Вы тут

Удасканальваць тое, што маем


Гэта на сёння найлепшы шлях развіцця.

Учора Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, працягваючы рабочую паездку па Брэсцкай вобласці, наведаў Камянецкі раён, дзе азнаёміўся з ходам выканання яго даручэнняў па навядзенні тэхналагічнага парадку на далучаных да ААТ «Белавежскі» малочнатаварных фермах былога СВК «Савецкая Беларусь».

29-39

29-39

 

Прэзідэнт пабываў на МТФ «Абяроўшчына», дзе яму былі прадстаўлены вынікі яе рэканструкцыі і тэхнічнага перааснашчэння. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся таксама з тэхналагічным працэсам вытворчасці малака высокай якасці на рэканструяванай ферме. Прэзідэнт наведаў таксама мехдвор аддзялення «Расна» ААТ «Белавежскі», дзе азнаёміўся з яго работай па забеспячэнні высокай тэхнічнай гатоўнасці і эфектыўнай эксплуатацыі сучаснага машынна-трактарнага парка.

У час наведвання аддзялення «Расна» Аляксандру Лукашэнку было даложана аб завяршэнні ўборкі збожжавых і нарыхтоўцы кармоў у Беларусі. Размова ў тым ліку ішла аб уборцы кукурузы. Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся там, дзе гэта больш мэтазгодна, убраць кукурузу не на зерне, а выкарыстоўваць яе пры нарыхтоўцы кармоў. Прэзідэнт даручыў таксама выпрацаваць стратэгію вырошчвання рапсу, якая будзе прадугледжваць, што займацца вырошчваннем гэтай культуры павінны тыя гаспадаркі, дзе гэта найбольш выгадна.

«Будучы год для сельскай гаспадаркі стане годам культуры земляробства», — зазначыў Прэзідэнт. Пры гэтым упор будзе зроблены на меліярацыю, дысцыпліну і кадры. Закранаючы апошні аспект, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Калі гэтага не будзе, колькі грошай ні давай, толку ад гэтага не будзе. Таму трэба ў корані ламаць кіраванне».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў сельскай гаспадарцы забеспячэнне дысцыпліны з'яўляецца цяпер пытаннем нумар адзін. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтай галіне дзяржава ўдзяляе асаблівую ўвагу, аказвае падтрымку, у тым ліку фінансавую, забяспечваючы АПК, у прыватнасці, высокапрадукцыйнай сучаснай тэхнікай. «Жалезная дысцыпліна, каб захаваць тэхніку, — сказаў Прэзідэнт. — Патрэбны жалезны кіраўнік, жалезны парадак».

На думку кіраўніка дзяржавы, менавіта гэтым пытанням трэба ў сельскай гаспадарцы ўдзяляць сёння пільную ўвагу. Вялікае значэнне мае таксама дакладнае выкананне тэхналогій. «Калі няма тэхналогіі — гэта злачынства, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Злачынца той, хто закопвае збожжа ў зямлю і ходзіць, глядзіць, чакае ўраджаю. Гэта злачынства, нельга гэтага дапускаць».

Чалавечы фактар

Кіраўнік дзяржавы закрануў тэму дысцыпліны і ў час размовы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ААТ «Белавежскі» і жыхарамі вёскі Расна. «Без дысцыпліны мы будзем ісці па нахільнай, — сказаў Прэзідэнт. — Будзе дысцыпліна, парадак, у тым ліку тэхналагічны — мы будзем развівацца».

«Калі будзе добры кіраўнік, пару-тройку моцных спецыялістаў — гаспадарка будзе адраджацца. Калі таго няма — не патрэбны тады ні тэхніка, ні грошы, ні зарплата. Гэтай гаспадаркі не будзе», — прадоўжыў Прэзідэнт. Найлепшым, паводле яго слоў, будзе шлях удасканалення таго, што ёсць. «Не трэба нічога ламаць. У нас на ломку і памылкі грошай няма», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што «добра працуючыя людзі павінны і добра зарабляць, добра жыць і быць прыкладам для іншых».

«У Беларусі сёння толькі гультай можа жыць дрэнна», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Усё ў руках чалавека, і ён перш за ўсё сам павінен паклапаціцца аб сабе і аб сваёй сям'і, а потым патрабаваць ужо ад дзяржавы, якая, адзначыў Прэзідэнт, «павінна займацца сваімі функцыямі, а кожны грамадзянін павінен рабіць тое, што ён павінен рабіць, кіраўнік — тое ж самае».

Псіхалогію трэба мяняць

Гаворачы аб сітуацыі на валютным рынку, Прэзідэнт звярнуўся да прысутных: «Навошта долар? Купіць імпартнае і паехаць у Егіпет адпачыць?» — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да прысутных. «Перажывём. Вазьміце Белавежскую пушчу — духаты ніякай, цудоўнае паветра. Браслаўскія азёры. Азёр хапае, абмялелі крыху, але вады хапае. Адпачнём як-небудзь у гэты цяжкі час дома», — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у краіне выпускаецца выдатная прадукцыя. Заканчваецца мадэрнізацыя камвольнага камбіната, ільнаводчай галіны, выпускаецца ўвесь спектр баваўнянай прадукцыі. «І рынкі з'явіліся, і прадаём, і з задавальненнем купляюць наша, беларускае», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Давайце наша, беларускае, паносім! — прадоўжыў Прэзідэнт. — Няхай лепш яно будзе крыху не тых мод, без дзірак на каленях.» «У нас жа чыстая прадукцыя, мы ДАСТы захавалі. Бо харчаванне і адзенне — гэта здароўе чалавека», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

«Усё мы ўмеем рабіць, усё робім, але трэба больш глядзець на сябе, на сваю краіну і купляць свайго. Будуць спажываць 10 млн чалавек і тыя 2 млн, якія праз нас пастаянна рухаюцца, дык і прадаваць за межы краіны застанецца зусім нічога — праблем не будзе. Таму трэба яшчэ і сваю псіхалогію мяняць», — лічыць Прэзідэнт.

«У нас ёсць група спекулянтаў, як і ў любой краіне, якія прывыклі гуляць: сёння куплю, заўтра перапрадам. Не, з дзяржавай у азартныя гульні не раю гуляць. Цяпер адпусцілі курс. Хочаце купіць долар — плаціце тую цану, якая складваецца на рынку. Мы яго не трымаем, проста назіраем за цэнамі. І трымаць небяспечна», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Засуха не страшная

Няма падстаў хвалявацца наконт наступстваў засухі для харчовай бяспекі краіны, выказаў упэўненасць Прэзідэнт, адказваючы на пытанне, ці ёсць апасенні, што краіна сутыкнецца з няхваткай прадуктаў харчавання, сыравіны для перапрацоўчай прамысловасці ў сувязі з анамальнай гарачынёй. Нягледзячы на засуху, у гэтым годзе ў Беларусі атрыманы добры ўраджай збожжа. Намалочана прыкладна на 500 млн т менш, чым у 2014-м. Пры гэтым у краіне створаны запас у памеры 2 млн т. «Таму насельніцтву хвалявацца не трэба. Мы ўжо сёння маем менавіта столькі, колькі нам трэба па дзяржзаказе збожжа, і цяпер гаспадаркі просяць узяць у іх збожжа», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прызнаўся, што ў сувязі з засухай яго хвалюе сітуацыя на Палессі, паколькі «яны пацярпелі больш за ўсё — там пяскі». У бліжэйшы час кіраўнік дзяржавы мае намер асабіста азнаёміцца са станам спраў у гэтым рэгіёне. «Але ў мяне няма ніякіх сумненняў у тым, што краіна наступстваў гэтай засухі не заўважыць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Чаму вучаць у школе?

Перад пачаткам новага навучальнага года ў размове была закранута і тэма навучання дзяцей. Аляксандр Лукашэнка расказаў аб захапленнях свайго малодшага сына Мікалая, адзначыўшы, што яго малодшы сын вучыцца толькі ў школе. «Я ў інтэрнэце не чытаю, але мне дакладваюць, што пішуць, быццам бы ён адзін дзень схадзіў, а потым да яго прыходзяць. Нічога падобнага! Маё дзіця вучыцца толькі ў школе, у вясковай школе. Мы там жывём недалёка, у той жа вёсцы вучыцца дзіця. Там 500 з лішнім дзяцей у школе», — сказаў ён.

Прэзідэнт расказаў, што Мікалай шмат займаецца спортам. І больш таго, сур'ёзна займаецца музыкай. «Тры дні ў тыдзень па дзве гадзіны музычнай школы. Гэта перагрузка сур'ёзная», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра школьныя нагрузкі, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў краіне пачалі ўдасканальваць агульнаадукацыйны працэс. Пад гэту задачу назначылі новага міністра адукацыі. Прэзідэнт у бліжэйшы час мае намер разгледзець, як ідзе работа ў гэтым напрамку.

«Дзеці па 6 гадзін, рэдка 5, у школе і па 2-3 гадзіны дома — яны шмат займаюцца, у тым ліку ў суботу. І што я заўважыў? Ды дзеці дзецьмі перасталі быць пры гэтых нагрузках! Хто згорбіўся, у каго скаліёз — нездаровае пакаленне, — адзначыў Прэзідэнт. — 5-6 урокаў плюс 2 дома — усе 8 гадзін. Слухайце, 11 гадоў — малыш, ці ён можа вытрымаць гэта?»

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што менавіта па гэтай прычыне было прынята рашэнне аддаць суботу на працоўнае навучанне і фізічнае выхаванне. Аднак, паводле яго слоў, у многіх школах пайшоў іншы перакос: «Усе вырашылі, што субота — гэта на работу не хаджу, выхадны. Не, субота — гэта разгрузачны дзень для мазгоў, нагрузка фізічная, каб дзеці раслі нармальна».

«Ну што такое? Хлопец у 17-18 гадоў пасля арміі прыходзіць і не ведае, што такое малаток, сякера, стамеска, фуганак, рубанак, напільнік, долата і гэтак далей, — прадоўжыў Прэзідэнт. — А лямпачку ўкруціць? Спачатку палец усуне, каб праверыць, ці ёсць там напружанне, а потым лямпачку закручвае. Катастрофа! Таму я хачу, каб хаця б, як нас, вучылі ў школе гэтаму элементарнаму, а можа, і не толькі элементарнаму на ўроках працы».

«Фізкультура павінна праходзіць не так, як у нас у школе бывае: кінуў мяч — і целяпайся. Гэта павінны быць спаборніцкія мерапрыемствы. Хтосьці гуляе ў футбол, хтосьці ў валейбол, баскетбол... А гэта можна зрабіць, калі ў цябе не 40 мінут. Гэта ж трэба пераапрануцца, а ў добрых школах і душ прыняць дзіцяці. А што ты за 45 мінут зробіш? Нічога. Таму трэба вынесці на суботу гэтыя мерапрыемствы», — лічыць беларускі лідар. «Вось што трэба было зрабіць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Дзеці перагружаны нават пасля таго, як былі прыняты пэўныя меры. І цяпер мы іх дапрацоўваем. Але я баюся, каб палку не перагнуць», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт паабяцаў, што з наступнага навучальнага года школьныя падручнікі будуць спрошчаны. Гэты працэс пачаўся ўжо. «Поўнасцю пераробім! Мы пазбавім у школе дзяцей ад таго, каб ім упіхвалі прадметы і аб'ёмы ведаў з вышэйшай школы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў школьную праграму ўжо многае перанеслі з вышэйшай адукацыі. «Навошта? У школе трэба стварыць базу, сарыентаваць чалавека, каб ён зразумеў, ці ён на зямлю пойдзе працаваць, ці ў іншую сферу, каб ён дакладна гэта ўсвядоміў. І даць яму патрэбны аб'ём ведаў, які ён зможа засвоіць. Дзеці ж розныя. І ў сярэдняй школе адбудзецца адбор: нехта ў вышэйшую адукацыю пойдзе, нехта ў каледжы і тэхнікумы, нехта ў вучылішча», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Прэзідэнт падкрэсліў, што ў цэлым беларуская адукацыя не ўступае сусветным стандартам.

Паводле БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.