Вы тут

Як Міцкевіч «пасябраваў» з Сысам


Чаго толькі ні прыдумаюць разумныя галовы!

Пераважная большасць ідэй, якія змянілі і працягваюць змяняць сусвет, з'явілася ў галовах прадстаўнікоў маладога пакалення. Але добрая задума — гэта толькі палова поспеху, бо, сутыкаючыся з рэальнасцю, многія са стваральнікаў страчваюць веру ў свае сілы і спыняюць працу. Мы адшукалі тры ідэі, што былі рэалізаваны рознымі шляхамі і якія могуць натхніць вас на скарэнне новых вяршыняў.

10-14

 

 

Адзін у полі — герой

Самы надзейны і адначасова самы складаны шлях да рэалізацыі задумы — рабіць усё самому. Менавіта ім пайшоў праграміст Алег ХВЯДЗЬКОВІЧ. Хлопец даўно марыў займець праект, у межах якога ён мог бы прафесійна самаўдасканальвацца і развівацца. На ўласную ж ідэю Алега натхніў матэрыял у адной з газет, у якім распавядалі пра лёсы рэпрэсаваных у савецкія часы беларусаў.

— Мне падумалася, што было б цікава падаць інфармацыю пра славутых суайчыннікаў у нейкай незвычайнай форме, — расказвае праграміст. — Каб кожны мог зайсці на сайт і даведацца пра любую значную для нашай гісторыі персону. Калі пачаў рэалізоўваць задуму, зразумеў, што людзі не вельмі любяць чытаць класічныя энцыклапедычныя артыкулы. Скажам, у «Вікіпедыі» многія проста прагортваюць старонку, бо чытаць даўжэзны тэкст моладзі не падабаецца. Цікава іншае — глядзець малюнкі, нейкую візуалізаваную інфармацыю.

Пасля доўгіх разважанняў Алег прыйшоў да сапраўды незвычайнай формы падачы — ён стварыў... сацыяльную сетку, у якой вядомыя беларусы маюць свае старонкі. Стужка падзей, фотаздымкі, сябры, геалакацыі — тут ёсць усё звыклае для любога аматара бавіць час у «Фэйсбуку» ці «УКантакце». Праект атрымаў назву «Беларускія героі» і працуе ўжо амаль год.

— Ніякага прынцыпу адбору герояў для сайта не існуе, — кажа Алег. — Звычайна трапляюцца гісторыі людзей, пра якіх, на маю думку, варта было б ведаць. Я заношу гэтыя імёны ў спецыяльны спіс, і потым у іх з'яўляюцца свае старонкі. Спачатку імкнуўся рабіць анкеты найбольш вядомых асоб, каб павысіць наведвальнасць. Напрыклад, класікаў літаратуры, спартсменаў. Цяпер жа карыстальнікі часта дасылаюць мне гісторыі людзей, пра якіх я ўвогуле нічога не чуў.

Сёння на сайце амаль паўсотні лёсаў славутых беларусаў, прадстаўленых у выглядзе хронік. Ад Пятра Машэрава да Уладзіміра Дубоўкі, ад Уладзіміра Карвата да Аркадзя Смоліча, ад Вікторыі Азаранкі да князя Вітаўта. Падобныя па родзе дзейнасці героі звычайна знаходзяцца адзін у аднаго «ў сябрах», незалежна ад часу жыцця і рэальных адносін, напрыклад, у Адама Міцкевіча гэта паэты Дубоўка, Сыс, Жылка і іншыя.

— Усю тэхнічную працу па сайце я выконваю сам, — дзеліцца стваральнік. — Першым часам мне дапамагалі шукаць цікавую інфармацыю, але цяпер і з гэтым праблем няма. Вядома, можна было зрабіць усё па прынцыпе «Вікіпедыі», калі карыстальнікі самі маюць магчымасць рэдагавання. Але ў такім выпадку шмат часу ішло б на мадэрацыю і кантроль. Зрэшты, зусім нядаўна на мяне выйшлі адразу два чалавекі, якія вельмі прафесійна і якасна склалі артыкулы пра Уладзіміра Жылку, Уладзіміра Дубоўку, Ігната Дамейку, Анатоля Сыса і гэтым моцна мне дапамаглі, бо пошук інфармацыі займае шмат часу.

Грошы на ўтрыманне сайта Алег бярэ з уласнага бюджэту. Прыбыткаў праект не прыносіць, але для хлопца гэта не галоўнае — яму хочацца, каб як мага больш людзей маглі даведацца пра цікавае з жыцця беларускіх герояў.

]

10-13

 

 

Спадчына з арнаментам

Навучэнка V курса Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці Вераніка КЛЮЕВА летась выпусціла ўласную калекцыю адзення. Называецца яна «Віленскі шлях». Сукенкі, сарафаны, блузы, сумкі і галаўныя ўборы аздоблены арнаментам. Рэалізоўваўся праект праз конкурс «100 ідэй для Беларусі».

Усё юнацтва Вераніка займалася тэатрам, спевамі і танцамі, а ў школе была выдатніцай. Але пасля выпускнога вырашыла неяк змяніць сваё жыццё і не пайшла па звыклым шляху атрымання вышэйшай адукацыі. Ледзь не выпадкова трапіла ў каледж швейнай вытворчасці. Першы час нават шкадавала, бо прафесія не з лёгкіх, але паступова прызвычаілася і дзякуючы выкладчыкам палюбіла сваю працу.

— У нас ёсць такая дысцыпліна, як «Гісторыя касцюма», дзе мы вывучаем традыцыі адзення ва ўсіх краінах, — узгадвае Вераніка. — Калі дайшлі да Беларусі, мяне, што называецца, «зачапілі» нашы народныя строі. Захацелася зрабіць нешта сваё на іх аснове, тым больш што ў нас многія не цэняць аўтэнтычнасці і непаўторнасці адзення продкаў. Напрыклад, мала хто ведае, што азначаюць розныя элементы арнаменту, а гэта ж як сапраўдная кніга! Ды і ўвогуле, я лічу, што гісторыя і культура нашай краіны вартыя вялікай павагі. Так і нарадзілася задума зрабіць сваю лінію адзення.

Вераніка пачала працу з вывучэння строю, распаўсюджанага ў беларускім Паазер'і — славутым краі, пра які пісаў яшчэ Ян Баршчэўскі. Матэрыялам для калекцыі стаў нябелены лён, амаль такі самы, якім карысталіся нашы продкі. Складаная вышыўка рабілася як уручную, так і пры дапамозе філейнай сеткі. На выхадзе — пяць камплектаў жаночага адзення з беларускімі матывамі.

— Праект праходзіў сетку адбору «100 ідэй для Беларусі» больш за год, — кажа аўтар. — Галоўным дасягненнем лічу тое, што яго на аглядзе адзначыў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. Ён прапанаваў запусціць калекцыю ў вытворчасць. Зразумела, не ў якасці паўсядзённага адзення, а як уніформу для супрацоўнікаў аграсядзіб. Я ўжо падрыхтавала бізнес-план, можа быць, у хуткім часе ў сукенках з маёй калекцыі будуць сустракаць турыстаў.

Дарэчы, з будучай прафесіяй Вераніка вызначылася дакладна — яна будзе падбіраць людзям гардэроб ва ўласным атэлье. Пакуль жа дзяўчына трэніруецца і цалкам апранае сама сябе.

Паштоўкі робяць талакою!

Дызайнер Настасся ДЫРО здаўна захаплялася пасткросінгам. Дасылаць паштоўкі ва ўсе канцы свету і атрымліваць іх у адказ — даволі папулярнае ў беларусаў хобі. Праўда, ледзь не кожны айчынны пасткросер скардзіцца на тое, што знайсці сапраўды незвычайную картку ў нас цяжка. Разам з сябрам Яўгенам ЛОЙКАМ дзяўчына вырашыла зрабіць серыю паштовак, якія было б прыемна дасылаць і атрымліваць.

У іх саюзе нарадзілася канцэпцыя праекта «Навуковыя паштоўкі». Настасся і Яўген выпускаюць карткі, прысвечаныя навуковым законам, падзеям і персаналіям. Акрамя непасрэдна самой паштоўкі, атрымальніка чакае сюрпрыз — калі адсканаваць спецыяльны графічны QR-код пры дапамозе смартфона, можна паглядзець мультфільм. Звычайна гэта прыгожая гісторыя, якая ілюструе якую-небудзь навуковую з'яву.

— Мая роля ў праекце выключна мастацкая, — распавядае Настасся. — Я раблю ілюстрацыі і мультфільмы. Яўген жа стварае ідэі для паштовак, а таксама займаецца арганізацыйнымі пытаннямі. Першапачаткова хацелі ўвогуле скласці цэлы каляндар навуковых свят, бо людзі пра іх мала ведаюць. Вырашылі зрабіць пробную партыю паштовак, прысвечаных Дню гравітацыі, які святкуецца ў дзень нараджэння Ісаака Ньютана — 25 снежня. Гатовы варыянт даслалі сябрам. Ім спадабалася, мы вырашылі працягваць.

Пасля гэтага былі карткі да Дня эвалюцыі, пра беларускага навукоўца Якуба Наркевіча-Ёдку і нават да 14 лютага — з фотаздымкам Зямлі, зробленым з касмічнага апарата «Вояджар»... Акрамя гэтага, Наста і Яўген рабілі асобныя тэматычныя паштовыя карткі для Музея гісторыі беларускага кіно, Мінскага планетарыя і да Дня роднай мовы.

— Мы размясцілі свой праект на пляцоўцы Talaka.by яшчэ тады, калі магчымасці збіраць грошы на рэалізацыю сваёй ідэі там не было, — узгадвае Настасся. — У мяне, шчыра кажучы, неставала часу займацца чымсьці, акрамя малявання. Таму шукалі людзей, якія дапамаглі б вырашыць пытанні з друкарняй, з продажам і г.д. — атрымалася.

Цяпер «Навуковыя паштоўкі» працягваюць развівацца. Аўтары плануюць і далей пашыраць кола тэм. Дагэтуль асноўнай навукай, на якую рабіўся ўпор, была фізіка. Цяпер жа закранаюцца і біялагічныя з'явы (адна з апошніх паштовак прысвечана ціхаходкам, або вадзяным мядзведзікам — «моцным і мужным жывёлам», як кажа аўтарка). Ёсць ідэі геаграфічных і іншых картак.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.