Вы тут

Быць на адной хвалі


Героямі нашых публікацый часта з'яўляюцца актыўныя маладыя людзі, якім ёсць што расказаць пра сябе і свае справы. Сёння наша суразмоўца — Юлія Зяневіч, першы сакратар Уздзенскай раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, якую яна ўзначальвае ўжо чацвёрты год.

27-15

— З чаго пачынаўся ваш удзел у маладзёжным руху?

— Яшчэ вучаніцай дзявятага класа атрымала членскі білет Саюза моладзі Беларусі. Гэты момант мне ўрэзаўся ў памяць не проста так. Пазней я звязала сваё жыццё з маладзёжным грамадскім аб'яднаннем. Пасля заканчэння факультэта беларускай філалогіі БДУ прыйшла працаваць у Ліцвянскі дзіцячы садок. Адсюль мяне запрасілі паспрабаваць свае сілы на пасадзе першага сакратара РК БРСМ.

— Як далося рашэнне аб пераходзе?

— За студэнцкія гады ў мяне сфарміравалася адэкватнае стаўленне да слова «кар'ера». Планаваць свой далейшы лёс і рухацца па кар'ернай лесвіцы — гэта нармальна. Сёння я не шкадую аб сваім рашэнні.

Спачатку выконвала абавязкі першага сакратара. На новай пасадзе пашырыўся спектр стасункаў, адкрыліся новыя далягляды. З іншага боку, ты пачынаеш разумець, што павінна адказваць за кожнае сваё слова, кожнае прынятае рашэнне, каб калегі прыслухоўваліся да цябе. Прыемна, што людзі, з якімі я працую, мяне разумеюць.

— Чым найперш захапляе праца?

— У маім падпарадкаванні значная колькасць маладых людзей, у якіх свае інтарэсы, ідэі, праекты. Пастаянна ладзіцца многа розных акцый, мерапрыемстваў, што трэба арганізаваць. Здараецца, прыходзіш дадому апоўначы, часам працуеш у выхадныя дні і святы.

Але, па-першае, гэта вопыт работы ў камандзе, вопыт кіраўніка. Па-другое, новыя знаёмствы, справы і праекты. Па-трэцяе, калі працуеш з моладдзю, адчуваеш сябе заўсёды бадзёрым, энергічным.

— Цяжка знайсці паразуменне з маладымі людзьмі?

— Вельмі важны асабісты прыклад. Калі ты сам уключаешся ў справу, то хлопцы і дзяўчаты бачаць у табе роўнага. Не менш важна паспяваць за ўсімі зменамі, якія адбываюцца ў маладзёжным асяроддзі. Калі раней у мяне не даходзілі рукі да сацыяльных сетак, то сёння праца ў інтэрнэт-прасторы — гэта неад'емная частка ўзаемадзеяння з маладымі людзьмі. Нам удаецца быць з імі на адной хвалі.

Раённая арганізацыя БРСМ налічвае 890 юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 31 года. Гэта самая крэатыўная і ініцыятыўная моладзь, якая займае актыўную жыццёвую пазіцыю, імкнецца быць карыснай грамадству і сваёй краіне. У нас ёсць шмат ідэй па актыўным уключэнні працоўнай моладзі ў БРСМ, мы робім усё магчымае, каб у арганізацыю ўступалі свядома, ішлі з пэўнымі ідэямі і мэтай зрабіць штосьці карыснае для краіны. Хачу пажадаць усім маладым людзям быць вольнымі, ініцыятыўнымі і не баяцца праяўляць сябе.

Дар'я ЗЯНЬКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.