Вы тут

Журналісцкія расследаванні... ад школьнікаў


Уявіце сабе сітуацыю. У школьны клас заходзіць педагог і кажа сваім вучням: «Набліжаецца футбольны сезон, і СМІ рыхтуюцца да асвятлення матчаў лігі. Сёння каманды больш нагадваюць кампаніі, якія купляюцца і прадаюцца. Багатыя клубы могуць набываць гульцоў, у той час як бедныя не маюць такой магчымасці. Гэта нярэдка прыводзіць да таго, што матчы футбольнай лігі праводзяцца пераважна ў буйных гарадах — там, дзе больш гледачоў і дзе больш багатых спонсараў. Настаў час заняцца журналісцкімі расследаваннямі». І ў шведскіх школах вучні з задавальненнем займаюцца на ўроках і па-за школьнымі заняткамі: вывучаюць сярэдні паказчык напаўняльнасці стадыёна падчас гульняў, збіраюць факты пра футбольны клуб, пра тое, ці ёсць у камандзе гульцы, якія «гастралююць» па розных клубах, шукаюць інфармацыю пра памеры іх заробкаў і даходы клубаў, спонсарскую падтрымку. Здавалася б, навошта школьнікам такая інфармацыя? Таму што перад педагогамі пачатковай школы пастаўлена задача — навучыць вучняў шукаць і правільна ацэньваць інфармацыю, атрыманую з розных крыніц (са СМІ, інтэрнэту, сацыяльных сетак і іншых). Напрыклад, усе ведаюць, што ў сеціве ёсць шмат даных (можна там знайсці і інфармацыю пра даходы гульцоў). Але ці можна адназначна давяраць гэтым звесткам? [caption id="attachment_97943" align="alignnone" width="600"]27-21-1 Ларс-Эрык Халь: «Чым больш ар­гу­мен­таў пры­во­дзіць ву­чань, тым вы­шэй­шая
яго ад­зна­ка».[/caption] Не ўпусціць шанц Ларс-Эрык Халь працуе ў пачатковай школе ў невялікім правінцыяльным гарадку. Выкладае грамадазнаўства, геаграфію, гісторыю і асновы рэлігіі. У школе вучацца шмат дзяцей мігрантаў (22 працэнты ад агульнай колькасці), а таксама дзеці з асаблівымі патрэбамі. Дарэчы, пачатковая школа ў Швецыі — шасцігадовая: яе наведваюць дзеці ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў. Педагог шукае для сваіх вучняў самыя цікавыя формы работы, якія стымулююць дзіцячую цікаўнасць, развіваюць аналітычныя здольнасці і творчыя задаткі. Напрыклад, пасля тэрарыстычнага нападу на рэдакцыю французскага часопіса «Charlіe Hebdo» на ўроку ў цэнтры ўвагі аказалася карыкатура. З дзецьмі абмяркоўваліся пытанні, ці маюць СМІ права публікаваць інфармацыю, якая можа кагосьці раззлаваць або зняважыць, ці трэба абмяжоўваць свабоду друку, што такое карыкатура. Вучням таксама прапаноўвалася зрабіць газету або часопіс з карыкатурамі на школьнікаў на актуальныя тэмы. Штодзённая прэса — выдатная крыніца інфармацыі. Педагогі заўважылі, што тэма спорту вельмі захапляе дзяцей, таму яе можна і трэба выкарыстоўваць. Асабліва калі трапляецца артыкул з добрай графікай... Таму Алімпіяда ў Сочы стала для Ларса-Эрыка сапраўдным падарункам. «Які сэнс можа хавацца за загалоўкам «Гульня ў двух тварах», — пацікавіўся ён у сваіх вучняў. — Што меў на ўвазе журналіст?» Высветлілася, што, нягледзячы на інтрыгуючы загаловак, не было ніякага схаванага сэнсу, а размова ў артыкуле ішла пра два віды спорту — хакей і слалам. Дзякуючы Google-maps і ўсталяваным у Сочы вэб-камерам вучні разам са сваім настаўнікам змаглі стаць сведкамі многіх падзей і здзейснілі віртуальную экскурсію па алімпійскай сталіцы. ...А потым усе вучні пісалі лісты спартсменам. Абавязковай умовай было рабіць гэта ад рукі. Такі ліст ніколі не трапіць у спам, і яго складаней праігнараваць. Можна ўявіць сабе радасць дзяцей, якія атрымалі адказы. Тым больш што нацыянальная лыжная зборная (і мужчынская, і жаночая) узяла на алімпіядзе ў эстафеце «золата». «Карцінка» і рэальнасць На ўроках «Асновы рэлігіі» дзеці вывучалі тэму «Насілле». Адна група вучняў атрымала задачу зрабіць падборку навін са СМІ пра злачынствы ў дарожна-транспартнай сферы. Школьнікі знайшлі інфармацыю пра тое, як 17-гадовы падлетак узяў аўтамабіль сваёй маці, пра жанчыну, якая падазравалася ў кіраванні аўтатранспартным сродкам у нецвярозым стане, і гэтак далей. Другая група шукала інфармацыю пра забойствы, трэцяя — пра крадзяжы, чацвёртая — пра тэрарызм. Ларс-Эрык кажа, што ў дзяцей, якія акунуліся ў сродкі масавай інфармацыі, узнікла адчуванне, што нас пастаянна акружае гвалт, а свет — вельмі небяспечны. Давялося патлумачыць ім, што калі чытаць і глядзець СМІ, то і сапраўды становіцца страшна жыць, бо медыя ствараюць пэўную «карцінку». — Мая маці сказала ўнуку, калі той пайшоў вучыцца ў гімназію: «Будзь асцярожны — там прадаўцы наркотыкаў хаваюцца за кожным вуглом». Таму што мая маці жыве ў свеце, створаным СМІ. Дастаткова адной навіны пра выяўленне наркотыкаў у школе, як многія ўжо вераць, што наркадылеры там прапісаліся, — дзеліцца сваім меркаваннем настаўнік. Тэматычныя падборкі навін вучні робяць для таго, каб потым паразважаць пра тое, як яны ствараюцца, пра правы чалавека, законы і пра няпісаныя правілы суіснавання ў грамадстве: ад сям'і і школы яны пераходзяць да больш глабальных рэчаў — краіна, свет. На ўроках па асновах рэлігіі разважаюць пра каштоўнасць жыцця кожнага чалавека, пра тое, што людзі павінны жыць у згодзе і паразуменні. Чым больш аргументаў можа прывесці вучань, чым больш аспектаў у сваім адказе ён ахоплівае, тым вышэйшая яго адзнака. Медыякампетэнтнасць ацэньвацца па чатырохбальнай шкале: на першым узроўні (факты) вучні павінны валодаць асновай пабудовы новых ведаў, на другім (уменне) — знаходзіць інфармацыю, прадстаўляць яе ў новай форме; на трэцім — разумець, пра што ідзе гаворка ў тэксце, вылучаць галоўную думку. На чацвёртым, самым высокім узроўні (паглыбленае разуменне), — упэўнена карыстацца ведамі, рабіць ацэнку любога медыяпаведамлення. Школьнікаў вучаць размяжоўваць артыкулы, дзе прысутнічае меркаванне журналіста, і артыкулы, дзе прыводзяцца толькі факты, каб бачыць розніцу і вучыцца самастойна рабіць высновы. Дарэчы, у вучэбным плане шведскай школы зафіксавана, што вучні павінны крытычна ставіцца да інфармацыі і ўмець аналізаваць яе, пачынаючы з першага года навучання. Выбраць навіну тыдня Штогод вучні трэціх, шостых і дзевятых класаў удзельнічаюць у нацыянальным тэсціраванні. Яно праводзіцца адначасова па ўсёй краіне, ніякай папярэдняй уцечкі інфармацыі не дапускаецца. Школьнікам забараняецца карыстацца на тэсціраванні мабільнымі тэлефонамі. Усе дзеці атрымліваюць аднолькавыя заданні, якія ацэньваюцца па аднолькавых крытэрыях незалежнымі экспертамі. Тэст ахоплівае матэматыку, шведскую і англійскую мовы. Адно з заданняў тэсціравання — напісаць тэкст у выглядзе навіны або нейкае разважанне, эсэ. Пісьмовая частка тэксту правярае здольнасці вучня выказваць свае думкі пісьменна, лагічна і зразумела. Правяраецца таксама і разуменне праслуханага тэксту. — Я заўсёды кажу: «Дайце дзіцяці 10 хвілін на чытанне газеты і не задавайце яму пытанні», — падкрэслівае Ларс-Эрык. — Не мая задача — гаварыць, што правільна, а што няправільна. Я, як педагог, павінен толькі агучыць аргументы «за» і «супраць». Настаўнік можа прапанаваць вучням выбраць навіну тыдня. Для гэтага трэба штодня ўважліва чытаць загалоўкі першай паласы газет і тое, што зацікавіла, выразаць... Пасля гэтага кожны вучань піша свой тэкст пра «сваю» навіну тыдня, але не пераказвае газетны матэрыял, а перадае інфармацыю сваімі словамі, расстаўляе свае акцэнты. У канцы тыдня школьнікі зачытваюць сваю навіну перад аднакласнікамі, пасля чаго ідзе абмеркаванне: вучань абавязкова тлумачыць, чаму ён спыніў свой выбар менавіта на гэтай навіне і чаму яна можа прэтэндаваць на званне «навіна тыдня». Надзея НІКАЛАЕВА nіkalaeva@maіl.ru Фота аўтара Мінск—Кальмар—Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».