Вы тут

Улад Татур: «Маці не любіць, калі трапляю ў інфармацыйныя пераплёты»


Улада Татура, спартыўнага каментатара канала «Беларусь-5», я ўпершыню ўбачыў два гады таму. Тады ў Белтэлерадыёкампаніі праходзіў фінал конкурсу каментатараў. Хлопец даволі жвава каментаваў прапанаваны яму «кавалак» футбольнага матча, а пасля ўпершыню адказваў на пытанні журналістаў. Пройдзе паўтара года — і спартыўныя інтэрнэт-рэсурсы пачнуць разбіраць яго эфіры на цытаты, называць «першым беларускім спартыўным каментатарам новага пакалення». Мы сустрэліся з Уладам і гадзіну прагаварылі пра родны для яго Салігорск, канкурэнцыю ў футбольным чэмпіянаце Беларусі і нядаўнюю пікіроўку з кіраўніцтвам жодзінскай каманды «Тарпеда-БелАЗ».

9_1

— Бягучае лета для цябе стала, напэўна, самым іміджавым. Пра цябе шмат пісалі, абмяркоўвалі. Асабліва пасля матча паміж «Тарпеда» і албанскім «Кукесі» ў Лізе Еўропы, калі ты раскрытыкаваў гульню беларускай каманды.

— Кажуць, што чорны піяр — гэта таксама піяр. Не скажу, што я не хачу, каб пра мяне пісалі, але да ўсяго падобнага стаўлюся даволі спакойна, асаблівай папулярнасці, празмернай увагі да сваёй асобы не адчуваю. Што тычыцца гульні з удзелам каманды з Жодзіна, я не думаў, што яна стане такой рэзананснай. Наогул лічу, што гісторыя раздзьмутая. Гэта быў абсалютна звычайны эфір, які нічым не адрозніваўся ад астатніх. Магчыма, я крыху перагнуў, аднак казаў аб тым, што сапраўды адбывалася на полі. І рэакцыя кіраўніцтва «Тарпеда-БеЛАЗ», на мой погляд, была няправільнай.

— Падчас гэтай пікіроўкі нехта нават засумняваўся ў наяўнасці ў цябе дыплома аб вышэйшай адукацыі.

— Сёлета я закончыў вочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «міжнародныя інвестыцыі». Вучыўся, насамрэч, нядрэнна. Пераздач у мяне ніколі не было. Узяў ад універсітэта тое, што і хацеў: адкрыў для сябе выдатных людзей і валоданне замежнымі мовамі. Два гады я сумяшчаў вучобу з працай. Момантамі было складана. Калі ў сталіцы адбываўся чэмпіянат свету па хакеі, у мяне ўзнікала жаданне ўстанавіць на «Мінск-Арэне» раскладушку. Але ва ўніверсітэце да маёй працы ставіліся з паразуменнем.

— А калі зацікавіўся футболам?

— У 1999 годзе бацька набыў мне мяч, а неўзабаве я схадзіў на хатні матч салігорскага «Шахцёра». Тады на стадыёне «Будаўнік» не было казырка, стаялі звычайныя лаўкі. Пры гэтым людзей на футбол прыходзіла шмат. Больш за 4 тысячы чалавек на футболе было дакладна. Гэта заўважалі ўсе. Я прысутнічаў літаральна на ўсіх хатніх матчах і прапусціў толькі сустрэчу з мінскай «Зоркай-БДУ», у якой «Шахцёр» перамог з лікам 9:1, дасягнуў сваёй самай буйной вікторыі ў Вышэйшай лізе. Я лічу, што «Шахцёр» узору 2004 і 2005-х гадоў — гэта адзін з найлепшых калектываў у суверэннай гісторыі нашага футбола. Каманда амаль не прапускала, заваявала Кубак Беларусі, стала чэмпіёнам краіны. У атацы тады гулялі Сяргей Нікіфарэнка і Аляксандр Кліменка. Апошняга я наогул лічу самым лепшым нападаючым у тагачасным беларускім футболе. Ён валодаў цудоўным гульнявым стылем. Паралельна па часопісе для налепак, прысвечаным чэмпіянату Італіі, я засвойваў сусветны футбол. Часопіс з'явіўся ў мяне запозна, налепкі для яго ўжо не прадаваліся, але ў ім прысутнічала інфармацыя пра выдатных футбалістаў, можна было лёгка ўзбагаціць свае веды. Чытаў кнігі, глядзеў матчы чэмпіянату Еўропы-2000. З гэтага ўсё пачыналася...

Момантамі было складана. Калі ў сталіцы адбываўся чэмпіянат свету па хакеі, у мяне ўзнікала жаданне ўстанавіць на «Мінск-Арэне» раскладушку.

— Восень 2013 года, напэўна, кардынальна змяніла тваё жыццё. Тады адбыўся фінал конкурсу каментатараў Белтэлерадыёкампаніі. Мне нават здалося, што ты асабліва не хваляваўся.

— Я б так не сказаў. І глядзець тыя запісы я б зараз нават не адважыўся. Шчыра кажучы, тады мне здавалася, што былі заяўкі, мацнейшыя за маю.

— Рашэнне паўдзельнічаць прыняў вокамгненна?

— Так, пра конкурс даведаўся ад сябра. Для яго трэба было зрабіць запіс і адаслаць у Мінск. З гэтым мне дапамог Кірыл Паўловіч, фатограф салігорскага «Шахцёра», які можа зрабіць з фота і відэа літаральна ўсё. Ён тады працаваў на салігорскім тэлебачанні, дзе я здолеў запісаць гук у нармальнай студыі, накласці на відэа. Атрымалася даволі добра.

9_2

— А адкуль у цябе прага да каментавання?

— Я абмяркоўваў футбол заўжды і ў любой кампаніі. Гэтым, магчыма, нават надакучваў людзям, але амаль усе мае сябры спорт любяць. Дарэчы, агучваў у сяброўскім коле не сапраўдны футбол, а нашы матчы на гульнявой прыстаўцы Play Statіon. Цяпер у яе гуляем радзей, але можам спакойна зладзіць 10-гадзінны марафон гульні. Ствараем паміж сабой паўнацэнныя турніры і спаборнічаем.

— Свой першы матч памятаеш добра?

— Так, разам з Аляксандрам Цвячкоўскім каментаваў паядынак англійскай Прэм'ер-лігі. Ён быў жудасным — і з пункту гледжання майго каментавання, і з-за таго, што адбывалася на полі. Пры гэтым з Цвячкоўскім працуецца добра. Ён дае магчымасць выказацца, не перарывае, у пэўны момант можа падтрымаць. Першы самастойны матч я правёў вясной 2014 года, і тады зразумеў, што гэта ў тысячу разоў складаней, чым працаваць у пары. Ты цалкам павінен запаўняць эфір, без перапынку. Па адчуваннях мне здалося, што з рэпартажам тады справіўся.

— Як, дарэчы, рыхтуешся да эфіраў?

— На матчах чэмпіянату Англіі магу працаваць амаль без падрыхтоўкі. Але я ўсё роўна заходжу на афіцыйны сайт чэмпіянату, пампую 55 старонак з англамоўным тэкстам і чытаю іх перад матчам. Рэч даволі карысная, і калі ты перад гульнёй адкрыў гэты сайт, папрацаваў з ім, больш табе для трансляцыі нічога не трэба. Вельмі важна падчас рэпартажа мець пад рукой інтэрнэт. Дзеля гэтага прыношу з сабой ноўтбук, а падчас трансляцыі аператыўна адсочваю цікавую і карысную статыстыку.

— Самыя яскравыя свае памылкі прыгадаеш?

— А такіх, на шчасце, не было. Большасць маіх памылак звязана з мовай. Паўторы слоў, напрыклад. Каб гэтага не здаралася, трэба больш чытаць мастацкай літаратуры. Гэта відавочна. Футбольная лексіка даволі вузкая, трэба выкарыстоўваць разнастайную мову. У літаратуры даволі шмат абаротаў, якія можна скарыстаць у працы.

— Што за два гады працы на тэлебачанні цябе найбольш уразіла?

— Тое, што многія проста недаацэньваюць працу каментатара, думаюць, што гэта вельмі лёгка. Аднойчы для інтэрнэт-трансляцыі ў Салігорску, каб было цікавей, запрасіў у эфір свайго сябра. Шчыра кажучы, ён быў крыху шакіраваны, адчуваў вялікія цяжкасці.

— Уладзімір Навіцкі ў інтэрв'ю расказваў мне, што падчас трансляцыі з Іспаніі ён сядзеў сярод мясцовых гледачоў, і яны спрабавалі частаваць яго віном. А што забаўнае адбывалася з табой падчас эфіраў?

— Я наогул не люблю працаваць у падобных умовах. На многіх беларускіх стадыёнах няма абсталяваных каментатарскіх пазіцый, і яны знаходзяцца проста сярод балельшчыкаў. Калі працаваў у Наваполацку, адчуваў нешта падобнае. Тады мясцовы «Нафтан» гуляў з БАТЭ. У трох кроках ад мяне сядзелі заўзятары БАТЭ, з іншага боку — прадстаўнікі мясцовай каманды, а ззаду — мясцовыя балельшчыкі, якія пастаянна лезлі ў мой тэлевізар падглядзець спрэчныя моманты. Сканцэнтравацца было вельмі складана. Многія рэчы проста скоўвалі. За магчымасць адасобіцца ў каментатарскай кабіне я люблю «Барысаў-Арэну». Умовы для вядзення трансляцыі мне падабаюцца ў Гомелі. І мне хочацца, каб там часцей гуляла наша зборная. Нядрэннае месцазнаходжанне каментатарскай кабіны ў Жодзіне, хаця агляду замінаюць металічныя перагародкі на вокнах.

— Ты, калі не памыляюся, ужо паспеў папрацаваць у эфіры разам з запрошанымі экспертамі...

— Так, разам з былым варатаром зборнай Беларусі Васілём Хамутоўскім. І я ўсцешаны, што ён з'явіўся на нашым тэлебачанні. Падчас эфіраў на яго прыемна паглядзець, яму заўжды ёсць пра што сказаць. Васіль ахвотна ідзе насустрач. Мы часта робім трансляцыі, у якіх гутарым з футбалістамі на камеру ў перапынку, пасля гульні. І мне часам здаецца, Васіль адчувае твае праблемы, сам спускаецца да цябе з трыбуны, каб дапамагчы. Чалавек абсалютна адкрыты, аднак ім не трэба злоўжываць. Варта, каб былі і іншыя эксперты з ліку спартсменаў, але іх замала. І гэта праблема.

— Усё часцей у футбольных праграмах з'яўляюцца прыгожыя дзяўчаты, якія ў спорце не заўсёды разбіраюцца, але для карцінкі проста выдатныя.

— Стаўлюся да гэтага без захаплення. Прыемна, калі на экране з'яўляюцца дзяўчаты, аднак іх павінна хапаць у звычайным жыцці. Калі яна не разбіраецца ў дысцыпліне, які з яе толк? Падобнае дэвальвуе прафесію. Знайсці ў адной асобе і прыгажуню, і добрага спецыяліста складана, але магчыма. Дык давайце шукаць такіх і не дапускаць у эфір тых, хто не валодае тэмай.

— Ты задаволены бягучым футбольным сезонам?

— Не. Многае вырашае эфект прысутнасці. Калі ты прысутнічаеш на трыбуне, глядзіш на футбол, усё здаецца нармальным. Але калі чэмпіянат адсочваць паводле статыстыкі, праз інтэрнэт, гэта вельмі нецікава. У нас замала інфармацыйных нагод. І гісторыя з матчам жодзінскага «Тарпеда» стала так абмяркоўвацца толькі таму, што ў нашым футболе не хапае падзей, зрухаў.

— Ты не прыхільнік погляду, што свой футбол трэба любіць толькі таму, што ён свой?

— Яго трэба любіць, але гэтым справа не павінна абмяжоўвацца. Футбол трэба рабіць лепшым, чым ён ёсць. А як гэта зрабіць, я не ведаю. І мне здаецца, ніхто не ведае. Колькі не здымай прома-ролікі, не стварай акаўнты ў «Твітары», ён усё роўна нецікавы. Людзі не ідуць на футбол. Для Салігорска, дзе я часта бываю, паўтары тысячы гледачоў на трыбунах — гэта мяжа.

— БАТЭ з 2006 года першае месца не пакідае, а «Дынама» і «Шахцёр» дзеляць паміж сабой бронзавыя і сярэбраныя медалі. Падобная нязменнасць у барацьбе за ўзнагароды сум не выклікае?

— Сумна, безумоўна. Хочацца ўбачыць новага чэмпіёна. І не таму, што я не люблю БАТЭ, а таму, што гэта было б цікава. У той жа час я разумею, што, акрамя барысаўчан, у Лігу чэмпіёнаў ніхто не праб'ецца. Але трэба ўсвядоміць, што калі мы хочам чагосьці новага, то павінны будзем адмовіцца ад Лігі чэмпіёнаў.

— У вольны час стараешся адасобіцца ад спорту?

— Калі прыязджаю дадому, з сябрамі пра футбол нават не размаўляю. Але трэба толькі зайсці ў інтэрнэт, як зноў вяртаюся да яго. Праўда, цікаўлюся не толькі футболам. Магу паглядзець хакей, біятлон. Задаволены, што пазнаёміўся з гандболам. А гэта від спорту, які мае ў нашай краіне традыцыі, даволі канкурэнтаздольную зборную. Наогул, калі ў мяне з'явіцца магчымасць наведаць якое-небудзь цікавае спартыўнае мерапрыемства, я туды пайду. І гэта звязана не толькі з маімі захапленнямі. На стадыён трэба хадзіць у тым ліку дзеля таго, каб змяніць дэкарацыі.

— А як сваякі ставяцца да тваёй публічнасці?

— Мая маці не вельмі любіць, калі пра мяне шмат пішуць. І яна не задаволена тым, калі я трапляю ў інфармацыйныя пераплёты.

— А ты чытаеш, што пра цябе пішуць у сеціве?

— Не чытаю і адказваць нядобразычліўцам не хачу. Людзей, якія пішуць лухту, я не паважаю. Трэба заўжды адрозніваць крытыку ад абразы.

— На інтэрв'ю ты прыйшоў у майцы вядомага брытанскага гурта Depeche Mode. Гэта твае музычныя інтарэсы?

— Слухаю, але калекцыі альбомаў не маю і іх сайт не наведваю. Аднак музыка гэтага гурта мне падабаецца здаўна. Іх кампазіцыі заўжды ў маім плэй-лісце. А майку набыў падчас канцэрта ў Мінску.

— Улад, для тых, хто яшчэ з табой не знаёмы, скажы, на якім канале цябе можна ўбачыць і пачуць у гэтым тэлесезоне?

— На матчах англійскай Прэм'ер-лігі на тэлеканале «Беларусь-5». Гэта адзін з лепшых футбольных чэмпіянатаў Еўропы. Такі футбол сапраўды варты ўвагі. Гэта прыклад таго, да чаго мы павінны імкнуцца. Безумоўна, буду працаваць на паядынках Лігі чэмпіёнаў, матчах чэмпіянату Беларусі. У невялічкім аб'ёме ахаплю гандбол (між іншым, таксама відовішчны спорт). Асабліва калі трансляцыі вядуцца з Брэста, дзе гуляе чэмпіён Беларусі «БГК імя Мяшкова». Там цудоўная арэна, выдатная каманда. Усё, што там робіцца, — астравок шчасця ў нашым спорце. Калі жывяце ў Брэсце, хадзіце на гандбол абавязкова!

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».