Вы тут

Конкурс на выхавальніка — 3 чалавекі на месца


Рэйтынг многіх спецыяльнасцей у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце ў гэтым годзе значна павысіўся. Без абвяшчэння дадатковага набору вядучай педагагічнай ВНУ ўдалося з першай спробы запоўніць усе бюджэтныя месцы плюс прыцягнуць абітурыентаў і на платную форму навучання.

На навучанне на ўмовах аплаты ў БДПУ было пададзена на 30% больш заяў, чым летась: на 1300 платных месцаў прэтэндаваў 1571 чалавек. На многія спецыяльнасці змаглі паступіць не ўсе ахвотныя. Так, на дзённай платнай форме навучання конкурс 4 чалавекі на месца склаўся на спецыяльнасці «Біялогія і геаграфія», 3 чалавекі на месца — на «Дашкольнай адукацыі» і «Пачатковай адукацыі», 2 чалавекі — на «Аздараўленчай і адаптацыйнай фізічнай культуры (аздараўленчай)».

На спецыяльнасцях завочнай платнай формы навучання «Біялогія і геаграфія», «Пачатковая адукацыя», «Сурдапедагогіка» сфарміраваўся конкурс 3 чалавекі на месца.

Досыць высокія былі і прахадныя балы. На спецыяльнасцях «Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія (скарочаны тэрмін навучання)» — 257 балаў, «Матэматыка і інфарматыка» — 228 балаў. На дзённай платнай форме навучання на спецыяльнасцях «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)» — 202 балы, «Аздараўленчая і адаптацыйная фізічная культура (аздараўленчая)» — 192 балы.

Увогуле сёлетняя прыёмная кампанія ў БДПУ вылучаецца высокай матываванасцю абітурыентаў: стаць педагогамі вырашылі 132 медалісты і ўладальнікі дыплома з адзнакай, што амаль на траціну больш, чым летась. Лідзіруюць факультэт спецыяльнай адукацыі (19 медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў з адзнакай), факультэт беларускай і рускай філалогіі (17 медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў з адзнакай) і фізіка-матэматычны факультэт (15 медалістаў). У конкурсе за права быць студэнтам БДПУ ўдзельнічалі 270 выпускнікоў ліцэяў і гімназій, што на 40% больш, чым у 2014 годзе. І яшчэ адзін адметны факт: больш за палову медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў з адзнакай, якія ўзялі рэкамендацыі педагагічнага савета для паступлення на спецыяльнасці педагагічнага профілю, паступілі менавіта ў БДПУ.

Больш за палову «бюджэтнікаў» і дзве траціны «платнікаў», якія паступілі ў педагагічны ўніверсітэт, з'яўляюцца жыхарамі Мінска і Мінскай вобласці. Такі высокі паказчык стаў вынікам сумеснай працы БДПУ, Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама па кадравым забеспячэнні сістэмы адукацыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?