Вы тут

Важкі каравай і сёлета цалкам забяспечыць патрэбы краіны


Жніво ўжо перайшло «экватар» — убрана палова пасяўных плошчаў збожжавых і зернебабовых культур. Усяго намалот склаў больш за 4 млн тон пры сярэдняй ураджайнасці 36,1 ц/га. Паводле слоў міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда ЗАЙЦА, дзякуючы намаганням хлебаробаў будзе забяспечана харчовая бяспека дзяржавы. А цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю ў Беларусі павышаць не плануецца з-за яе дастатковай колькасці.

Абыдземся без імпарту

Як адзначыў Леанід Заяц, валавы збор збожжа сёлета чакаецца ў памеры 8,7 — 8,8 млн тон. Гэта крыху менш за паказчык мінулага года — 9,1 млн тон. Аднак, запэўніў міністр, патрэбы дзяржавы будуць забяспечаны ў поўным аб'ёме. У гэтым можна быць упэўненым яшчэ і таму, што ў сховішчах краіны засталося каля 1,5 млн тон збожжа з мінулага года.

«Мы сфарміруем запас харчовага збожжа на 2016 год. Гэта дасць магчымасць нават паставіць прадукцыю на экспарт, бо ў беларускай жытняй муцэ для выпечкі сёння маюць патрэбу рэгіёны Расійскай Федэрацыі», — адзначыў Леанід Заяц.

Па ацэнцы ведамства, для харчовых патрэб краіны неабходна нарыхтаваць каля 699 тыс. тон пшаніцы, 320 тыс. тон жыта, 45 тыс. тон ячменю, 46,5 тыс. тон аўса, 13 тыс. тон грэчкі і 4 тыс. тон проса. Піваварная галіна таксама будзе цалкам забяспечана сваім ячменем.

«Практычна 92% рапсу ўжо ўбрана, намалочана больш за 300 тыс. тон. Застаецца невялікая колькасць плошчаў, уборка якіх завершыцца ў наступныя 2-3 дні», — адзначыў Леанід Заяц. Таксама для забеспячэння жывёлагадоўлі неабходна 7,2 млн тон збожжа, для сяўбы — 630 тыс. тон.

Цалкам завяршыць уборку збожжавых культур у Беларусі плануецца цягам 10—12 найбліжэйшых дзён.

Акрамя таго, па словах міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, сёлета не плануецца імпартаваць збожжа: «Мы падвядзём вынікі ўборкі па якасці пшаніцы, якая, у першую чаргу, ідзе на хлебапякарныя мэты і для вырабу макароны. 28-працэнтная клейкавіна забяспечыць патрэбы макароннай прамысловасці ў поўным аб'ёме».

Леанід Заяц падкрэсліў, што Беларусь сёння ў стане цалкам забяспечыць унутраныя патрэбы не толькі ў хлебе, але і ў іншых прадуктах. Акрамя гэтага, частка прадукцыі будзе рэалізавана на экспарт.

Атрымліваюць і больш за 100 ц/га

Нягледзячы на даволі складаныя ўмовы надвор'я ў час фарміравання ўраджаю збожжавых і зернебабовых, а таксама зніжэнне ўраджайнасці ў краіне, асобныя гаспадаркі Беларусі сёлета намалочваюць больш за 100 цэнтнераў на круг, што, па словах міністра, з'яўляецца рэкордным паказчыкам. Такі вынік паказаў агракамбінат «Сноў», сярэдняя ўраджайнасць збожжавых у якім вось ужо на 25% плошчаў складае 102 ц/га. Як удакладніў Леанід Заяц, асобныя палі даюць нават па 106-110 ц/га!

«Таксама не саступае сёння па паказчыку ўраджайнасці і ААТ «17 верасня» Нясвіжскага раёна. У Гродзенскай вобласці каля 90 ц/га мае СВК «Прагрэс-Верцялішкі». Многія гаспадаркі маюць ураджайнасць вышэй за 70-80 і 90 ц/га», — дадаў кіраўнік ведамства.

Дабіцца такіх паказчыкаў гаспадаркі змаглі дзякуючы строгаму выкананню тэхналогій. Да таго ж на змену старым гатункам сёння прыходзяць новыя, якія фарміруюць ураджай высокай якасці. Па ацэнцы Леаніда Зайца, на жніве сёлета працуюць больш за 10 тысяч камбайнаў. Каля 90% парка машын забяспечана айчынным вытворцам, прычым тэхніка беларускай вытворчасці па тэхнічных параметрах зусім не саступае імпартнай. Не забываюць і пра новыя тэхналогіі. Сёння на палеткі выходзяць машыны з палепшанымі характарыстыкамі. Да прыкладу, збожжаўборачны камбайн КЗС 1624 пачынае задаваць новы тэмп: яго прапускная здольнасць складае 24 кг/с. Першыя 10 камбайнаў ужо апрабоўваюцца на палях Беларусі.

«Усе, хто працаваў на новых машынах, адзначаюць іх высокую надзейнасць і эксплутацыйныя якасці, — адзначыў Леанід Заяц. — Сёння Прэзідэнтам ужо пастаўлена задача забяспечыць серыйную вытворчасць гэтай машыны налета».

Ілья КРЫЖЭВІЧ.

Kryzhevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».