Вы тут

Каму колас кланяецца?


Дзве маленькія дачкі Аляксандра Марфушкіна летам бацьку практычна не бачаць. 

З самай раніцы ён накіроўваецца на мехдвор, каб падрыхтаваць свой «КЗС-1218» да выхаду ў поле. Разам з памочнікам Анатолем Глазко правяраюць вялізную машыну і чакаюць, каб зерне было неабходнай ільготнасці. Пасля гэтага важна якасна і тэрмінова ўбіраць спелае збожжа. Дадому камбайнер трапіць толькі пасля дзевяці гадзін вечара.

[caption id="attachment_94366" align="alignnone" width="600"]Безимени-1 Камбайнер Аляксандр Марфушкін разам з памочнікам Анатолем Глазко.[/caption]

 

Між тым ужо цяпер такая амаль бесперапынная работа прыносіць плён. Саша і Анатоль — трэція сярод маладзёжных экіпажаў камбайнераў на Гомельшчыне. На гэты момант маладыя хлопцы намалацілі каля 700 тон збожжа на айчыннай тэхніцы.

Поле, на якім шосты сезон запар яны ўбіраюць хлеб, камбайнеры ведаюць не горш, чым сябе. Механізатары тут апрацоўвалі глебу, сеялі зерне і вось цяпер збіраюць ураджай. Дарэчы, з ім ААТ «Уцеўскае», што ў Добрушскім раёне, сёлета сапраўды пашанцавала. Гэта на поўдні Гомельшчыны ўсё пагарэла. З Добрушскага раёна надвор'е злітавалася, і дажджы аграрыям пасылаліся зверху амаль што па графіку.

Галоўны эканаміст гаспадаркі Галіна Грукала расказвае, што 97% ад усёй глебы, якая ёсць у гаспадарцы, сёння разарана. Збожжавымі засеяна 1300 гектары. І цяпер яны сабраныя больш як з паловы плошчаў. Намалочана ўжо 2880 тон збожжа. А наперадзе яшчэ палі з пшаніцай, трыцікале і ячменем, колас на якіх таксама хіліцца да зямлі.

— У канцы 80-х мы тут збіралі па 53 цэнтнеры з гектара, — успамінае Галіна Васільеўна. — А потым, у складаныя 90-я, было і па 17... Сёлета ўраджайнасць у нас — 41,3 ц/га. Гэта значна вышэй, чым сярэдняя па вобласці. Вядома, надвор'е дапамагло. Спякота нас абышла, нічога не засушыла. Але ж і мы імкнуліся выконваць усе неабходныя тэхналогіі апрацоўкі зямлі, каб атрымаць выдатны ўраджай. У нас усе сельскагаспадарчыя працэсы адпрацаваны і вытрыманы: уносім своечасова ўгнаенне па неабходнай норме, ідзе хімабарона палей, дапрацоўваецца насенне...

Да таго ж, адзначае Галіна Грукала, галоўнае — людзі не падводзяць. Працуюць вельмі адказна, і вакансій у гаспадарцы сёння няма. 32 механізатары валодаюць усёй тэхнікай, і ў залежнасці ад сезона працуюць ці то на трактары, ці то на сеялцы, ці то на камбайне... Зараз усе шэсць камбайнаў ААТ «Уцеўскае» выведзены ў поле. Ненадоўга затрымаць уборку ўраджаю можа цяпер толькі залішняя вільгаць.

Апоўдні — невялікі перапынак на абед. Смачную гарачую ежу камбайнерам у мікрааўтобусе прывезлі проста на поле. Гэтаму даўно ніхто не здзіўляецца. Такі клопат пра рабочых стаў традыцыяй у апошняе дзесяцігоддзе паўсюдна.

У гаспадарцы спадзяюцца, што атрымаецца перакрыць леташні свой вынік — намалаціць больш за 5300 тысяч тон збожжа. Высокай сцяной стаіць уздоўж дарог і кукуруза. Яе пасеяна 1100 гектараў. Сёлета культура таксама ўрадзіла і выклікае ў кіраўнікоў гаспадаркі сапраўдны гонар.

Між тым усяго па Беларусі ўжо намалочаны першы мільён тон збожжа. З іх 440 тысячы тон — аграрыямі паўднёвай Гомельскай вобласці, якая традыцыйна першай, разам з Брэстчынай пачынала жніво. У сярэднім у краіне з 1 гектара сёлета сельгасвытворцы збіраюць 31,4 цэнтнера збожжа, што на 7,9 цэнтнера менш, чым летась.

Ірына АСТАШКЕВІЧ. astashkevich@zviazda.by

Фота аўтара.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.