Вы тут

Мір: размовы і справы


Адсутнасць вайны ў краіне — гэта адна з тых нешматлікіх рэчаў, якія ўспрымаюцца як дадзенасць і, як правіла, не цэняцца. Адносіны да гэтага рэзка мяняюцца ад абыякавасці ў бок вялікай зацікаўленасці ў выпадку, калі вайна ўсё ж здараецца.

Праз некалькі гадоў пасля распаду СССР у еўрапейскай частцы былога Савецкага Саюза ў многіх пераважаў пункт гледжання, што вайна ў Еўропе больш немагчымая і што ў XXІ стагоддзі можна не марнаваць час на абмеркаванне яе магчымасці ў еўрапейскім рэгіёне і тым больш на прадухіленне патэнцыйных пагроз, якія могуць прывесці да вайны. Крыху пахіснулі гэты пункт гледжання падзеі ў Югаславіі, што была пад працяглай бамбардзіроўкай авіяцыі НАТА, але ўсё ж дастаткова хутка ён зноў узяў верх. На гэтым фоне пастаянныя выступленні Прэзідэнта Беларусі, у якіх ён заклікаў не памыляцца адносна магчымасці новых войнаў на тэрыторыі Еўропы і рабіць актыўныя захады па ўмацаванні еўрапейскай бяспекі, некаторымі ўспрымаліся як непатрэбныя ў XXІ стагоддзі. На жаль, час паказаў абгрунтаванасць заклапочанасці беларускага лідара: самазаспакаенне наконт магчымасці развязвання новых войнаў у Еўропе з'яўляецца небяспечнай памылкай. Яно можа прывесці да новых ваенных канфліктаў у выпадку, калі не будуць прыняты рашучыя меры па выбудоўванні новай сістэмы бяспекі, здольнай замяніць ранейшыя дамоўленасці, якія зніклі разам з крахам СССР.

Дзейнасць Беларусі ў галіне забеспячэння міру ў рэгіёне і наогул на планеце не абмяжоўваецца толькі заявамі, закліканымі вярнуць партнёраў у рэчаіснасць, прымусіць іх зняць ружовыя акуляры. Найперш за ўсё, гэта планамерная дзейнасць у міжнародных арганізацыях, закліканая забяспечыць баланс захавання рознымі дзяржавамі сваіх і чужых інтарэсаў. На пляцоўцы ААН беларуская дэлегацыя пастаянна падтрымлівае ініцыятывы, накіраваныя на канструктыўнае вырашэнне канфліктаў, якія існуюць у свеце. Іншая справа, што, як паказвае практыка, уплыў ААН на многія сусветныя праблемы вельмі нязначны ў сувязі з тым, што асобныя буйныя дзяржавы лічаць сябе свабоднымі ад захавання інтарэсаў усёй міжнароднай супольнасці, дбаючы ў першую чаргу аб уласных нацыянальных інтарэсах.

Велізарнае значэнне для забеспячэння міру ў Еўропе мае актыўнасць Беларусі па вырашэнні ўкраінскага крызісу. З самага яго пачатку беларускі Прэзідэнт выказваў ініцыятывы па пасрэдніцтве краіны ў супакаенні канфліктуючых бакоў. Да ініцыятыў, на жаль, першапачаткова не прыслухаліся, што сур'ёзна паўплывала на развіццё канфлікту па негатыўным сцэнарыі. Праз некалькі месяцаў канструктыўная роля Беларусі была па заслугах ацэнена, што прывяло да правядзення ў нашай краіне значных перамоў па вырашэнні канфлікту, якія змаглі яго прытушыць, замарозіўшы найбольш кровапралітную яго стадыю. На жаль, супярэчнасці, што існуюць паміж ЗША і Расіяй, не дазваляюць ім прыйсці да поўнай згоды па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Аднак эксперты адзначаюць, што Беларусь зрабіла і працягвае рабіць максімум магчымага для вырашэння канфлікту, часта нават пераўзыходзячы тыя чаканні ад сваёй ролі, якія меліся ў іншых краін. Перспектывы вырашэння ўкраінскага крызісу Беларусь таксама звязвае з дзейнасцю АБСЕ, што прывяло да значнага росту аўтарытэту нашай краіны ў гэтай арганізацыі.

Не трэба забываць і пра тое, што праблемы забеспячэння міру ў еўрапейскім рэгіёне самым цесным чынам звязаны са здольнасцю асобных дзяржаў забяспечваць мір і згоду на сваёй уласнай тэрыторыі. У гэтым плане беларуская мадэль развіцця можа ацэньвацца як узорная для ўрэгулявання патэнцыйных унутраных супярэчнасцей і рознагалоссяў і быць узята на заметку іншымі краінамі. Яе ключавымі элементамі з'яўляюцца забеспячэнне моўнай талерантнасці, верацярпімасці, пастаянная барацьба з карупцыяй і злачыннасцю, не дэкларуемая, а рэальная здольнасць дзяржавы забяспечыць высокія сацыяльныя стандарты для грамадзян. Стратэгічна верным аказалася прынятае на рэферэндуме сярэдзіны 1990-х гадоў рашэнне аб выкарыстанні ў Беларусі дзвюх дзяржаўных моў. Дзяржаўныя органы знаходзяцца ў пастаянным кантакце з рэлігійнымі суполкамі, ствараючы атмасферу верацярпімасці і талерантнасці. Што датычыцца барацьбы з карупцыяй, то практычна кожны год вылучаюцца новыя ініцыятывы і ўдасканальваецца заканадаўства ў гэтай сферы, што дазваляе эфектыўна змагацца з гэтай язвай постсавецкіх краін. У сферы барацьбы са злачыннасцю Беларусь па паказчыках усё бліжэй падыходзіць да вядучых еўрапейскіх дзяржаў, якія не перажывалі такой маштабнай ломкі сацыяльных інстытутаў, як тая, што адбывалася ў 1990-х гадах пасля краху СССР. Што да сацыяльных стандартаў, то насельніцтва па заслугах ацэньвае нізкую камунальную плату, бясплатную медыцыну і нізкія тарыфы на праезд у грамадскім транспарце.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».