Вы тут

Праверыць кожны бланк


Як у камісіях адсочваюць сапраўднасць подпісаў.

«Мы, як па Старым пісанні і жывём: шэсць дзён працуем, а на сёмы адпачываем», — жартуе Генадзь ШЭБЕС, старшыня Кастрычніцкай раённай камісіі Мінска па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, член Мінскай гарадской арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Але ў кожным жарце ёсць доля праўды. Трынаццаць членаў камісіі ў невялікім кабінеце працуюць плячо да пляча над болей чым 40 тысячамі подпісаў за кандыдатаў на ўдзел у выбарах ужо амаль тыдзень. У іх руках — запоўненыя бланкі, якіх пасля ўважлівай праверкі на сапраўднасць можа паменшыцца.

— Спачатку мы выключаем подпісы выбаршчыкаў, якія зняты імі самімі да здачы лістоў у тэрытарыяльную камісію, — расказвае Генадзь Вульфавіч. — Напрыклад, чалавек узгадаў, што распісаўся не за таго кандыдата ці перадумаў. Далей прыбіраем подпісы, выкрасленыя членам ініцыятыўнай групы. Гэта выпадкі, калі ён раптам дабавіў чалавека ў падпісны ліст, а пасля глядзіць — у таго пашпарт не беларускі, а іншай дзяржавы. Значыць, яго подпіс не правамоцны.

Па словах старшыні камісіі, трэці пункт праверкі — наяўнасць звестак аб кандыдаце — амаль заўжды з нулявым паказчыкам «браку», бо гэтыя пачатковыя графы запаўняюцца праз камп'ютар перад зборам подпісаў. Але часам здараецца, што ў бланк забываюцца ўпісаць члена ініцыятыўнай групы. «Такія лісты мы таксама выключаем», — кажа Генадзь Шэбес.

Найбольш за ўсё подпісаў не ўлічваецца па чацвёртым паказчыку — «грамадзяне, якія не пражываюць на тэрыторыі раёна, горада, абласнога цэнтра, раённага горада». Так адбываецца вельмі часта, нават калі член ініцыятыўнай групы ходзіць па кватэрах дамоў раёна. Бо чалавек можа пражываць па адным адрасе, а быць прапісаным па іншым. Ужо не кажучы пра збор подпісаў на вуліцы...

І толькі пасля таго, як усе несапраўдныя подпісы выключаны і падрабязныя акты здадзены ў ЦВК, робіцца далейшая дваццаціпрацэнтная выбарка для праверкі на дакладнасць. «Часам трапляецца ліст, у якім відавочна ўсё напісана адной рукой», — дзеліцца вопытам Генадзь Вульфавіч. Ён звяртаецца да членаў камісіі, і тыя хутка працягваюць праз стол нам адзін такі. Безумоўна, старшыня камісіі мае рацыю, бо пры адным позірку на дакумент складваецца адчуванне, што ён запоўнены пад капірку ці спісаны з нейкай базы. «Раней у такіх выпадках мы аддавалі лісты на графалагічную экспертызу. Але спецыялісты не могуць даць 100-працэнтную гарантыю, што почырк адзін і той жа. Таму зараз звяртаемся да саміх грамадзян ці ў адпаведныя органы. Там правяраюць, ці сапраўды па пазначаным адрасе пражывае чалавек, які падпісаўся. Ці не змяніў пашпарт, дзе ён увогуле знаходзіцца», — тлумачыць суразмовец.

Старшыня камісіі прызнаецца, што не ўсе члены ініцыятыўных груп вопытныя і падрыхтаваныя і часам не заўважаюць відавочных рэчаў: «Напрыклад, што ў чалавека не пашпарт грамадзяніна Беларусі, а толькі па-
сведчанне на права жыхарства». Па сутнасці, ніхто не абавязвае зборшчыкаў подпісаў не памыляцца. Але праца камісіі пры сумленным падыходзе членаў груп значна аблягчаецца. «Калі б члены ініцыятыўных груп хаця б дзясятую частку артыкулаў Выбарчага кодэксу ведалі і разумелі, то працэс бы праходзіў нашмат хутчэй», — кажа ён.

На маё пытанне «Ці не «замыльваецца» вока цэлы дзень правяраць бланкі?» Генадзь Шэбес упэўнена адказвае: «Не». «Для гэтага і даецца так шмат дзён. Калі казаць пра тэхналогію, то спачатку мы хутка праглядаем дакументы, пасля больш уважліва і трэці раз максімальна пільна. Бо за адзін раз усе памылкі не ўбачыш», — падсумоўвае ён і працягвае праверку.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».