Вы тут

Адмаўляцца ад цэнтралізаванага тэсціравання ніхто не плануе


А вось магчымасці для абітурыентаў могуць пашырыцца...

Сёлета ў Дзяржаўную камісію па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзеннем уступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах паступілі 27 пісьмовых і 92 вусныя звароты. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі, прысвечанай падвядзенню вынікаў уступнай кампаніі, паведаміла журналістам віцэ-прэм'ер беларускага ўрада, старшыня камісіі Наталля КАЧАНАВА. У тым ліку было некалькі зваротаў ад бацькоў абітурыентаў, якія палічылі, што веды іх дзяцей на цэнтралізаваным тэсціраванні былі ацэнены неаб'ектыўна.

29-44

29-44

 

— Мы выязджалі ў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, каб паглядзець на тэставыя работы гэтых абітурыентаў, і ніякіх пытанняў наконт выстаўленых у сертыфікатах балаў у членаў камісіі не ўзнікла. Адна маці настаяла на тым, каб асабіста пераканацца, што атрыманая ацэнка адпавядае прадэманстраваным на экзамене ведам. Рэпетытар пераконваў бацькоў, што такой нізкай ацэнкі ў іх дзіцяці быць не можа. Ёй пайшлі насустрач і запрасілі ў інстытут кантролю ведаў, каб развеяць усе сумненні, — дадала Наталля Качанава.

Цэнтралізаванае тэсціраванне ў гэтым годзе прайшлі 99,2 тысячы чалавек. За розныя парушэнні правіл правядзення ЦТ (наяўнасць мабільных тэлефонаў, шпаргалкі) ад экзамену былі адхілены 12 чалавек — гэта ўдвая менш, чым у папярэднім годзе. Але ўжо пасля выяўлення ў экзаменацыйных аўдыторыях першых парушальнікаў члены штаба дзяржаўнай камісіі наведалі некалькі ВНУ, на базе якіх праходзіла ЦТ, каб асабіста пераканацца, што тлумачальная работа сярод абітурыентаў праводзіцца якасна, а тыя, хто парушаюць устаноўленыя правілы, робяць гэта свядома.

«Геаграфія» стабальнікаў

Сярод удзельнікаў ЦТ выпускнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі гэтага года склалі амаль палову (47,4%). Адну трэць склалі выпускнікі папярэдніх гадоў. Астатнія з'яўляюцца выпускнікамі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

У 277 выпадках (па 9 вучэбных прадметах) абітурыенты паказалі абсалютныя вынікі — 100 балаў: па рускай мове — 83, беларускай мове — 18, матэматыцы — 89, грамадазнаўстве — 29, англійскай мове — 23, хіміі — 21, фізіцы — 7, біялогіі — 5 і гісторыі Беларусі — 2. А 11 абітурыентаў атрымалі 100 балаў па двух вучэбных прадметах.

Сярод стабальнікаў 111 чалавек з'яўляюцца выпускнікамі гімназій, 59 — ліцэяў, 72 закончылі сярэднія школы, 1 выпускнік сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы і 23 выпускнікі папярэдніх гадоў.

Наталля Качанава з задавальненнем адзначыла, што сярод уладальнікаў 100-бальных сертыфікатаў ёсць не толькі мінчане і жыхары абласных цэнтраў, але і абітурыенты, якія навучаліся ў сельскіх школах (8 чалавек), у школах малых населеных пунктах (6 чалавек) і ў райцэнтрах (105 чалавек).

Фізіка і матэматыка — у аўтсайдарах

Як і ў папярэднія гады, горш за іншыя прадметы абітурыенты здалі фізіку і матэматыку. Нуль балаў абітурыенты атрымалі ў 237 выпадках, прычым 6 чалавек умудрыліся набраць нуль балаў адразу па двух вучэбных прадметах. Большасць нулявых вынікаў мела месца менавіта на ЦТ па фізіцы і матэматыцы.

Тэставы бал, ніжэйшы за ўстаноўлены мінімальны парог на ЦТ, па дзяржаўнай мове і першай профільнай дысцыпліне набралі 35 тысяч 205 чалавек, гэта значыць, што кожны трэці абітурыент аўтаматычна выбыў з прыёмнай кампаніі і не мог удзельнічаць у конкурсе. Адначасова па трох прадметах не пераадолеў парог 2031 абітурыент, па двух — 10 572, па адным — 22 602.

— Мяркую, што адна з прычын, чаму абітурыенты дрэнна здаюць тэсціраванне па матэматыцы і фізіцы, — гэта праца педагогаў. Калі настаўнік не зацікавіў дзіця сваім прадметам, калі для вучня ў пэўны момант нейкая інфармацыя засталася незразумелай, а настаўнік гэта не заўважыў, то праблема далей нарастае як снежны ком, — падзялілася сваім бачаннем сітуацыі Наталля Качанава. — На жаль, былі часы, калі на педагагічныя спецыяльнасці паступалі не самыя моцныя абітурыенты. І цяпер яны ўжо ў якасці настаўнікаў прыйшлі ў нашы школы. Таму мы ў гэтым годзе вельмі парадаваліся за тое, што сітуацыя з наборам на педагагічныя спецыяльнасці змянілася ў лепшы бок. Усе яны вельмі хутка ўкамплектаваліся.

Конкурс на журналіста

Міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ дадаў, што прахадныя балы павялічыліся па многіх педагагічных спецыяльнасцях. Так, у Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце на спецыяльнасць «Пачатковая адукацыя» прахадны бал склаў 315, а ў папярэднім годзе ён быў 132, у БДПУ імя М.Танка на «Лагапедыю» — 279 ( быў 244), на «Гісторыю» ў БДУ — 292 (быў 254). Незапоўненымі засталіся толькі 9 месцаў у Магілёўскім дзяржаўным педагагічным універсітэце на спецыяльнасці «Фізіка, інфарматыка».

У некаторых ВНУ праводзіўся дадатковы набор, але парогавыя значэнні прахадных балаў па выніках ЦТ не зніжаліся. Пасля яго завяршэння засталіся вакантнымі 147 бюджэтных месцаў.

Самыя высокія прахадныя балы былі сёлета зарэгістраваны ў БДУ на спецыяльнасцях «Міжнародныя адносіны» — 378, «Міжнароднае права» — 383, «Бізнес-адміністрыраванне» — 374, «Журналістыка» (аўдыявізуальная) — 382 . Вельмі высокія прахадныя балы былі традыцыйна на спецыяльнасцях, звязаных з ІТ-сферай і ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце (на «Стаматалогіі» — 371).

Чацвёртая дысцыпліна на ЦТ

Міхаіл Жураўкоў запэўніў, што ў найбліжэйшыя гады ніхто ў нашай краіне адмаўляцца ад сістэмы цэнтралізаванага тэсціравання не збіраецца, і папярэдзіў: балы, якія абітурыенты атрымліваюць на ЦТ, нельга супастаўляць з адзнакамі, атрыманымі выпускнікамі ў школе (гэта самая распаўсюджаная памылка), таму што на ЦТ дзейнічае зусім іншая (рэйтынгавая) сістэма ацэньвання. Міністр таксама паведаміў пра змены ў сістэме прыёму ў ВНУ Беларусі, якія могуць адбыцца ў 2017 годзе, калі іх ухваліць кіраўнік нашай дзяржавы. Па-першае, абітурыентам могуць дазволіць здаваць на ЦТ не тры дысцыпліны, а чатыры і нават больш, што пашырыць магчымасці пры выбары спецыяльнасці. Яшчэ адна з прапаноў — дазволіць абітурыентам падаваць дакументы для паступлення на блізкія спецыяльнасці ў розныя ўніверсітэты.

Раней 2017 года змяненні ўвесці нельга, паколькі абітурыенты 2016 года ўжо фактычна распачалі сваю падрыхтоўку да будучай прыёмнай кампаніі. Міністр падкрэсліў, што здача чацвёртага экзамену стане дадатковай магчымасцю для абітурыентаў, але калі яны не пажадаюць, то ніхто іх прымушаць не будзе.

Наталля Качанава, у сваю чаргу, распавяла пра недахопы прайшоўшай уступнай кампаніі. На жаль, мелі месца выпадкі, калі сярэдні бал дакумента аб адукацыі падлічваўся няправільна, што пагаршала ўмовы для абітурыента пры падліку агульнай сумы балаў (за тры сертыфікаты і атэстат). Акрамя таго, дзяржаўная камісія знайшла шэраг недакладнай інфармацыі ў зборніках «Абітурыент-2015», дзе прыводзіліся, напрыклад, няправільныя звесткі па памеры аплаты за навучанне.

Плата за навучанне

Улічваючы змяншэнне кантынгенту абітурыентаў з прычыны дэмаграфічнай сітуацыі, гучалі прапановы істотна скараціць колькасць месцаў на платнай форме навучання ў ВНУ.

— Мы вырашылі, што рабіць гэта не трэба. Чаму маладыя людзі не могуць вучыцца ў сваёй краіне, калі мы можам прадаставіць ім такую магчымасць? — патлумачыла сваю думку віцэ-прэм'ер.

Дарэчы, прыватныя ўстановы вышэйшай адукацыі выканалі план прыёму ў гэтым годзе толькі на 46,3%.

Наталля Качанава запэўніла, што кошт навучання ў беларускіх ВНУ ў найбліжэйшы год змяняць не плануецца. Будуць дзейнічаць раней заключаныя дамовы. Што тычыцца павелічэння сумы навучання для першакурснікаў, то гаворка ідзе не пра павышэнне кошту, а пра кампенсацыю тых выдаткаў, якія нясе сёння ВНУ для навучання маладога чалавека. А яны пастаянна растуць. Кошт навучання для першакурснікаў устанаўліваецца з улікам дзеючага памеру тарыфнай стаўкі першага разраду, устаноўленай для работнікаў бюджэтных арганізацый, узроўню цэн і тарыфаў на камунальныя паслугі і паслугі сувязі па стане на 1 ліпеня гэтага года.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.