Вы тут

10 мільёнаў у месяц можна зарабіць у студатрадзе


Атрымаць лішнюю капейку звыш стыпендыі студэнту заўсёды прыемна. Таму ў час летніх вакацый многія актыўна шукаюць падпрацоўку. Адны ўладкоўваюцца самастойна, іншыя далучаюцца да студатрадаў. Сёлета ў іх ужо адпрацавала каля 40 тысяч чалавек. Усяго заняць на будоўлях, у летніках, на сельскагаспадарчых і іншых аб'ектах плануецца 70 тысяч маладых людзей.

18-22

Вакансіі на любы густ

У гэтым годзе з'явіліся два новыя профілі. Тыя, хто запісваецца ў медыцынскія атрады, працуюць у якасці малодшага медыцынскага персаналу ў паліклініках і бальніцах. Моладзь з навукова-вытворчых атрадаў збірае халадзільнікі і абслугоўвае камп'ютарныя сеткі.

Асобна збіраюцца развіваць педагагічны рух.

— Мы жадаем адрадзіць тую сістэму, што была ў савецкія часы, — дзеліцца планамі другі сакратар ЦК БРСМ Сяргей КЛІШЭВІЧ. — Сёння гэта стратэгічны напрамак, бо ў педатрадах моладзь працуе з дзецьмі — нашай будучыняй. Трэба, каб студэнты арганізоўвалі не толькі культурна-забаўляльную праграму, але і займаліся патрыятычным выхаваннем малечы. Удзельнікаў педагагічнага руху варта было б рыхтаваць на працягу года, выкладаць ім педагогіку і псіхалогію.

Другі сезон працуе Усебеларуская маладзёжная будоўля. Сёлета дапамагаць узводзіць атамную электрастанцыю прыехала 400 чалавек (у два разы больш, чым у мінулым годзе), з іх 60 — расійскія студэнты. Маладыя будаўнікі задзейнічаны таксама на сталічным стадыёне «Дынама», Кургане Славы ў Гродне, на фізкультурна-аздараўленчых комплексах у Касцюковічах і гарадскім пасёлку Краснаполле (Магілёўшчына).

Больш за дзвесце беларускіх студэнтаў паехалі працаваць у Расію. Адны сталі важатымі ў лагеры «Полымя» Дняпроўскага раёна Маскоўскай вобласці, іншыя праполваюць грады і збіраюць ураджай у Каломенскім раёне (таксама Маскоўская вобласць), кагосьці накіравалі ў аддзел харчавання санаторыя «Арляня» (Краснадарскі край).

Дарэчы, сярод байцоў студатрадаў у 2015-м адзначыліся 6,5 тысячы няпоўнагадовых. Большасць падлеткаў працавала ў сельскай гаспадарцы і прыбірала лесапаркавыя і прыбярэжныя зоны. Акрамя таго, 13,5 тысячы дзяцей ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў запісаліся ў добраахвотніцкія атрады. Асаблівую ўвагу надаюць занятасці праблемных школьнікаў, напрыклад, тых, хто стаіць на ўліку ў міліцыі. «Не хацелася б, каб улетку гэтыя дзеці былі прадастаўлены самі сабе, — кажа начальнік упраўлення па справах моладзі Мінадукацыі Наталля ПШАНІЧНАЯ. — У атрадаў моцны выхаваўчы патэнцыял. Па-першае, дзеці праводзяць час у калектыве, бачаць перад сабой прыклады, як трэба сябе паводзіць. Па-другое, яны вучацца адказна ставіцца да грошай».

Трэба сказаць, што заробкі ў студатрадах прыстойныя. У сэрвісных і педагагічных атрадах можна атрымаць 3-6 мільёнаў у месяц, а на асобных будаўнічых аб'ектах і па 8-10 мільёнаў. Так, летась хлопцы, што паехалі на атамную станцыю ў Астравец, зарабілі за сезон па 18 мільёнаў.

Сабраць грошы на рамонт помнікаў

— Мы пастаянна ўносім змяненні ў заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць студатрадаў. Не таму, што яно недапрацавана: рух набірае моц, і з'яўляецца патрэба ў пэўных карэктывах, — тлумачыць Наталля Іванаўна. — З 2012-га пашырыўся ўзрост удзельнікаў (запісвацца ў атрады цяпер можна з 14 гадоў), з 2013-га далі магчымасць працаваць у студэнцкіх дружынах на працягу цэлага года. Зараз з'яўляюцца новыя профілі, таму мы рыхтуем праект указа, які б павялічыў шэраг працоўных напрамкаў.

Некаторыя прадпрыемствы ахвотна бяруць студатрадаўцаў, бо гэта дазваляе запоўніць сезонныя вакансіі і адпусціць у адпачынак пастаянных работнікаў. Аднак многія адмаўляюцца ад дапамогі маладзёжных брыгад, баючыся павышанай адказнасці. Каб заахвоціць наймальнікаў да супрацоўніцтва, плануюць перагледзець заканадаўства і тым арганізацыям, якія прымаюць моладзь, зменшыць узносы ў ФСАН. Напрыклад, дазволіць замест 35 працэнтаў ад сумы, налічанай студатрадаўцу за працу, выплачваць толькі 6 працэнтаў на сацыяльнае страхаванне. Гэта не значыць, што прадпрыемствам дадуць нажывацца на студэнтах і сэканомленыя такім чынам грошы класці сабе ў кішэню. Частка вызваленых сродкаў будзе ісці на развіццё атрадаўскага руху. Як дадатковы нематэрыяльны стымул плануюць заснаваць сцяг найлепшай арганізацыі, якая прымае маладзёжныя дружыны.

Паступова развіваецца і студатарадаўская мода. Распрацоўваюць дызайн значкоў, куртак. Байцоўкі ўдзельнікаў розных профіляў не будуць выглядаць аднолькава. Для маладых будаўнікоў падабралі цёмна-сіні колер, для памочнікаў па сельскай гаспадарцы — балотны. Педагогаў апрануць у светлыя курткі. Байцоўка будзе даступна кожнаму: яе кошт — 200 тысяч рублёў.

У год 70-годдзя Перамогі БРСМ праводзіць рэспубліканскую працоўную акцыю «Маладосць. Традыцыі. Будучыня». Плануецца зарабіць каля 200 мільёнаў і накіраваць гэтыя грошы на рэстаўрацыю мемарыяльных комплексаў і месцаў воінскай славы Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. У спісе аб'ектаў — мемарыял «Прарыў» (Ушацкі раён), помнік героям Дняпроўскай бітвы ў гарадскім пасёлку Лоеў, сквер імя Марата Казея ў Мінску.

— Студэнты могуць выязджаць на гэтыя месцы і бясплатна там працаваць ці пералічыць на рэканструкцыю частку заробленых грошай, — кажа Сяргей Міхайлавіч. — І моладзь гатова ўкладвацца, бо разумее, што памяць трэба захоўваць.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Каб заахвоціць наймальнікаў да супрацоўніцтва, плануюць перагледзець заканадаўства і тым арганізацыям, якія прымаюць моладзь, зменшыць узносы ў ФСАН. Напрыклад, дазволіць замест 35 працэнтаў ад сумы, налічанай студатрадаўцу за працу, выплачваць толькі 6 працэнтаў на сацыяльнае страхаванне.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».