Вы тут

Ці спатрэбіцца дадатковы набор на бюджэтныя месцы?


Папярэднімі вынікамі прыёмнай кампаніі ў ВНУ міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў застаўся задаволены. Для таго, каб марыць пра студэнцкі білет, на многіх спецыяльнасцях абітурыенты павінны былі набраць у суме не менш як 300 балаў. З вельмі высокімі баламі прыйшлі абітурыенты ў БДУ, БДУІР, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Акадэмію МУС і ў медыцынскія ўніверсітэты.

21-60

21-60

 

Па словах Міхаіла Жураўкова, ёсць ВНУ, дзе па выніках падачы заяў пакуль што назіраецца невялікі недабор — ад аднаго да трох бюджэтных месцаў. Правядзенне дадатковага набору можа спатрэбіцца Віцебскаму дзяржаўнаму тэхналагічнаму ўніверсітэту, Гомельскаму дзяржаўнаму тэхнічнаму ўніверсітэту імя П.В. Сухога, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Магілёўскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя А.А. Куляшова і некалькім іншым ВНУ. Пра сваё рашэнне праводзіць дадатковы набор кіраўнцтва ВНУ паведаміць праз афіцыйны сайт установы адукацыі і прыёмную камісію.

Кіраўнік ведамства адзначыў, што па выніках прыёмнай кампаніі будуць зроблены высновы па выкладанні профільных дысцыплін у школах, у першую чаргу гэта тычыцца ўзроўню выкладання. «У цэлым, калі прааналізаваць нават папярэднія вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, то ў Беларусі назіраецца станоўчая дынаміка — дзеці сталі больш адказна ставіцца да паступлення. Для якаснай працы ў будучыні ўжо прайшла нарада па далейшай мадэрнізацыі цэнтралізаванага тэсціравання і выпускных выпрабаванняў», — паведаміў ён.

У гэтым годзе абітурыенты актыўна нясуць дакументы і на бюджэтную скарочаную форму навучання. Сістэма бесперапыннай адукацыі становіцца ўсё больш запатрабаванай: моладзь больш усвядомлена ідзе ў каледжы і ліцэі, пасля завяршэння якіх паступае на скарочаную форму навучання ў ВНУ.

Асабліва Міхаіл Жураўкоў адзначыў правядзенне ўступнай кампаніі ў ССНУ і ПТВ: «Вельмі прыемна, што палепшылася сітуацыя з паступленнем у каледжы і прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы. Плануем і далей актыўна рэкламаваць сістэму ранняй прафілізацыі ў напрамку інжынерных спецыяльнасцяў. Распавядаць дзецям пра перавагі бесперапыннага навучання — праз прафесійны ліцэй і каледж да вышэйшай адукацыі».

Нагадаем, што цяпер яшчэ адкрыты прыём дакументаў для грамадзян Украіны — жыхароў Луганскай і Данецкай абласцей, якія хочуць атрымаць адукацыю ва ўстановах адукацыі Беларусі.

Канчатковыя вынікі ўступнай кампаніі будуць падведзены пасля яе завяршэння — не раней за сярэдзіну жніўня.

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaiva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?