Вы тут

Дыета для сасудаў


Хворым на атэрасклероз рэкамендуецца звярнуць увагу на спецыяльную дыету, якая будзе спрыяць запавольванню развіцця захворвання сасудаў. Такую дыету называюць антысклератычнай або антыхалестэрынавай. Па сутнасці, падобны лад харчавання можна рэкамендаваць любому даросламу. Вядучы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія» Ігар КАЗЛОЎ нагадвае асноўныя прынцыпы такога харчавання.

23-31

1.

Выдаліць з рацыёну тлустае мяса, моцныя мясныя булёны, ікру, масляны крэм, здобу, салёныя і тлустыя закускі, какаву, шакалад, алкаголь.

2.

Абмежаваць смятану і вяршкі, грыбы, сметанковае масла, сала, мясныя паўфабрыкаты (каўбасу, сасіскі, пельмені, мясныя кансервы, паштэт). Выбіраць малочныя прадукты (малако, кефір, ёгурты, пудынгі, тварог) з нізкім працэнтам (1-2%) тлушчу або абястлушчаныя. Скараціць ужыванне тлустых гатункаў сыру — тлустасць павінна быць не большай за 30% у сухім рэчыве.

3.

Дазваляецца ўжываць нятлустае мяса, белае мяса птушкі без скуры, рыбу з высокай колькасцю амега-3 тлустых кіслот. Самыя каштоўныя крыніцы амега-3 — гэта тлустыя гатункі рыбы халодных водаў (траска, тунец, хек, сардзіна, сёмга, ледзяная, селядзец, салака, кілька). Ешце бабовыя, гарох на гарнір, а таксама арэхі, семкі паміж асноўнымі прыёмамі ежы.

4.

Варыце, тушыце або запякайце. Для гатавання бярыце алей, а жывёльныя тлушчы выкарыстоўвайце мінімальна. Маянэз трэба замяніць нятлустай смятанай, але і ёю злоўжываць нельга.

5.

Ешце больш свежай гародніны і садавіны, менш кансерваванага або таго, што прайшло кулінарную апрацоўку. Штодня імкніцеся есці нарэзаныя кавалачкамі свежыя плады, цэлыя ягады і вінаград. Не злоўжывайце сухафруктамі — курагой і разынкамі.

6.

Размеркаванне ежы цягам дня павінна быць раўнамерным (4-5 разоў на дзень). Апошні прыём ежы — не пазней за 2 гадзіны да сну. Дазваляецца ўжыванне не больш як 4-5 г солі (чайная лыжка) за дзень. Памятайце, што гатовыя прадукты з магазіна змяшчаюць вялікую колькасць солі, а таму прывыкайце не саліць кашы, супы, салаты. Колькасць вадкасці не павінна перавышаць 1,5 л у дзень.

Адной дыеты ў прафілактыцы і лячэнні атэрасклерозу, праўда, недастаткова. Буйныя поспехі ў гэтым кірунку звязаны, у першую чаргу, з прымяненнем чатырох класаў лекавых сродкаў, якія зніжаюць ліпіды, аказваюць антысклератычнае дзеянне.

Гэта такія прэпараты як:

• статыны,

• прэпараты нікацінавай кіслаты павольнага вызвалення,

• секвестранты жоўцевых кіслот,

• фібраты.

Самымі надзейнымі, эфектыўнымі, бяспечнымі, падыходзячымі для абсалютнай большасці хворых з атэрасклератычнымі захворваннямі, з'яўляюцца статыны. Яны прыгнятаюць выпрацоўку халестэрыну ў арганізме і зніжаюць адчувальнасць рэцэптараў да «дрэннага» халестэрыну. Адной-дзвюх таблетак у дзень такога прэпарату дастаткова, каб знізіць узровень «дрэннага» халестэрыну ў крыві да патрэбнага ўзроўню.

Устаноўлена, што праз два месяцы пасля пачатку лячэння статынамі паляпшаецца парушаная функцыя эндатэлію (унутранай высцілкі сасуда), што прыводзіць да нармалізацыі току крыві ў сасудзе, узмацнення кроватоку ў мышцы сэрца, прыгнечанню схільнасці да тромбаўтварэння, папярэджванню некаторых відаў парушэнняў рытму сэрца.

Медыкаментознае зніжэнне ўзроўню халестэрыну ажыццяўляецца толькі па прызначэнні ўрача і толькі пад урачэбным кантролем.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».