Вы тут

Аляксандр Рагачук: «Брэст напярэдадні свайго тысячагоддзя»


У гэтыя дні сёлетняя культурная сталіца — Брэст — адзначае Дзень горада. Яму цяпер амаль тысячагоддзе — 996 гадоў. Горад, дзе Мухавец упадае ў Заходні Буг. Горад, які першы на беларускай зямлі атрымаў магдэбургскае права. Горад, дзе кароль Ягайла і вялікі князь Вітаўт стварылі стратэгію перамогі над крыжакамі ў Грунвальдскай бітве (і перамаглі). Горад, дзе быў заключаны Брэст-Літоўскі мір, што вызначыў далейшае жыццё пасляваеннай Еўропы. Горад, вядомы гераічнай абаронай Брэсцкай крэпасці падчас Вялікай Айчыннай вайны, што назаўсёды засталася ўпісанай у гісторыю барацьбы з фашызмам. 

01-30

Брэст як горад, выбраны культурнай сталіцай 2015 года, адзначыць свой дзень нараджэння насычанай праграмай.

Святкаванне пачалося яшчэ ў чацвер, 30 ліпеня, у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы ХІІІ «Берасцейскім балам», у якім удзельнічалі беларускія і замежныя артысты. Учора адбыўся прома-канцэрт музычнага фестывалю «Горад святла». Мы запыталіся ў старшыні Брэсцкага гарвыканкама Аляксандра Рагачука пра галоўныя мерапрыемствы сёлетняга Дня горада.

— Урачыстая праграма сёння дасягне свайго апафеозу, свята акрыецца апоўдні каля манумента тысячагоддзю Брэста тэатралізаваным прадстаўленнем «Сэрцы, адданыя Брэсту» і канцэртнай праграмай творчых калектываў і артыстаў горада. Старт менавіта ад гэтага помніка сімвалічны, бо ён нагадвае гараджанам, што мы напярэдадні свайго тысячагадовага юбілею. Брэст — сведка амаль паловы нашай эры. Падчас свята адбудзецца ўрачыстая цырымонія гашэння канверта «Брэст — культурная сталіца Беларусі».

Ну а потым будуць: велапарад на шпільках, спаборніцтвы па айсштоку, настольным тэнісе, бадмінтоне, вялікім тэнісе, выстава і парад рэтра-аўтамабіляў, музычны фестываль «Горад святла», канцэрт рок-музыкантаў і вялікае святочнае шоу ўвечары ў спарткомплексе «Брэсцкі».

— Я шмат чула пра Савецкую вуліцу як сцэнічную пляцоўку.

— Тут адбудзецца фестываль вулічных тэатраў — мастацтва, якое сёння ўпэўнена развіваецца ў Беларусі. У самім Брэсце вулічны тэатр — не новая з'ява, а сёння ў форуме плануюць прыняць удзел дзевятнаццаць калектываў з сямі гарадоў. Падчас шпацыру па пешаходнай вуліцы можна будзе пабачыць унікальныя спектаклі. Кожны ахвотны, напрыклад, зможа пабыць акцёрам дзякуючы інтэрактыву ад мінскага тэатра, а самага таленавітага калектыў пакліча на сумесныя гастролі.

— Статус культурнай сталіцы неяк паўплываў на падыход да святкавання Дня горада?

— Паўплываў: мы значна пашырылі культурныя напрамкі святочнай праграмы, падрыхтавалі асобную праграму для моладзі, да таго ж колькасць мерапрыемстваў увогуле павялічылася ў параўнанні з мінулым годам амаль удвая. Сімвалічна, што дата свята прызначана пасля дня вызвалення горада падчас Вялікай Айчыннай вайны.

01-32

Здаецца, цэлы горад збіраецца ўдзельнічаць не проста ў святкаванні, але і ў творчых мерапрыемствах. Адбудуцца паказальныя выступленні спартыўных школ Брэста, архітэктары горада прапануюць выстаўку праектаў-прапаноў, школьныя музеі пакажуць свае экспазіцыі.

Соф'я Кісялёва

Што для вас значыць Брэст?

Галоўны спецыяліст ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага гарвыканкама Ала КОНДАК:

— Брэст для мяне — гэта самы прыгожы, самы ўтульны і прыемны горад. Сама я прыехала сюды з Гомеля па накіраванні пасля таго, як скончыла інстытут. Цяпер параўноўваю той горад, які быў 30 гадоў таму, з тым, што бачу цяпер, і не магу нарадавацца. Брэст прайшоў вялікі шлях. Шчыра скажу, ён заўсёды быў вельмі прыемным, але цяпер набыў той лоск, які вылучае любы еўрапейскі горад. Галоўнае, што заўважаюць замежнікі, з якімі мне даводзіцца мець справу, — чысціня, але гэта далёка не адзінае, чым мы можам ганарыцца. Я спадзяюся, што Брэст не спыніць сваё развіццё і будзе станавіцца яшчэ лепшым. Вось, скажам, у сферы гісторыка-культурнай спадчыны, якой я займаюся, хочацца ўбачыць больш людзей, зацікаўленых захаваннем таго, што мы атрымалі ад продкаў. Тым больш што берасцейцы заўсёды ставіліся да свайго мінулага з вялікай павагай.

Дырэктар абласнога спартыўнага комплексу «Брэсцкі» Казімір РЫГНЕВІЧ:

— Вядома, Брэст значыць для мяне вельмі шмат хаця б з той прычыны, што я тут жыву. Гэта той горад, у які заўсёды хочацца вярнуцца. Нядаўна мне давялося з'ехаць на нейкія дзесяць дзён, але і за гэты кароткі час толькі пераканаўся, што прыгажэйшага за наш горад у свеце няма. Я пераехаў сюды ў 1982 годзе з роднай Лідчыны, з таго часу, бывае, не магу яго пазнаць. У першую чаргу размова ідзе пра знешняе аблічча — гэта сапраўдны еўрапейскі горад. Скажу больш — цяпер ён значна прыгажэйшы за большасць гарадоў Заходняй Еўропы. Узяць хаця б нашу Савецкую вуліцу — гэта казка! Брэст — гэта горад, які прывучае да чысціні, пасля яго моцна раздражняешся, калі бачыш на вуліцы смецце. І, я ўпэўнены, гэта горад з вялікай будучыняй.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.