Вы тут

Галоўны целаахоўнік Мікалай Уласік


 

За тры месяцы да смерцi Сталiн рэпрэсаваў начальнiка сваёй аховы генералаУласiка. 

Наш зямляк адслужыў яму верай i праўдай чвэрць стагоддзя

Сямнаццатага студзеня 1955 года Ваенная калег Вярхоўнага Суда СССР пад старшынствам палкоўнiка юстыцыi Барысаглебскага разгледзела крымiнальную справу па абвiнавачваннi былога начальнiка Галоўнага ўпраўлення аховыМiстэрства дзяржаўнай бяспекi СССР генерал-лейтэнанта Уласiка Мiкалая Сiдаравiча i прызнала яго вiнаватым у здзяйсненнi злачынства, прадугледжанага арт. 193-17, п. «б» КК РСФСР (злоўжыванне службовым становiшчам пры асаблiва абцяжваючыхабставiнах).

22-1

22-1

 

Паводле прысуду, Уласiк М.С. быў падвергнуты высылцы «ў аддаленую мясцовасць СССР» тэрмiнам на пяць гадоў, пазбаўлены воiнскага звання «генерал-лейтэнант», чатырох медалёў, двух ганаровых знакаў «ВЧК-ГПУ», а пазней пазбаўлены i iншых узнагарод: трох ордэнаў Ленiна, чатырох — Чырвонага Сцяга, ордэнаў Чырвонай Зоркi, Кутузава I ступенi i медаля «ХХ гадоў РСЧА». Была таксама «канфiскавана i вернута ў даход дзяржавы маёмасць, набытая злачынным шляхам».

28 чэрвеня 2000 года пастановай Прэзiдыума Вярхоўнага Суда РФ прысуд гэты быў адменены i крымiнальная справа ў дачыненнi да Уласiка спынена — за адсутнасцю складу злачынства...

Бiяграфiя Мiкалая Сiдаравiча Уласiка, начальнiка аховы I.В. Сталiна ў перыяд з 1927-га па 1952-гi год, сапраўды цiкавая, незвычайная i багата насычана падзеямi. Нарадзiўся ён 22 мая 1896 года ў Заходняй Беларусi, у вёсцы Бабiнiчы Слонiмскага павета Гродзенскай губернi ў беднай сялянскай сям'i. Гэтае ўдакладненне — «у беднай сялянскай сям'i», гэтак жа як i «ў сям'i рабочага», «у сям'i парабка» — у першыя гады савецкай улады было як бы стартам для кар'еры. Шмат хто карыстаўся гэтым як «прыкрыццём» сваёй непралетарскай бiяграфii. Уласiк у анкетах пiсаў шчырую праўду.

У тры гады ён застаўся без бацькоў: спачатку памерла мацi, а потым i бацька. Скончыў тры класы сельскай царкоўна-прыходскай школы. Якраз iшла «вайна з японцам», большасць мужыкоў з вёскi забралi ў войска, рабiць не было каму, таму i навуку давялося кiнуць. За кавалак хлеба пасвiў суседскую скацiну: гусей, авечак, кароў. З 13 гадоў пайшоў працаваць: чорнарабочым на будоўлi, мулярам, грузчыкам на папяровай фабрыцы. У пачатку 1915 года быў прызваны на ваенную службу — iшла Першая сусветная вайна. Ужо ў першых сутычках з германцам Мiкалай быў адзначаны камандзiрамi, за адвагу ў баi ўзнагароджаны Георгiеўскiм крыжам. У 1916-м быў паранены, пасля шпiталя атрымаў чын унтэр-афiцэра i быў прызначаны камандзiрам узвода 25-га пяхотнага палка ў Маскве.

У першыя днi рэвалюцыi разам са сваiм узводам перайшоў на бок савецкай улады, стаў членам палкавога камiтэта. У 1918-м у баях на Паўднёвым фронце, пад Царыцынам, Уласiк быў цяжка паранены. Трэба адзначыць, што абарона Царыцына адыграла асаблiвую ролю не толькi ў бурнай гiсторыi 1918 года, Грамадзянскай вайны ў цэлым, але i ў разуменнi многiх i многiх падзей, якiя адбудуцца пазней. Сюды рвалiся добра аснашчаныя войскi Краснова i Дзянiкiна. Супраць iх вялi барацьбу асобныя раз'яднаныя атрады чырвоных, якiя не мелi нi дастатковай баявой вывучкi, нi нармальнага забеспячэння, нi цвёрдага камандавання. Тым часам па распараджэнні Саўнаркама РСФСР з Масквы ў якасцi надзвычайнага ўпаўнаважанага УЦВК па нарыхтоўцы i вывазе хлеба з Паўночнага Каўказа ў прамысловыя цэнтры ў Царыцын з асаблiвымi паўнамоцтвамi быў накiраваны Сталiн. Адным толькi хлебам займацца ён не пажадаў. Прыбыўшы 6 чэрвеня ў Царыцын, Сталiн стаў умешвацца ў пытаннi кiравання, у тым лiку вайсковыя. Памiж iм i камандаваннем Паўночна-Каўказскай ваеннай акругi адразу ж успыхнуў адкрыты канфлiкт, збольшага з-за агульнага негатыўнага стаўлення Сталiна да ваенспяцоў, а збольшага з-за таго, што Сталiн лiчыў iх стаўленiкамi Троцкага. Тут яму спатрэбiлiся саюзнiкi. У нейкi момант шляхi адважнага чырвонаармейскага камандзiра Уласiка i Сталiна перасяклiся. Яны зразумелi адзiн аднаго...

Уласiка пасля шпiталя накiроўваюць у Асаблiвы аддзел ВЧК — да Дзяржынскага, адтуль — у Аператыўны аддзел АДПУ. Службовую стараннасць маладога камандзiра i тут заўважылi. I ў 1927-м даручылi ўзначалiць спецахову Асаблiвага аддзела ВЧК, Крамля, членаў урада i асабiстую ахову Сталiна. Але займацца яму прыйшлося не толькi аховай: на Уласiка была ўскладзена адказнасць i за медыцынскае абслугоўванне кiраўнiцтва краiны, матэрыяльнае забеспячэнне iх кватэрнай i дачнай гаспадаркi, забеспячэнне прадуктамi i спецпайкамi, будаўнiцтва i рамонт службовых памяшканняў ЦК i Крамля, арганiзацыю адпачынку Сталiна, яго сваякоў i дзяцей на загарадных дачах i на поўднi. I нават кантраляваць вучобу i паводзiны дзяцей Сталiна, якiя ў 1932 годзе засталiся без мацi. У асабiстым фондзе Сталiна дагэтуль захоўваюцца дакументы, з якiх вiдаць, што Уласiк праз прызначаных iм супрацоўнiкаў сачыў за дзецьмi Сталiна, праяўляючы, прама скажам, мацярынскi «клопат».

Святлана Iосiфаўна Алiлуева ва ўспамiнах «Дваццаць лiстоў да сябра» пiсала:

«Ён узначальваў усю ахову бацькi, лiчыў сябе цi не самым блiзкiм чалавекам да яго, i, з'яўляючыся неверагодна непiсьменным, грубым, дурным, але вяльможным, дайшоў у апошнiя гады да таго, што дыктаваў некаторым дзеячам мастацтва «густы таварыша Сталiна», — меркаваў, што толькi ён iх добра ведае i разумее. А дзеячы гэтыя слухалi i выконвалi яго парады. I нiводзiн святочны канцэрт у Вялiкiм тэатры, або ў Георгiеўскай зале на банкетах, не складаўся без санкцыi Уласiка... Нахабству яго не было мяжы, i ён «добразычлiва» перадаваў дзеячам мастацтва — спадабалася «самому» цi не — няхай гэта будзе фiльм, або опера, або нават сiлуэт вышыннага дома, якiя тады масава пачалi ўзводзiцца ў Маскве. Не варта было б згадваць яго зусiм, — ён шмат каму сапсаваў жыццё, але ўжо да таго была каларытная фiгура, што нiяк мiма яго не пройдзеш. У нашым доме Уласiк быў роўны амаль што самому бацьку, але бацька быў высока i далёка, а Уласiк дадзенай яму ўладай мог усё, што заўгодна...».

Але i клопат пра дзяцей правадыра быў далёка не ўсiм. Арганiзацыя дэманстрацый i парадаў, падрыхтоўка Краснай плошчы, залаў, тэатраў, стадыёнаў, аэрадромаў для розных прапагандысцкiх акцый, перамяшчэнне членаў урада i Сталiна па краiне на розным транспарце, сустрэчы, провады замежных гасцей, iх ахова i забеспячэнне.

[caption id="attachment_92771" align="alignnone" width="600"]У працоўным кабінеце. 1940

У працоўным кабінеце. 1940

 У працоўным кабінеце. 1940[/caption]

 

Але галоўнае — бяспека правадыра, падазронасць якога, як вядома, перавышала ўсе разумныя межы. За кемлiвасць Сталiн не раз хвалiў Уласiка i шчодра абсыпаў яго ўзнагародамi. Менавiта Уласiк прыдумаў такi спосаб аховы, як кавалькада з дзесяцi-пятнаццацi абсалютна аднолькавых зiсаўскiх машын, у адной з якiх сядзеў I.В., а ў астатнiх — «асобы, падобныя на яго». У рэдкiя авiярэйсы ён рыхтаваў не адзiн самалёт, а некалькi, i ў якiм з iх ляцець, вызначаў сам Сталiн у самы апошнi момант. Гэта — таксама ахова. Праверка на наяўнасць ядаў ў ежы i наогул кантроль за харчаваннем Сталiна — гэта, праўда, для Уласiка было нескладанай справай — працавалi спецлабараторыi. Карацей, спраў у начальнiка аховы хапала, i за ўсе гады нiякiх непрыемнасцяў правадыр не меў, хоць вакол яго надзвычайныя здарэннi адбывалiся. I нярэдка: «блокi», «цэнтры», загадкавая смерць Мянжынскага, Куйбышава, Горкага i яго сына Максiма, спроба атручэння парамi ртуцi Яжова, забойства Кiрава, Арджанiкiдзэ, гiбель Чкалава... Гэта сёння мы больш-менш ведаем, што i як там адбывалася на самай справе. А тады ўся краiна жыла ў страху.

Такiм чынам да лета 1941-га Уласiк ужо меў генеральскi чын. Падчас вайны клопатаў дадалося, адпаведна i штат разросся — да некалькiх дзясяткаў тысяч чалавек. Уласiку была даручана эвакуацыя ўрада, членаў дыпкорпуса i наркаматаў. Галоўнае ўпраўленне аховы падбiрала ў Куйбышаве працоўныя памяшканнi i кватэры для эвакуяванага кiраўнiцтва, забяспечвала транспартам, сувяззю, наладжвала забеспячэнне. За эвакуацыю цела Ленiна ў Цюмень i яго ахову таксама адказваў Уласiк. А ў Маскве ён са сваiм апаратам клапацiўся аб бяспецы на парадзе 7 лiстапада 1941 года, на ўрачыстым сходзе, якi правялi на станцыi метро «Маяковская» напярэдаднi.

Карацей, службу яго «мёдам» не назавеш. А тут яшчэ i «дробныя» пытаннi.

Сакрэтна

Нам. начальнiка 1-га аддзела НКУС СССР камiсару дзяржбяспекi 3 ранга

т. Уласiку М.С.

Заключэнне аб стане здароўя палкоўнiка СТАЛIНА Васiля Iосiфавiча

т. СТАЛIН В.I. дастаўлены ў крамлёўскую бальнiцу 4/IV-43 г. у 11 гадзiн па прычыне раненняў асколкамi снарада. Раненне левай шчакi з наяўнасцю ў ёй дробнага металiчнага асколка i раненне левай ступнi з пашкоджаннем костак яе i наяўнасцю буйнога металiчнага асколка. У 14 гадзiн 4/IV-43 г. пад агульным наркозам праф. А.Д. Ачкiным праведзена аперацыя сячэння пашкоджаных тканак i выдалення асколкаў. Раненне ступнi адносiцца да разраду сур'ёзных. У сувязi з забруджваннем ран уведзены супрацьслупняковая i супрацьгангрэнозная сывараткi. Агульны стан параненага цалкам здавальняючы.

Начальнiк Лечсанупра Крамля (Бусалаў)

Перш чым дакладваць бацьку пра сына, Мiкалай Сiдаравiч прымусiў камандаванне ВПС прадставiць данясенне пра абставiны ранення Васiля Сталiна. Доўга чакаць гэтага не давялося.

Сакрэтна

Экз. №1

Данясенне аб надзвычайным здарэннi ў 32-м гвардзейскiм ЗАП (знiшчальна-авiяцыйны полк. — Рэд.)

Здарэнне адбылося пры наступных абставiнах: 4 красавiка 1943 г. ранiцай група лётнага саставу, якая складалася з камандзiра палка палкоўнiка Сталiна В.I., Герояў Савецкага Саюза падпалкоўнiка Уласава Н.I., капiтана Баклан А.Я., капiтана Котава А.Г., капiтана Гаранiна У.I., капiтана Папкова У.I., капiтана Далгушына С.Ф., камандзiра звяна старшага лейтэнанта Шышкiна А.П. i iншых, а таксама iнжынера па ўзбраеннi палка капiтана Разiна Я.I., выехала на раку Селiжараўка, якая знаходзiцца за 1,5 км ад аэрадрома, па рыбу. Кiдаючы ў ваду гранаты i рэактыўныя снарады, глушылi рыбу, збiраючы яе з берага сачком. Перад кiданнем рэактыўнага снарада iнжынер палка капiтан Разiн папярэдне ставiў кольца дэтанатара на максiмальнае запаволенне (22 секунды), а затым кiдаў снарад у ваду. Так iм асабiста былi кiнуты 3 рэактыўныя снарады. Рыхтуючыся да кiдка апошняга рэактыўнага снарада, iнжынер-капiтан Разiн дапусцiў памылку, i iмгненна адбыўся выбух снарада ў руках, у вынiку чаго адзiн чалавек — капiтан Разiн — забiты, палкоўнiк Сталiн В.I. i капiтан Котаў А.Г. цяжка паранены.

З гэтым данясеннем верны Мiкалай Сiдаравiч пайшоў да правадыра, i той тут жа адказаў загадам:

Камандуючаму ВПС Чырвонай Армii

Маршалу авiяцыi тав. Новiкаву

ЗАГАДВАЮ:

1) Неадкладна зняць з пасады камандзiра авiяцыйнага палка палкоўнiка СТАЛIНА В.I. i не даваць яму якiх-небудзь камандных пастоў надалей да майго распараджэння.

2) Палку i былому камандзiру палка палкоўнiку Сталiну абвясцiць, што палкоўнiк Сталiн здымаецца з пасады камандзiра палка за п'янства i разгул i за тое, што ён псуе i разбэшчвае полк.

3) Выкананне данесцi.

Народны камiсар абароны I. Сталiн

26 мая 1943 года

Але былi справы i больш сур'ёзныя.

Перш за ўсё — тры канферэнцыi кiраўнiкоў дзяржаў i ўрадаў краiн антыгiтлераўскай каалiцыi: Тэгеран (28.XI — 1.XII. 1943), Ялта (4-11.II.1945) i Патсдам (17.VII — 2.VIII.1945). I заўсёды Уласiк быў побач са Сталiным — маскiраваўся пад фотакарэспандэнта. За паспяховае правядзенне канферэнцыi ў Тэгеране Уласiк быў узнагароджаны ордэнам Ленiна, за Крымскую канферэнцыю — ордэнам Кутузава I ступенi, за Патсдамскую — ордэнам Ленiна.

[caption id="attachment_92778" align="alignnone" width="600"]Ялта. 1945

Ялта. 1945

 Ялта. 1945[/caption]

 

Асаблiва небяспечна было ў 1943-м у Тэгеране. Кажуць, прэм'ер-мiнiстр Вялiкабрытанii Чэрчыль быў у лютасцi i заявiў, што прэзiдэнт Рузвельт, «прыбыўшы з-за акiяна, страцiў галаву», трапiў пад поўны ўплыў Сталiна. Ён звярнуў увагу на тое, што ў ходзе ўсёй канферэнцыi прэзiдэнт ЗША пражываў разам са Сталiнам у савецкiм пасольстве i таму, маўляў, савецкаму кiраўнiку было лёгка апрацаваць прэзiдэнта Злучаных Штатаў у сваiм духу. Калi ж амерыканскiя журналiсты спыталi Рузвельта аб прычынах яго пражывання ў рускiх, то прэзiдэнт бясхiтрасна сказаў наступнае:

«Маршал Сталiн паведамiў, што, магчыма, будзе арганiзаваная змова з мэтай замаху на жыццё ўдзельнiкаў канферэнцыi: у Тэгеране — сотнi германскiх шпiёнаў i дыверсантаў. Ён прасiў мяне спынiцца ў савецкiм пасольстве, якое лепш умацавана i абаронена».

Такiм чынам, звесткі аб меркаваным замаху на «вялiкую тройку» вымусiлi Рузвельта ў ходзе канферэнцыi пасялiцца на тэрыторыi савецкага пасольства. Пасля чаго Сталiн атрымаў магчымасць весцi размовы з прэзiдэнтам ЗША сам-насам, без прысутнасцi Чэрчыля. Зразумела, што тым самым кiраўнiк савецкай дзяржавы атрымаў дадатковыя козыры ў сваёй няпростай палiтычнай гульнi... У гэтай гiсторыi шмат няяснага. I галоўнае пытанне — цi была на самай справе пагроза такога нямецкага замаху — застаецца i сёння без дакладнага адказу.

Тая гiсторыя ўжо даўно абрасла мноствам прыгожых легендаў. Лiчыцца, што падчас Тэгеранскай канферэнцыi фашысцкая разведка рыхтавала звышсакрэтную аперацыю пад назвай «Доўгi скачок». Яе мэтай было забойства Сталiна, Рузвельта i Чэрчыля. Аднак савецкiм чэкiстам удалося прадухiлiць гэтую акцыю. У 70-я гады аб гэтай iнтрыгуючай гiсторыi быў нават зняты прыгоднiцкi фiльм «Тэгеран-43». Пасля выхаду фiльма савецкая прапаганда пастаралася падмацаваць яго дакументальнымi сведчаннямi. У прыватнасцi, гаварылася, што пра злавесныя намеры гiтлераўцаў выпадкова даведаўся знакамiты савецкi разведчык Мiкалай Кузняцоў, якi дзейнiчаў на тэрыторыi акупаванай Украiны пад iмем обер-лейтэнанта вермахта Паўля Зiберта.

Нiбыта Кузняцову ўдалося пасябраваць са штурмбанфюрэрам СС Ульрыхам фон Ортэлем, супрацоўнiкам германскай разведкi. I той аднойчы па «п'янай лавачцы» прагаварыўся аб тым, што хутка ён адправiцца ў Iран з сакрэтнай мiсiяй, каб знiшчыць лiдараў краiн антыгiтлераўскай каалiцыi. Ортэль так i сказаў Кузняцову: «Мы лiквiдуем «вялiкую тройку» i павернем ход вайны». Паводле яго слоў, аперацыяй будзе кiраваць не хто-небудзь, а ўлюбёнец Гiтлера, штандартэнфюрэр СС Ота Скарцэнi, якi не так даўно са сваiмi дыверсантамi здолеў скрасцi ў саюзнiкаў узятага ў палон iтальянскага дыктатара Бенiта Мусалiнi.

Iнфармацыя была тэрмiнова перададзена ў Маскву, там прынялi ўсе неабходныя меры, i фашысцкiх шпiёнаў ў Тэгеране хутка абясшкодзiлi. «Вялiкая тройка» была выратавана...

Аднак вось што бянтэжыць ва ўсёй гэтай эпапеi. Няма нiводнага дакументальнага пацвярджэння аперацыi «Доўгi скачок». Яе дэталi чамусьцi да гэтага часу не дала ніводная са спецслужбаў, якiя, па iдэi, павiнны быць датычнымi да гэтых падзей — нi Служба знешняй разведкi, нi Галоўнае разведвальнае ўпраўленне Генеральнага штаба, нi якая-небудзь iншая служба бяспекi. Можа, на аперацыю да гэтага часу накладзены грыф сакрэтнасцi?

Але як бы там ні было, Мiкалай Сiдаравiч Уласiк са сваiмi падначаленымi не тое што нямецкiх шпiёнаў не дапусцiў на ахоўную тэрыторыю — муха лiшняя не праляцела.

Скончылася вайна. Служба працягвалася. Рашэннем ЦК у 1947 годзе былi выдзелены сродкi на будаўнiцтва i рэканструкцыю дзяржаўных дач у Крыме, Сочы, Гаграх, Сухумi, Цхалтуба, Баржомi, на возеры Рыца i ў Падмаскоўi. I зноў усё гэта даручылi М.С. Уласiку. Заўважым: чалавеку з трохкласнай адукацыяй. Але Галоўнае ўпраўленне мела сваiх фiнансiстаў, бухгалтароў, будаўнiчых спецыялiстаў. Так што сам Уласiк з яго трыма класамi i не спрабаваў ва ўсiм гэтым разбiрацца. Ды i не тут чакала яго бяда. Як вядома, падпарадкоўваўся ён кiраўнiцтву НКДБ (затым — МДБ), а значыць, сумна вядомым Берыi, Мяркулову, Кабулаву, Цанаве, Сярову, Гаглiдзэ.

Але Уласiк быў блiжэй, чым кожны з iх, да Сталiна, i правадыр часам раiўся з iм, у тым лiку i па справах Мiнiстэрства дзяржбяспекi. Пра гэта было вядома ў асяроддзi Берыi. I не магло не выклiкаць раздражнення, тым больш што Уласiк часцяком негатыўна адзываўся пра сваiх начальнiкаў. У 1948 годзе быў арыштаваны камендант «Блiжняй дачы» Федасееў. Следства вялося пад кiраўнiцтвам Сярова. Пад катаваннямi Федасееў даў паказаннi пра тое, што Уласiк хацеў атруцiць Сталiна.

Потым паўстала «справа ўрачоў». З'явiлiся паказаннi пра тое, што разам з урачамi Уласiк зноў жа выношваў забойства Сталiна. У маi 1952-га нечакана пачалася глыбокая праверка фiнансава-гаспадарчай дзейнасцi ўпраўлення аховы. У камiсiю, акрамя спецыялiстаў, увайшлi Берыя, Булганiн, Паскробышаў. Усё выпiтае, з'едзенае i растранжыранае «павесiлi» на Уласiка i яго намеснiка Лынько. Далажылi Сталiну. Лынько арыштавалi, а Уласiка адправiлi на Урал, у горад Азбест, на пасаду намеснiка начальнiка Бажэнаўскага папраўча-працоўнага лагера МУС СССР.

Пазней генерал успамiнаў у сваiх дзённiках, што «папахi паляцелi» з галоў вельмi многiх яго падначаленых. На працягу паўгода — да снежня 1952-га — ён працаваў у Азбесце i «бамбаваў» Сталiна лiстамi, у якiх кляўся ў сваёй невiнаватасцi i адданасцi. А 16 снежня яго выклiкалi ў Маскву i арыштавалi па «справе ўрачоў», абвiнавацiўшы ў тым, што пакрываў «варожыя дзеяннi» прафесараў Ягорава, Ваўсi i Вiнаградава. Як вядома, «справа ўрачоў» была спынена пасля смерцi Сталiна i арыштаваныя выпушчаныя на свабоду — усе, акрамя Уласiка.

Больш за сто разоў яго дапытвалi за час следства. Яго абвiнавачвалi ў шпiянажы i падрыхтоўцы тэрактаў, антысавецкай агiтацыi i разбэшчаных паводзiнах у быце. Прычым па кожным з абвiнавачванняў яму пагражаў немалы тэрмiн. «Прэсавалi»

56-гадовага Мiкалая Сiдаравiча ў Лефортаве з веданнем справы — трымалi ў кайданках, у камеры круглыя суткi гарэла яркая лямпачка, спаць не давалi, выклiкаючы на допыты сярод ночы, ды яшчэ за сцяной пастаянна круцiлi пласцiнку з дзiцячым плачам. Ладзiлi нават iмiтацыю расстрэлу (пра гэта Уласiк пiша ў сваiм дзённiку). Але трымаўся ён малайцом, не трацiў пачуцця гумару. Ва ўсякiм выпадку, у адным з пратаколаў ён дае такiя «прызнальныя» паказаннi: «Я сапраўды жыў сумесна з многiмi жанчынамi, распiваў спiртное з iмi, але ўсё гэта адбывалася за кошт майго асабiстага здароўя i ў вольны ад службы час».

Яго працягваюць трымаць у Лефортаве. I ўжо ставяць у вiну сувязь з мастаком-канструктывiстам Стэнбергам, якi нiбыта займаўся шпiянажам, афармляючы святочныя плакаты на Краснай плошчы...

Карацей, i пры Сярове Мiкалая Сiдаравiча Уласiка трымалi пад замком. Цягалi праз дзень, i ў асноўным па начах, на допыты. Контррэвалюцыйныя, г. зн. палiтычныя, злачынствы адпалi самi сабой, крадзяжы «з панскага стала» — таксама. Адпаў i такi эпiзод. Пасля Патсдамскай канферэнцыi ў 1945 годзе Уласiк сярод iншага трафейнага барахла, выдадзенага яму ў падарунак ад Чырвонай Армii, вывез з Германii ў эшалоне НКВД каня, дзвюх кароў i аднаго быка. I даставiў усю гэтую жыўнасць у Беларусь сваёй сястры Вользе. Пасля яго арышту ў 1952 годзе сталi разбiрацца i з гэтым. Высветлiлi, што ў 1941-м яго родную вёску Бабiнiчы Баранавiцкай вобласцi захапiлi немцы. Дом, у якiм жыла сястра, спалiлi, палову жыхароў вёскi расстралялi, старэйшую дачку сястры сагналi на работы ў Нямеччыну (адтуль яна так i не вярнулася), карову i каня забралi. Вольга з мужам Пятром i дваімі дзецьмi сышла да партызанаў, а пасля, калi пагналi немцаў, вярнулася ў разрабаваную вёску. Вось Уласiк i даставiў з Германii сястры як бы частку яе ж дабра. Пра гэта даклалi Сталiну, i той, паглядзеўшы на першага намеснiка начальнiка Упраўлення па праверцы партыйных кадраў ЦК ВКП(б) Сямёна Iгнацьева, якi дакладваў яму, сказаў: «Ты што, ах..., цi што?!».

Пра гэта ўспамiнаў у канцы жыцця сам Уласiк. Ужо не ведаем, так было на самай справе цi не, але калi так, то трэба аддаць належнае правадыру: ён меў рацыю. Мiж iншым, Патсдам — гэта рэзiдэнцыя прускiх каралёў. Германii вельмi пашанцавала, што Уласiк, выязджаючы адтуль, задаволiў толькi сваю «жывёлагадоўчую» цiкавасць, а не захапiўся, скажам, працамi Рэмбранта.

З прысуду: «... Уласiк, з'яўляючыся начальнiкам Галоўнага ўпраўлення аховы МДБ СССР, карыстаючыся асаблiвым даверам Савецкага Урада i ЦК КПСС, злоўжываў аказаным яму даверам i сваiм высокiм службовым становiшчам...». I далей iдуць абвiнавачваннi:
«1. Маральна апусцiўся, сiстэматычна п'янстваваў, страцiў пачуццё палiтычнай пiльнасцi, праяўляў неразборлiвасць у бытавых сувязях. 2. П'янствуючы разам з нейкiм Стэнбергам, зблiзiўся з iм i выдаў яму i iншым асобам сакрэтныя звесткi. З кватэры Стэнберга вёў размовы па тэлефоне з кiраўнiком Савецкага Урада т. Сталiным, а таксама службовыя размовы са сваiмi падначаленымi. 3. Расшыфраваў перад Стэнбергам трох сакрэтных супрацоўнiкаў. 4. Маючы зносiны з асобамi, якiя «не выклiкаюць палiтычнага даверу», падтрымлiваў сувязь з замежнiкамi, Уласiк выдаваў iм пропускi на трыбуны Краснай плошчы. 5. Захоўваў у сваёй кватэры службовыя дакументы, у прыватнасцi, план Патсдама i нанесеную на яго сiстэму аховы ўсяго раёна Патсдамскай канферэнцыi (1945), а таксама дакладную запiску аб рабоце Сочынскага аддзела МУС у асаблiвы перыяд 1946 года, расклад руху урадавых цягнiкоў i iншыя дакументы».

На гэтым абвiнавачванне скончылася. А следства iшло два з гакам гады! А вось фрагмент крымiнальнай справы Уласiка, дакладней, з пратакола судовага пасяджэння ад 17 студзеня 1955 года:

«Пытанне суда: Што зблiжала вас i мастака Стэнберга? Уласiк: Вядома, зблiжэнне было на глебе сумесных выпiвак i знаёмстваў з жанчынамi.

Пытанне суда: Для гэтага ў яго была зручная кватэра? Уласiк: У яго я бываў вельмi рэдка.

Пытанне суда: Вы выдавалi пропускі на Красную плошчу нейкай Нiкалаевай, якая была звязана з замежнымi журналiстамi? Уласiк:Я толькi цяпер усвядомiў, што здзейснiў гэтым злачынства.

Пытанне суда: Сваёй сужыцельцы Грыдусавай i яе мужу Шрагеру вы давалi квiткi на трыбуны стадыёна «Дынама»? Уласiк: Даваў.

Пытанне суда: Вы захоўвалi ў сябе на кватэры сакрэтныя дакументы? Уласiк: Я збiраўся скласцi альбом, у якiм фотаздымкамi i дакументамi было б адлюстравана жыццё i дзейнасць тав. I.В. Сталiна.

Пытанне суда: Якiм шляхам вамi набыты радыёла i прыёмнiк? Уласiк: Iх мне даслаў у падарунак Васiль Сталiн. Але я iх затым аддаў на дачу «Блiжняя».

Пытанне суда: Што вы можаце сказаць пра чатырнаццаць фотаапаратаў i аб'ектывы да iх, якiя былi ў вас? Уласiк: Большасць з iх я атрымаў па сваёй службовай дзейнасцi. Адзiн цэйсаўскi апарат я купiў праз Знешгандаль, яшчэ адзiн апарат мне падарыў таварыш Сяроў...»

Цiкавая доказная частка прысуду. Яна проста ўнiкальная. «Вiнаватасць Уласiка ў здзяйсненнi названых злачынстваў даказаная паказаннямi дапытаных у судзе сведак, матэрыяламi папярэдняга следства, рэчавымi доказамi, а таксама частковым прызнаннем сваёй вiны Уласiка». I ўсё. Прысуд — дзесяць гадоў высылкi. Па амнiстыi ад 27 сакавiка 1953 года гэты тэрмiн скарочаны напалову — да пяцi гадоў. Пра гэта сказана тут жа, у прысудзе. А тое, што Уласiк два з лiшнiм гады адседзеў у Лефортаве? Гэта не лiчыцца? I калi гэта лiчыцца, то як? У прысудзе пра гэта — нi слова. Да 17 мая 1956 года ён чамусьцi знаходзiцца пад вартай, а гэта яшчэ год i чатыры месяцы. Праўда, ужо ў «аддаленай мясцовасцi СССР» — у Краснаярску. Адкуль у маi 1955-га адправiў лiст на iмя Старшынi Прэзiдыума Вярхоўнага Савета СССР К.Я. Варашылава:

«Кiраўнiк урада I.В. Сталiн, знаходзячыся на поўднi пасля вайны, у маёй прысутнасцi выказваў вялiкае абурэнне супраць Берыi, кажучы пра тое, што органы дзяржаўнай бяспекi не апраўдалi сваёй працай належнага забеспячэння. Сказаў, што даў указанне адхiлiць Берыю ад кiраўнiцтва МДБ. Пытаўся ў мяне, як працуюць Мяркулаў, Кабулаў, Гаглiдзэ. Я расказаў яму, што ведаў.

I вось я потым пераканаўся, што гэтая гутарка памiж мной i кiраўнiком урада стала iм дакладна вядомай. Я быў уражаны гэтым. Я зразумеў, што, акрамя смерцi, мне больш чакаць не было чаго, гэта значыць, я яшчэ раз пераканаўся, што яны падманулi кiраўнiка ўрада... Яны запатрабавалi паказанняў на шматгадовага памочнiка Сталiна Паскробышава. Я адмовiўся, заявiўшы, што ў мяне нiякiх дадзеных кампраментацыi на Паскробышава няма. За адмову ад паказанняў на Паскробышава мне сказалi — здохнеш у турме...».

Ёсць адзiн цiкавы момант, пра якi ведаў М.С. Уласiк i пра якi расказвала ў 1989 годзе ўнучка I.В. Сталiна Надзея:

«У 1952 годзе ў сувязi з арыштам М.С. Уласiка i А.М. Паскробышава ў нас была цалкам зменена абслуга, акрамя нянi Святланы Iосiфаўны. Так ужо атрымалася, што мая выхавальнiца перамясцiлася да ўнучкi Л.П. Берыi. Дык вось, пасля пры сустрэчы са мной яна расказвала, што ў доме ў Л.П. Берыi ведалi ўсе размовы майго дзеда, якiя ён вёў нават з кiм-небудзь сам-насам, на дачы цi ў Крамлi. А 28 лютага 1953 года яе выхавальнiца сказала, што I.В. Сталiн «здохне ў найблiжэйшыя днi», а Л.П. Берыя стане кiраўнiком савецкай дзяржавы замест яго»...

У парадку памiлавання (Указ Прэзiдыума Вярхоўнага Савета СССР 15 мая 1956 года падпiсаў Клiм Варашылаў) Уласiк вызвалены з-пад варты i ад далейшага адбыцця пакарання. Вярнуўшыся ў Маскву, ён просiцца на прыём да Генеральнага пракурора Рудэнкi — той яго не прыняў. Накiроўвае прашэнне аб рэабiлiтацыi ў Камiсiю партыйнага кантролю (КПК) М. Швернiку, потым А. Пельшэ — зноў адмова. Не дапамагла i падтрымка маршалаў Г. Жукава i А. Васiлеўскага. Яго кватэру на вулiцы Горкага (у доме, дзе зараз знаходзiцца Канцэртная зала iмя Чайкоўскага) ператварылi ў камуналку. Усю маёмасць вывезлi яшчэ ў ходзе следства.

18 чэрвеня 1967 года Мiкалай Сiдаравiч Уласiк памёр ад раку лёгкiх, так нiчога i не дабiўшыся. На паўторны зварот яго дачкi аб пасмяротнай рэабiлiтацыi бацькi ў 1985 годзе Галоўны ваенны пракурор А. Горны адказаў адмовай. Сёння справядлiвасць быццам бы адноўленая, але зноў праблемы. Дачцэ Уласiка Надзеi Мiкалаеўне каля года патокам iшлi званкi i лiсты-тлумачэннi з Камiсii па рэабiлiтацыi i з ФСБ аб тым, што яе бацька асуджаны не паводле арт. 58 КК РСФСР (дзяржаўнае злачынства), а па арт. 193-17 КК РСФСР (простае вайсковае злачынства), з прычыны гэтага ахвярай палiтычных рэпрэсiй М.С. Уласiк нiбыта не з'яўляецца, гэтак жа як i яго дачка не з'яўляецца пацярпелай.

Што сказаць на ўсё гэта? Артыкул трэцi Закона «Аб рэабiлiтацыi» ад 18 кастрычнiка 1991 года абвяшчае: «Падлягаюць рэабiлiтацыi асобы, якiя па палiтычных матывах былi: а) асуджаныя за дзяржаўныя i iншыя злачынствы». М.С. Уласiка асудзiлi за «iншыя» злачынствы. Па матывах палiтычных цi непалiтычных? Думаецца, двух думак тут быць не можа. Мiкалай Сiдаровiч Уласiк не расстрэльваў i не падпiсваў расстрэльных спiсаў, у «двойках», «тройках», «асаблiвых нарадах» не ўдзельнiчаў, служыў добрасумленна, як мог i ўмеў, пакуль не трапiў памiж молатам i кавадлам.

Яшчэ трэба дадаць у канцы, што незадоўга да смерцi Мiкалай Сiдаравiч перадаў свой фотаархiў у музей, i трэба прама сказаць, што, дзякуючы гэтаму мы сёння можам мець уяўленне пра многiя моманты, звязаныя з жыццём I.В. Сталiна, яго сям'i, блiзкага акружэння i наогул — аб тым складаным, з мноства «белых» i «чорных» плям, перыядзе ў нашай гiсторыi.

Анатоль СЛАНЕЎСКI

 slaneuski@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.