Вы тут

Больш як 300 балаў у кожнага другога абітурыента БДУ


15 ліпеня завяршыўся прыём дакументаў на бюджэтную форму навучання ў ВНУ. І ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ўжо падводзяць першыя вынікі прыёмнай кампаніі.

17-421

17-421

 

На 2023 месцы на дзённай форме навучання дакументы падалі 3483 абітурыенты. Такім чынам, сярэдні конкурс па ўніверсітэце склаў 1,72 (у 2014 — 1,47).

У БДУ з задавальненнем канстатуюць, што бягучая прыёмная кампанія вылучаецца высокім узроўнем падрыхтоўкі абітурыентаў: 47% маладых людзей, якія ўдзельнічаюць у агульным конкурсе, маюць у сваім актыве сумарны бал, вышэйшы за 300. Сярод тых, хто падаў дакументы ў вядучую ВНУ краіны, 93 пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў, уключаючы 7 лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, у конкурсе за права быць студэнтам БДУ будуць удзельнічаць 577 абітурыентаў, якія скончылі сярэднюю школу з медалямі або сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы — з дыпломамі з адзнакай (16,5% ад агульнай колькасці), і 1769 выпускнікоў ліцэяў і гімназій з усёй Беларусі (51% ад агульнай колькасці). Таксама ў гэтым годзе на педагагічныя напрамкі (план прыёму складае 93 месцы) без экзаменаў будуць залічаны 23 пераможцы абласных алімпіяд і медалісты.

На спецыяльнасцях, па якіх праводзяцца ўнутраныя іспыты, самы высокі конкурс склаўся сярод ахвотных вывучаць камунікатыўны дызайн — 13 чалавек на месца і дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя — 14,8. У Інстытуце журналістыкі на спецыяльнасці «інфармацыя і камунікацыя» на адно месца прэтэндуюць 1,9 чалавека.

На завочную бюджэтную форму навучання падалі дакументы 508 абітурыентаў (план прыёму складае 270 чалавек). З іх 178 чалавек — на скарочаны тэрмін навучання. У гэтай пазіцыі сярэдні конкурс склаў 1,9 (у 2014 годзе — 1,2).

Там, дзе праводзяцца ўнутраныя экзамены, самы высокі конкурс склаўся на наступных спецыяльнасцях: «Менеджмент, фінансы і крэдыт» (скарочаны тэрмін навучання) — 2,8; «Дакументазнаўства» (скарочаны тэрмін навучання) — 2,6 і «Правазнаўства» (скарочаны тэрмін навучання) — 3,1.

Пасяджэнні прыёмнай камісіі па залічэнні на бюджэтную форму навучання адбудуцца з 17 па 23 ліпеня. Усе рашэнні па залічэнні будуць транслявацца ў анлайн-рэжыме на інтэрнэт-сайце БДУ — www.bsu.bу.

Прыём дакументаў на платную форму навучання будзе доўжыцца да 2 жніўня ўключна.

Дарэчы, многія ВНУ ўжо агучылі цэны платнай формы навучання на наступны навучальны год. Кошты выраслі ў сярэднім на 10-15%.

У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце вышэйшая адукацыя падаражэла для першакурснікаў у параўнанні з папярэднім годам на 2,2 мільёна рублёў (13%). У залежнасці ад спецыяльнасці першы год вучобы на дзённым аддзяленні абыдзецца студэнтам у суму ад 19 мільёнаў 253 тысяч да 19 мільёнаў 641 тысячы рублёў.

Першакурснікам БНТУ давядзецца заплаціць за вучобу ад 18 мільёнаў 402 тысяч рублёў да 21 мільёна 196 тысяч рублёў. Самае дарагое навучанне на спецыяльнасцях «Архітэктура» і «Архітэктурны дызайн».

Цэннікі ў БДУІР вагаюцца ад 19 мільёнаў 200 тысяч да 23 мільёнаў 500 тысяч рублёў на спецыяльнасцях самага прэстыжнага факультэта камп'ютарных сістэм і сетак. Можна не сумнявацца, што дэфіцыту ахвотных навучацца за ўласныя грошы на гэтым факультэце не будзе, бо менавіта тут быў пастаўлены ў гэтым годзе своеасаблівы рэкорд — прахадны бал на спецыяльнасць «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» на бюджэтную форму навучання склаў 370!

Атрыманне адукацыі на вячэрняй форме навучання ў БДУІР ацэньваецца ў 14 мільёнаў 350 тысяч рублёў для ўсіх без выключэння спецыяльнасцей. А студэнтам, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю па дыстанцыйнай форме навучання, за вывучэнне адной дысцыпліны давядзецца заплаціць 670 тысяч рублёў.

У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце вучоба для першакурснікаў падаражэла на 2,4 мільёна (15%) — да 18 мільёнаў 460 тысяч рублёў.

У Акадэміі кіравання цэны на платнае навучанне не змяніліся і засталіся на леташнім узроўні — 18 мільёнаў 380 тысяч рублёў.

Ранейшымі засталіся цэны і ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. На спецыяльнасцях «Лячэбная справа», «Педыятрыя» і «Фармацэўтыка» адзін год навучання каштуе 19 мільёнаў 680 тысяч рублёў. На «Медыка-прафілактычнай справе» — 18 мільёнаў рублёў. А самая дарагая падрыхтоўка будучых стаматолагаў — 22 мільёны 980 тысяч рублёў у год.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт з коштам платнай адукацыі на наступны навучальны год пакуль не вызначыўся.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?