Вы тут

Тут вучаць Беларусь любіць...


Чарговая лекцыя... Студэнты абмяркоўваюць з выкладчыкам беларускую літаратуру. Закранаюць пытанне адрознення твораў літаратараў з Заходняй Беларусі і БССР у 20-я — 30-я гады мінулага стагоддзя. Супастаўляюць лёсы Францішка Аляхновіча і Лукаша Калюгі. Здавалася б, звычайная пара, скажам, на філалагічным факультэце. Толькі вось усе гэтыя студэнты — замежнікі: яны прыехалі ў Мінск на два тыдні, каб вывучаць беларускую мову і культуру падчас Міжнароднай летняй школы беларусістыкі, якую сёлета праводзяць Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

[caption id="attachment_100151" align="alignnone" width="600"]10-10 Адам Фал­бер (спра­ва) і ва­лан­цё­ры.[/caption]

— Беларуссю я зацікавіўся вельмі даўно, — дзеліцца Адам ФАЛБЕР з Чэхіі. — Нават не ведаю, з чым гэта звязана, нібыта нейкі лёс. Калі ўзгадваць канкрэтны эпізод з жыцця, то яшчэ ў школе сем гадоў таму мне давялося рыхтаваць прэзентацыю пра Беларусь. Тады я заўважыў, што па-чэшску знайсці нешта пра вашу краіну вельмі цяжка. У інстытуце займаюся вывучэннем Усходняй Еўропы, пішу дыпломную працу на тэму традыцыйнай і сучаснай дзяржаўнай сімволікі Беларусі, за гэтым сюды і прыехаў.

Акрамя геральдыкі Адам вывучае беларускую гісторыю, культуру і традыцыі. Хлопец прызнаецца, што ў нашай краіне яго цікавіць усё без выключэння. Дарэчы, гэты прыезд для чэха не дэбютны, упершыню ў нас ён апынуўся падчас чэмпіянату свету па хакеі, калі чэшскім фанатам пры наяўнасці білета на матч не патрэбна была віза. Падчас гэтай паездкі займеў першых беларускіх сяброў, і другі раз прыязджаў ужо да іх. Трэці раз — на стажыроўку ў БДУ. Адзінае, што засмучае чэха, — у Празе ён не зможа практыкавацца ў мове, бо размаўляць па-беларуску няма з кім.

— Падобная школа праводзілася Беларускім дзяржаўным універсітэтам ў 1990-я гады, — распавядае метадыст кафедры маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Святлана МАКОЎЧЫК. — І вось праз столькі гадоў мы вырашылі аднавіць гэты праект. Як паказвае практыка, замежнікаў, якія цікавяцца беларускай культурай і гісторыяй, нямала. Сіёры Кіёсава з Японіі нават арганізавала факультатыў па беларускай мове ў сябе на факультэце, Адам Фалбер прыязджае ў краіну не першы раз... Некаторыя пачаткоўцы кааперуюцца з сябрамі, якія ўжо нешта ведаюць пра Беларусь. Геаграфія даволі шырокая: Венгрыя, Германія, Польшча, Расія, Славакія, Чэхія, Японія — усяго 24 чалавекі. І гэта далёка не ўсе, хто сёлета хацеў да нас трапіць.

[caption id="attachment_100153" align="alignnone" width="600"]10-12 Бе­ла­рус­кія ва­лан­цё­ры заў­сё­ды ў гу­мо­ры.[/caption]

— У Маскве ў мяне былі сябры-беларусы, таму я ведала мову «пасіўна»: размаўляла з імі, чытала беларускія кнігі, — кажа Варвара ПОВАРАВА з філалагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. — Я добра ведаю ўкраінскую, таму вывучаць беларускую мне было лёгка. Праз наша студэнцкае таварыства даведалася, што можна паехаць у Беларусь, папрактыкавацца, і вырашыла не прапускаць такі шанц. Летась прыязджала ў Мінск на фестываль моў, але толькі на два дні. Гэтага часу мала, каб грунтоўна пазнаёміцца з краінай. А вось за час школы ўжо тройчы схадзіла ў Купалаўскі тэатр, я яго вельмі люблю. Глядзела «Пінскую шляхту», «Людзей на балоце» і, зразумела, «Паўлінку». З мерапрыемстваў найбольш запомнілася наведванне музея Якуба Коласа ў Мікалаеўшчыне. Там быў выдатны гід, вясковы дзед, які добра ведае дэталі біяграфіі класіка, але можа расказаць і пра сялянскі побыт. У яго руках усе хатнія прылады ажываюць, і ты сапраўды быццам падарожнічаеш у часе. Увогуле, у гэтым месцы пануе неверагодны спакой, я там адчуваю сябе вельмі ўтульна. Праўда, з Коласа пакуль нічога не чытала, але паездка мяне натхніла — абавязкова ліквідую прабел. Мінск мне таксама спадабаўся, пасля Масквы я тут адпачываю душой і, шчыра кажучы, зусім не хачу вяртацца.

...Тым часам надыходзіць сярэдзіна дня. Паміж практычнымі і лекцыйнымі заняткамі студэнтаў чакае кава-паўза. У вялікім пакоі накрываюць на стол: пячэнне, кубкі з гарбатай і кавай. Займаюцца гэтым беларускія валанцёры.

— У маі мы з сяброўкай былі на VІ Міжнародным кангрэсе беларусістаў, — успамінае студэнтка ІV курса спецыяльнасці «славянская (польская і беларуская) філалогія» філалагічнага факультэта БДУ Аліна АГРЭНІЧ, — дзе трапілі на секцыю «Беларуская мова як замежная». Прыйшлі туды з тым, каб падтрымаць нашу добрую сяброўку Сіёры Кіёсава. Там жа даведаліся аб правядзенні летняй школы беларусістыкі. Вядома, захацелася туды патрапіць. Ужо пазней выкладчыца Анжаліка Садоўская прапанавала нам узяць у ёй удзел у якасці валанцёраў, і мы без ваганняў пагадзіліся. Атрымалі незабыўныя ўражанні. Сюды прыехалі вельмі добразычлівыя людзі з адкрытымі сэрцамі. І мы шчаслівыя, што ім тут падабаецца. Нам радасна, што навучэнцы наладзілі сувязі паміж сабой, хочацца верыць, што яны застануцца сябрамі і пасля заканчэння школы.

[caption id="attachment_100152" align="alignnone" width="600"]10-11 Сур'­ёз­ныя раз­мо­вы пра бе­ла­рус­кую лі­та­ра­ту­ру.[/caption]

Дзяўчаты-валанцёркі са смехам кажуць, што дзеля пачатковага кантакту са многімі студэнтамі ім прыйшлося «падцягнуць» англійскую мову, і ўзгадваюць найбольш запамінальныя выпадкі. Сярод іх своеасаблівая міжнацыянальная імправізацыя: аднойчы навучэнцы школы разам з валанцёрамі паехалі на Камароўку, набылі бульбу і ў «палявых» умовах аўдыторыі гатавалі дранікі. Так бы мовіць, знаёміліся бліжэй з беларускай кухняй!

Даніла РУДЗЯНОК — таксама студэнт філфака МДУ. Хлопец вывучае еўрапейскія мовы, у тым ліку славянскія. У яго скарбонцы ўжо ёсць нямецкая, польская, літоўская, латышская, украінская, італьянская, а цяпер надышла чарга беларускай. Інфармацыю пра школу беларусістыкі ён убачыў у сацыяльнай сетцы.

— Беларуская мова адметная, як, у прынцыпе, і любая іншая, — кажа хлопец. — Ад рускай і ўкраінскай яе яскрава адрознівае фанетыка. Увогуле, я назваў бы яе ў добрым сэнсе архаічнай, бо яна захавала шмат таго, што іншыя ўсходнеславянскія мовы страцілі. Калі казаць увогуле пра гэты час, то мне найбольш запомніліся нашы пешыя экскурсіі па Мінску і паездка ў Нясвіж. Але цяжка нешта вылучыць, так шмат цікавага і карыснага было!

Арганізатары абяцаюць, што сёлетняя летняя школа беларусістыкі не стане апошняй. Таму ўжо сёння шукаюць фінансавую падтрымку ў прыватных кампаній, каб налета зноў запрасіць у Мінск аматараў беларушчыны.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».