Вы тут

Культура па абмене


Студэнты і выпускнікі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, а таксама Турынскага і Міланскага дзяржаўных універсітэтаў працавалі сёлета разам у міжнародным лагеры ў Калінкавіцкім раёне.

Праект рэалізоўваўся на падставе дагавора, заключанага БДПІ з Італьянскай гуманітарнай асацыяцыяй PUER, якая ініцыявала арганізацыю лагера ў канікулярны перыяд для беларускіх дзяцей, што пражываюць на пацярпелых пасля чарнобыльскай катастрофы тэрыторыях Калінкавіцкага раёна. Дапамогу ім, як і аздараўленне ў Італіі, група валанцёраў вяла шмат гадоў. Аднак не ўсе дзеці маглі выехаць за межы краіны на аздараўленне. Так нарадзілася ідэя арганізацыі цікавага адпачынку па месцы іх жыхарства. Італьянцы цягам года рыхтаваліся да працы з дзецьмі ў культурным крос-лагеры, наведваючы лекцыі па псіхалогіі, сацыялогіі, медыцыне. Замежныя валанцёры знаёміліся з асаблівасцямі беларускай культуры, менталітэту, характару. Беларускую групу студэнтаў склалі ўдзельнікі псіхалагічнага тэатра пластычнай імправізацыі «АКМЕ», якія на базе лабараторыі сацыяльна-псіхалагічных праблем сучаснай беларускай моладзі пры кафедры сацыяльнай псіхалогіі БДПІ падрыхтавалі ўласную праграму працы ў лагеры. Яна мела на ўвазе стварэнне крэатыўных лабараторый тэатральнага, мастацкага, дэкаратыўна-прыкладнога, песеннага, танцавальнага напрамкаў.

Аздараўленчы лагер размяшчаўся на базе Юровіцкай сярэдняй школы. Валанцёры штодня выязджалі, каб сустрэцца і арганізаваць работу з дзецьмі з Мазырскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, а таксама ў вёсках Малыя Аўцюкі, Прудок, Хоўна, Агароднікі. У прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў той час знаходзілася 15 дзяцей ва ўзросце ад чатырох да сямнаццаці гадоў. Штодня беларускія і італьянскія валанцёры праводзілі з дзятвой розныя развіваючыя мерапрыемствы: гульні, заняткі па лепцы, маляванню, пляценню. Нягледзячы на моўны бар'ер, адкрытасць і добразычлівасць італьянцаў дазволіла ім знайсці агульную мову з дзецьмі.

У склад важатых міжнароднага лагера ўваходзілі дзевяць італьянскіх юнакоў і дзяўчат, дзве дзяўчыны з Паўднёвага Судана, адна калумбійка. Усе — студэнты і выпускнікі італьянскіх універсітэтаў. Апроч таго, у лагеры працавалі і пяць беларусак — студэнтак і выпускніц Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Для Італьянскай гуманітарнай асацыяцыі гэта быў першы вопыт па арганізацыі такога лагера, тым не менш і італьянскі, і беларускі бакі ацанілі яго як вельмі цікавы і выключна станоўчы.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.