Вы тут

У модзе бераг турэцкі


Беларускія жанчыны найчасцей выязджаюць у Турцыю і Італію, а мужчыны — у Расію і Польшчу. Падобнымі назіраннямі, зробленымі на падставе статыстыкі «гарачай лініі» па пытаннях бяспечнага выезду за мяжу, з журналістамі падзялілася Ларыса ІСТОМАВА, старшыня грамадскага аб'яднання «Клуб дзелавых жанчын».

Калі прадстаўнікі сільнай паловы полу імкнуцца на Усход з мэтай працаўладкавацца, беларускі выязджаюць «за кардон» да сваіх другіх палавін, на вучобу і таксама на працу. Званкі на тэлефонную лінію найчасцей датычацца Расіі, Польшчы, Германіі і Турцыі. Ларыса Істомава падкрэсліла, што беларусаў часта хвалююць пытанні працаўладкавання, карысныя адрасы за мяжой, а таксама знаёмствы з замежнікамі, правы нашых грамадзян у інтэрнацыянальных шлюбах. 5-е месца ў рэйтынгу званкоў займае праблема гандлю людзьмі. Дзякуючы «гарачай лініі», у Беларусь вярнулі 119 чалавек, якім аказалі ў тым ліку медыцынскую дапамогу.

— Радуе, што нашы грамадзяне сталі больш адказна ставіцца да паездак за мяжу, — кажа Ларыса Істомава. — Яны стараюцца ўзважыць усе «за» і «супраць». Імкнуцца выязджаць легальна, г. зн. адкрываюць спецыяльныя візы і заключаюць працоўныя кантракты. Колькасць падобных званкоў павялічваецца.

— Ці праўда, што да вас таксама даволі часта звяртаюцца непаўналетнія, якія сумняваюцца ў сваіх новых інтэрнэт-знаёмых?

— Падчас інфармацыйнай кампаніі па нашым тэлебачанні паказалі сацыяльныя ролікі, сэнс якіх быў у наступным: пад маскай новых сяброў у інтэрнэце могуць хавацца дарослыя людзі, якія праследуюць сексуальныя мэты. Падобныя стасункі могуць стаць небяспечнымі. Рэклама, дарэчы, добра спрацавала. Многія дзяўчаты пасля пачалі сумнявацца ў тых, з кім вядуць перапіску. Тэлефануюць не толькі непаўналетнія, але і бацькі. Іх непакоіць тое, што дзеці вядуць незразумелую перапіску ў сеціве. Дарэчы, праз «гарачую лінію» да нас паступаюць факты аб гвалце сваякоў у дачыненні дзяцей. Паведамляюць аб гэтым таксама сваякі альбо суседзі.

— Паводле вашай статыстыкі, многія жанчыны пераязджаюць у Турцыю. Але ёсць выпадкі, калі пасля знаёмстваў з тамтэйшым укладам жыцця яны не вытрымліваюць і вяртаюцца на радзіму...

— З падобным мы сутыкаліся. Многія едуць у Турцыю не толькі дзеля працы, але і дзеля таго, каб сустрэцца з мужчынам, з якім пазнаёміліся ў інтэрнэце. Але не трэба рабіць паспешлівых рашэнняў і адразу ісці пад вянец. Па-першае, да падобнага пытання трэба падыходзіць абдумана, добра вывучыць свайго выбранніка. А па-другое, калі ты прыязджаеш ва ўсходнюю краіну, трэба добра ведаць яе культуру і традыцыі, каб пэўныя моманты не сталі для вас нечаканасцю, што нярэдка здараецца з нашымі суайчынніцамі. Усё ж такі мы краіна еўрапейская, з іншым жыццёвым укладам. На жаль, здаралася так, што некаторыя з дзяўчат, якія пераязджалі ў Турцыю, траплялі ў бардэлі. Ёсць і трагічны выпадак. Дзяўчына спрабавала адтуль уцячы, скінулася з акна і загінула. Сваякі не паспелі ёй дапамагчы.

— А ці палепшылася інфармаванасць беларусаў за той час, пакуль вы ладзіце «гарачую лінію»?

— Безумоўна. Раней паступалі званкі, калі чалавек прама казаў, што яму прапаноўваюць праехаць па фальшывай візе ці ён збіраецца ісці ў абход мяжы. Нам тэлефанавала дзяўчына і казала, што яе без медыцынскай адукацыі запрашаюць працаваць масажысткай. І яна з намі раілася, ці пагаджацца ёй. Гэта рэальныя гісторыі. Тады гэтаму здзіўляліся. А цяпер сітуацыя змянілася, і нашых грамадзян ужо цікавяць канкрэтныя пытанні.

Тарас ШЧЫРЫ.

«Гарачая лінія» па пытаннях бяспечнага выезду за мяжу (нумар 8 801201 5555) пад эгідай «Клуба дзелавых жанчын» працуе з 2003 года. За гэты час на яе паступіла звыш 26 тысяч званкоў. Акрамя выезду, супрацоўнікі тэлефоннай лініі кансультуюць па пытаннях замежнага навучання, інтэрнацыянальных шлюбаў, першаснай ідэнтыфікацыі пацярпелых, садзейнічаюць у пошуку зніклых людзей, а таксама інфармуюць непаўналетніх (пацярпелых ад сексуальнага гвалту, у тым ліку праз інтэрнэт).

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.