Вы тут

Урокі на ўсё жыццё


Адкрытыя дэбаты БРСМ «Выбірай.by!» — гэта пляцоўка, на якой моладзі даецца магчымасць не толькі выказацца, але і быць пачутай. Маладыя лідары іх сабралася ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі амаль дзве сотні з усёй краіны) разважалі і спрачаліся на тэму «Выбарчая сістэма Рэспублікі Беларусь». Адметна, што вопытнымі экспертамі, для якіх будучая выбарчая кампанія далёка не першая, выступалі старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Андрэй Белякоў і іншыя дзяржаўныя дзеячы.

11-31_1

Лідзія Ярмошына выказала думку пра тое, што моладзь болей актыўна, чым у мінулыя гады, бярэ ўдзел у выбарчым працэсе:

— Мне здаецца, прынамсі так выглядае ў інфармацыйным плане, што ў гэтай выбарчай кампаніі моладзь удзельнічае больш актыўна. Яна часцей заяўляе пра сябе, прэзентуе крэатыўныя праекты. І праект «Выбірай.by!», і ў тым ліку сённяшнія дэбаты — гэта тыя мерапрыемствы, якія цалкам, магчыма, выхаваюць адказных выбаршчыкаў.

Старшыня ЦВК таксама прызналася, што задаволеная і ўвагай СМІ да сёлетняй кампаніі па выбарах Прэзідэнта:

— Калі б гэтай увагі не было, то выбаршчыкі забываліся б пра тое, што ў нас ідзе выбарчая кампанія. Па сутнасці, сродкі масавай інфармацыі ўзялі на сябе функцыю шматлікіх патэнцыйных кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы, якія паводзяць сябе залішне сціпла.

Андрэй Белякоў падкрэсліў, што асноўная мэта дэбатаў — абмеркаванне актуальных пытанняў ва ўсіх сферах жыцця.

— Гэты праект вельмі важны для нас, таму што праз дэбаты мы вучым моладзь. Маладыя людзі сёння павінны ўмець адстойваць сваё меркаванне, арыентавацца ў вялікай колькасці інфармацыі, — кажа Андрэй Белякоў. — Сёння для моладзі няма тэм забароненых, тых, якія трэба замоўчваць. Усё, што заўгодна, можна абмяркоўваць. Самае галоўнае, каб праз гэтае абмеркаванне мы прыходзілі да канструктыўных высноў. Каб спрэчка не руйнавала, а стварала ісціну.

Выбары Прэзідэнта — значная палітычная падзея, але для моладзі гэта яшчэ і магчымасць праявіць і зарэкамендаваць сябе, магчымасць зносін, вывучэння праблем, з якімі сутыкаюцца людзі. Моладзь вучыцца праз выбарчыя тэхналогіі, і такія ўрокі паслужаць добрым стымулам для далейшага прасоўвання ў палітычным жыцці, грамадскай дзейнасці, — перакананы Андрэй Белякоў.

Моладзевыя дэбаты прайшлі ў 3 туры. Першы — прадстаўленне каманд (іх было дзве: Голас народу і Выбар маладых), другі — пытанні адно да аднаго, трэці — адказы на пытанні экспертаў. Падчас іх маладыя людзі выказалі некалькі даволі важных думак. Напрыклад, прапанавалі знізіць узрост для прыняцця на пасаду Прэзідэнта краіны да 31 года. І прыйшлі да высновы, што не так важна, правага, левага ці цэнтрысцкага кшталту палітычны лад дзяржавы: галоўнае, каб жыццё ішло ў мірным рэчышчы і кожны мог сумленна і спакойна працаваць. Увогуле, удзельнікі прыемна ўразілі экспертаў. А пад канец дэбатаў усім прысутным раздалі яблыкі ўжо гэтага года, якія сімвалізуюць, што прыйшоў час збіраць ураджай незалежнай дзяржавы.

Вераніка Пуставіт

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.