Вы тут

Паўгадзінная маўклівасць


Мы раствараемся разам з камерай.

Вечныя, як пошук сэнсу жыцця, пытанні — што такое мастацтва і навошта яно існуе; калі ў яго пераўвасабляецца кіно; што нам могуць даць насычаныя гукам і эмоцыямі кадры і што — маўклівыя... Цягучыя, мерныя, аскетычныя планы дакументаліста, што фіксуюць жыццё, як хроніка, і пакідаюць пытанні, як цікаўнае дзіця. У конкурсную праграму з адзінаццаці фільмаў французскага кінафестывалю Cіnema du Reel,
што прайшоў у сакавіку, быў уключаны дакументальны фільм Віктара Аслюка «Шчаслівыя людзі». У беларускі — не толькі геаграфічна — кінематограф рэжысёр уключаны трывала. Доўгімі назіраннямі, уважлівай камерай і яе поўным растварэннем у паветры. І нарэшце, эмпатыяй і рэфлексіяй — з чаго мастацтва і пачынаецца.

«Дзень пражылі» — слава Табе, Госпадзі. Вось і шчаслівыя, праўда? Паесці ёсць — і добра. Гэта ў горадзе, там усё вось гэта... імкнуцца там... «Глядзі, гэты дыван купіў, і мне патрэбен дыван. А глядзі, у яго сервіз добры, нямецкі, вось і мне трэба такі». А мне ж не трэба гнацца ні за кім. Я, дзякуй Богу, пражыў дзень — і добра. У труну ж не возьмеш усё гэта...»

Юрый і Тамара Байковы яшчэ ў 1989 годзе вырашылі стаць фермерамі, дзеля чаго прадалі кватэру ў Санкт-Пецярбургу і пераехалі на беларускую зямлю. У лесе, далёка ад сацыяльнага кантэксту (што з'яўляецца формаўтваральнай «фабрыкай» для ўсіх нас) яны здзейснілі сваю мару — непрыкметны будыначак для сябе і шматлікую жывёлу, што стала іх галоўным клопатам і асяроддзем. Калі гэтае пераключэнне рэжымаў жыцця адбылося, відаць нават па прыкладах — дыван і сервіз, абавязкова нямецкі. Адгукаецца сінусоіда савецкага часу — страх перад начным грукатам у дзверы, адліга пакорлівага існавання, перабудова свядомасці і вечнае прыстасоўванне да ўмоў жыцця — выкруціцца, знайсці выйсце чэргамі, фарцой, блатам. Развіццё ў герметычных умовах. Дыван на сцяне, нямецкі сервіз за шклом.

01-13

Прайшло дваццаць пяць гадоў — дываны перамясціліся на падлогу, сервізы на любы густ можна лёгка знайсці ў Піцеры, а для Юрыя і Тамары гэтыя атрыбуты дагэтуль як сведчанне дабрабыту і багацця, адсылкі да мінулага гарадскога жыцця, ад якога яны ўцяклі. Яны і лічаць да гэтых часоў у расійскіх рублях, і за надвор'ем у Піцеры сочаць.

Але гэта ўсё водгаласы. Немудрагелістая гаспадарка сёння нічым не нагадвае пра тое, што цывілізацыя побач. Адасобленасць, натуральнасць, прастата. І глядач цягнецца, крочыць за героямі, растае, як туманная дымка, разам з камерай і незнарок становіцца назіральнікам, незаўважным прывідам, тайным вокам. Нас, гледачоў, няма, камеры таксама, здымачнай групы не існуе. І гэта першы цуд, да якога мы спрычыняемся і які дазваляе нам бачыць гэтае жыццё такім, якое яно ёсць. І мы з радасцю бяром у гэтым удзел.

Юрый і Тамара трымаюць вялікую гаспадарку, кормяць жывёлу, кормяцца ад яе. А гэта вечны спіс працы — трэба жывёлу накарміць, сена нарыхтаваць, агарод выпалаць, кароў падаіць, выгнаць, дагледзець... бясконца. Назіраць за гэтым прыемна. Агульны план — Юрый косіць траву. Буйныя планы — твар, рукі, варушыцца трава. Ціша.

01-14

У фільме толькі гукі прыроды і рэдкія чалавечыя галасы тых, хто канчаткова пад гэты лад мімікрыраваў і арганічна ў яго ўпісаўся — тыя ж прастата і гармонія, ніхто нікому не перашкаджае. «Ох ты, морда», — раздаецца. Амаль поўная бязгучнасць, уласцівая ўвогуле творам Віктара Аслюка, важная для ўспрымання фільма, для растварэння гледача ў паветры, для нейкага магічнага пранікнення ў дзеянне. Глядзі, і валасы зварухнуцца ад ветру, як лісце на дрэвах у кадры.

Гэтая цішыня набывае і асаблівы сюжэтны сэнс, калі мець на ўвазе тыя водгаласы дываноў і сервізаў, а дакладней — мінулага, а важней — вялікага горада, у якім канцэнтруюцца шум і галасы людзей. Дзе збіраюцца спрэчкі аб палітыцы, навуковыя тэорыі, тэндэнцыі моды, напрамкі мастацтва, разнастайнасць праяў чалавечай натуры і чалавечых адносін. Супрацьпастаўленне. Паміж вобразамі жыцця — прорва.

Сувязь са знешнім светам зведзена да мінімуму. У доме, быццам наўмысна далёкім ад паняцця камфорту, дзе-нідзе трапляюцца элементы індустрыяльнага свету (і далей — урбанізацыі, цывілізацыі); звычайныя для нас, яны рэзка дысануюць тут. Знаёмы пачак гарбаты, вядомая назва кавы, радыёпрыёмнік, што прыносіць навіны з таго жыцця, складанага і скрозь быццам заганнага. Пра яго можна нават паразважаць, паглядзець з вышыні свайго аскетызму і блізкасці да прыроды, захаваць цвярозы розум у сваёй адасобленасці і заняцца надзённым — прыгатаваннем ежы. Чатырнаццаты год «той» свет прыносіць дрэнныя навіны, зусім побач нечаканая вайна, што разводзіць па розных берагах народы, сяброў, сваякоў. А тут — ціша і прырода.

А сувязь з натурай ужо неразрыўная, крэўная. Хоць і не здаецца абсалютам шчасця. Толькі аднойчы, у той жа самай цішыні, апынуўшыся ў маленькай хаце, мы становімся сведкамі выпадковай хвіліны адпачынку Тамары, прыпынку ў штодзённай мітусні па гаспадарцы. Уздых, роздум, позірк у адну кропку. Ці шкадуе яна ў гэты момант аб сваім колішнім рашэнні?

У рэдактарскай анатацыі гаворыцца, што героі быццам сутыкнуліся з беларускай рэчаіснасцю. Можна разгледзець гэта як намёк на тое, што мары Юрыя і Тамары не спраўдзіліся, але хочацца не звяртаць увагі на анатацыю. Бо фільм не пра рэальнасці геаграфіі, а рэальнасці агульначалавечага развіцця. Недзе маячыць урбанізм. Ён стаў сёння надзвычай папулярным у мастацтве. Новы «Квадрат Барэля» з адсылкай да Малевіча. Нафта, чыгунка, трубы, метал, электроніка, мегаполісы — свая эстэтыка. І столькі ж захаплення ў дачыненні да ўсяго названага, колькі тэорый аб разбуральнай чалавечай сіле, што выходзіць з-пад нашага кантролю.

Ад чаго ўцяклі героі? Ад незваротнага чалавечага ўплыву ў стасунках з прыродай? Ці ад атмасферы «саўка» з яго дыванамі на сценах? Ці ўвогуле ад жыцця ў соцыуме, які вымушае нас падладжвацца, мяняцца, прыстасоўвацца?

«Жыць дзеля чаго, дзеля гонкі гэтай?» — кажа галоўны герой, маючы на ўвазе тое, што называецца грамадствам спажывання.

...Юрый з Тамарай перапраўляюцца на лодцы, ідуць упрочкі. На беразе застаецца сабака. Без склеек, мантажу, адным планам пачынае ісці дождж, другі цуд гэтага фільма. Самы своечасовы, сімвалічны і прыгожы. Сабака пачынае нервавацца і непакоіцца за гаспадароў, вые, уважліва ўзіраецца ў кожны рух на тым баку рэчкі.

Непарыўная сувязь з прыродай. Не можа яна расчараваць, сутыкнуцца (з рэальнасцю), разбурыць мары. Таму што ў гэтым свая эстэтыка і свая праўда.

«Не ўтапіўся», — кажа Юрый, набраўшы вады ў палонцы. На такія простыя рэчы, як жыццё і яго каштоўнасць, напластавалася ўсё астатняе. Але гэта ў нашым свеце.

Навошта нам патрэбна мастацтва? Каб павольна пакрочыць за персанажамі, злавіць хвіліну цяжкага ўздыху ці радасці ад простых рэчаў, каб перанесці гэта на сваё жыццё. Якія напластаванні з яго варта прыбраць?

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.