадычнага кабінета ў любы момант і з любога працоўнага месца з імі азнаёміцца. Установам адукацыі цяпер не трэба самастойна захоўваць і перадаваць інфармацыю, якая ў любы момант можа спатрэбіцца кіруючым структурам. Да таго ж з'явілася выдатная магчымасць для параўнання колькасных характарыстык дзейнасці розных устаноў адукацыі ў рэжыме рэальнага часу.

У інтэрнэце можна, напрыклад, аналізаваць занятасць школьнікаў у летні перыяд, правядзенне і наведвальнасць педагагічных саветаў і г.д . Без асаблівых выдаткаў часу ў анлайн-рэжыме вырашаюцца праблемы інфармацыйнага суправаджэння штодзённага кіравання, сумеснага стварэння і рэдагавання дакументаў, карэкціроўкі інфармацыі і абмену вынікамі сумеснай дзейнасці. Для сістэматызацыі напрацаванай інфармацыі створаны блог «Кіраванне якасцю адукацыі».

Пасля нарад, праведзеных аддзелам адукацыі, на старонках віртуальнага рэсурсу вывешваецца ўся неабходная інфармацыя для выканання прынятых рашэнняў. Напрыканцы навучальнага года на «воблаку» працаваў кансультацыйны пункт «Выпускны экзамен» і вёўся аператыўны збор інфармацыі. Праца ў анлайн-рэжыме дазволіла выявіць і выправіць памылкі ў ходзе правядзення экзаменаў, і ўжо 11 чэрвеня мець абагульненую інфармацыю па ўсіх школах і ўсіх прадметах. У Шчучынскім раёне створаны і паспяхова працуюць сеткавыя суполкі дырэктараў школ і раённых трэнераў школы «Інтэлект».

І ўсё ж такі Жанна Мяцько не лічыць «воблачныя тэхналогі» панацэяй ад памылак у кіраванні. «Гэта толькі магутны інструмент у павышэнні яго эфектыўнасці, — падкрэсліла яна. — Іх выкарыстанне патрабуе ад кіраўніка не толькі свабоднага валодання камп'ютарнымі тэхналогіямі, але і высокага ўзроўню кампетэнтнасці ў сферы сваёй дзейнасці, умення структураваць і аналізаваць атрыманую інфармацыю. Выкарыстанне «воблачных сэрвісаў» — моцны стымул для самаразвіцця і самаўдасканалення...»

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.