Вы тут

Кластарам — быць!


Педагагічная галіна аб'ядноўвае інтэлектуальныя і матэрыяльныя рэсурсы.

Адраджэнне профільных педагагічных класаў і стварэнне адукацыйных кластараў аказалася ў цэнтры ўвагі членаў Каардынацыйнага савета па пытаннях неперарыўнай педагагічнай адукацыі. Першае пасяджэнне новага органа прайшло на базе БДПУ: у яго ўвайшлі прадстаўнікі ўніверсітэтаў, педагагічных каледжаў, гімназій, інстытутаў развіцця адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, рэгіянальных органаў кіравання адукацыяй і грамадскіх педагагічных аб'яднанняў. 12-17

 

 

— Сёлета быў прыняты шэраг стратэгічных дакументаў, якія вызначаюць развіццё неперарыўнай педагагічнай адукацыі ў краіне на наступную пяцігодку. У першую чаргу я маю на ўвазе Канцэпцыю развіцця педагагічнай адукацыі і план мерапрыемстваў па яе рэалізацыі, — падкрэсліў рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, старшыня каардынацыйнага савета Аляксандр ЖУК. — Дзейсным механізмам па забеспячэнні ўзаемадзеяння ўсіх суб'ектаў павінен стаць вучэбна-навукова-інавацыйны кластар, кіруючым ядром якога стаў наш універсітэт. Мы ўпэўнены, што будучыня — за педагагічнымі кластарамі. Стварэнне кластарнай мадэлі дазволіць нам аб'яднаць інтэлектуальныя і матэрыяльныя рэсурсы, педагагічную навуку і перадавую педагагічную практыку і сканцэнтраваць агульныя намаганні вакол ключавых праблем як у педагагічнай адукацыі, так і сістэмы ў цэлым.

'У рэгіянальныя кластары ўвойдуць установы адукацыі самых розных узроўняў: школы і гімназіі, на базе якіх створаны педагагічныя класы, сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Плюс да іх далучацца навуковыя і навукова-метадычныя ўстановы, лабараторыі, цэнтры і інстытуты развіцця адукацыі, якія сумесна з універсітэтамі кластара будуць займацца навукова-даследчай дзейнасцю, а таксама грамадскія арганізацыі і аб'яднанні. Галоўны прынцып — захаванне добраахвотнасці ў супрацоўніцтве.

Фактычна мы будуем вертыкаль у падрыхтоўцы сучасных педагогаў: ад школы да сістэмы дадатковай адукацыі дарослых. І стаўка робіцца на практыкаарыентаванасць такой падрыхтоўкі.

Новы змест

Па словах Аляксандра Жука, Міністэрства адукацыі ставіць сёння дзве задачы. Адна з іх — забеспячэнне пераходу на профільнае навучанне на старшай ступені школы. І другая важная навукова-педагагічная задача — пераход на кампетэнтнасны змест агульнай сярэдняй адукацыі. Праз два гады беларускія школьнікі будуць удзельнічаць у міжнародным даследаванні PІSA, а там усе заданні абапіраюцца на кампетэнтнасны падыход. Ацэньваецца гатоўнасць 15-гадовых падлеткаў карыстацца набытымі ў школе ведамі і ўменнямі на практыцы, адпаведна, і эфектыўнасць адукацыйных сістэм розных краін свету. Дарэчы, Расія, якая далучылася да PІSA значна раней, выглядае пакуль на агульным фоне даволі сціпла...

— Нацыянальны інстытут адукацыі цяпер працуе над новым зместам школьнай адукацыі. А мы павінны распрацаваць навукова-метадычнае забеспячэнне падрыхтоўкі педагогаў для рэалізацыі кампетэнтнаснага навучання ў школе, — падкрэсліў Аляксандр Жук. — Адна з галоўных задач рэспубліканскага вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара — выяўленне праблемных палёў у тэматыцы для правядзення навуковых даследаванняў, а таксама каардынацыя даследчай работы ў сферы адукацыі. Узаемадзеянне ў рамках кластара дазволіць стварыць эксперыментальную базу для навуковых даследаванняў па ўсёй краіне. Аспіранты часта скардзяцца, што ім не хапае прасторы для правядзення даследаванняў і праектнай дзейнасці. Калі гісторыкам дастаткова пасядзець у архіве, каб напісаць навуковую працу, то ў педагогіцы ўсё нашмат складаней — патрабуецца аўдыторыя для правядзення эксперымента: школьнікі, навучэнцы, студэнты...

У ідэале гэта можа выглядаць наступным чынам: аспірант заяўляе тэму свайго даследавання, а мы дапамагаем яму з эксперыментальнай пляцоўкай і падказваем, на базе якіх устаноў адукацыі ён можа найбольш эфектыўна рэалізаваць сваю задуму. Комплексы «профільны педагагічны клас (педагагічная гімназія) — педагагічны каледж» будуць створаны пры БДПУ і пры іншых універсітэтах у якасці вучэбнай і доследна-эксперыментальнай базы.

Прафесійны стандарт

Абавязковы крок — стварэнне сеткі рэсурсных цэнтраў практыка-арыентаванай педагагічнай адукацыі з улікам назапашанага рэгіянальнага досведу.

— Чаму б нам на базе перадавых устаноў адукацыі (ВНУ, каледжаў, гімназій ці школ) не стварыць такіх рэсурсных цэнтраў? Чаму б не прыцягваць да працы ў іх нашых настаўнікаў-метадыстаў? Мне здаецца, што патэнцыял найлепшых педагогаў краіны не задзейнічаны ў поўнай ступені. Трэба стварыць базу звестак аб інавацыйным досведзе адукацыйнай практыкі, што ёсць у рэгіёнах, і базу звестак пра навукова-педагагічныя школы. Яшчэ адна задача — забеспячэнне прафесіянальнай мабільнасці прафесарска-выкладчыцкага складу і педагогаў дадатковай адукацыі. Давайце абменьвацца выкладчыкамі. Няхай выкладчыкі сталічных устаноў адукацыі выязджаюць дзяліцца сваімі напрацоўкамі ў рэгіёны, а педагогі з рэгіёнаў прыязджаюць у сталіцу, — заклікаў Аляксандр Жук. — Беларусь далучылася да Балонскага працэсу і мы павінны рабіць рэальныя крокі для ўваходжання ў агульнаеўрапейскую адукацыйную прастору. Акадэмічная мабільнасць — адзін з пунктаў, прапісаных у Балонскай дэкларацыі. Тое ж тычыцца і абмену студэнтамі. Гэтым летам БДПУ прымаў у сябе 20 гасцей з Арменіі — студэнтаў Ерэванскага педагагічнага ўніверсітэта. І 14 нашых студэнтаў паехалі ў рамках абмену ў Ерэван. Ужо да канца гэтага года плануецца распрацаваць праект прафесійнага стандарту педагога, на падставе якога будзе перагледжаны змест педагагічнай адукацыі ў разрэзе ўсіх спецыяльнасцяў і спецыялізацый. Якім павінен быць сучасны педагог? Што павінна ўваходзіць у яго прафесійныя кампетэнцыі?

Ці можа адзін чалавек спалучаць у сабе ўсе функцыі: быць і прадметнікам, і псіхолагам, і выхавальнікам, і сацыяльным педагогам у адной асобе? Укараняць ідэі інклюзіі, распрацоўваць і ўкараняць інавацыйныя і адукацыйныя тэхналогіі і праграмы? Ёсць меркаванне, што прафесійны стандарт педагога, распрацаваны ў Расіі, адарваны ад рэчаіснасці, і набор усіх пералічаных у ім кампетэнцый, хутчэй за ўсё, — недасяжны ідэал.

Акцэнт — на прафарыентацыю

Шмат увагі на нарадзе было прысвечана пытанням прафарыентацыйнай работы.

— Педагогіка — прафесія не для кожнага, і я ўпэўнены, што настаўнік «пачынаецца» не з педуніверсітэта — «гадаваць» будучых педагогаў трэба яшчэ ў школе. Трэба шукаць дзяцей з педагагічнымі схільнасцямі, з жаданнем вучыць іншых, з лідарскімі задаткамі, з уменнем камунікаваць і выстройваць зносіны з іншымі. Матывацыя да прафесіі — гэта, напэўна, самае важнае, — падкрэслівае Аляксандр Жук.

Летась Бе­ла­рус­кі дзяр­жаў­ны педагагічны ўні­вер­сі­тэт ад­крыў на ба­зе 20-й ста­ліч­най гім­на­зіі чатыры пе­да­га­гіч­ныя кла­сы фізіка-матэматычнага і філалагічнага профіляў. Гэта была першая ластаўка. У бягучым навучальным годзе  педагагічныя класы і групы будуць дзейнічаць ужо на базе 97 устаноў адукацыі, а прафарыентацыйнай работай ахопяць 1800 дзесяцікласнікаў.  Для прыкладу, у Віцебскай вобласці створаны 23 педагагічныя класы,  у Мінскай вобласці – 35.

-- А ў сталіцы, на жаль, пакуль адкрыты толькі 8 педагагічных класаў і дзве групы. Прычым у чатырох раёнах горада не створана ніводнага педагагічнага класа, хоць менавіта для сталічных устаноў адукацыі кадравае пытанне стаіць найбольш востра, -- зазначыў Аляксандр Жук. – У гэтым годзе з Мінска да нас паступіла заяўка амаль на 1450 выпускнікоў, а сярод выпускнікоў было ўсяго 140 мінчан. Шкада, што не ўсе кіраўнікі ўстаноў адукацыі думаюць пра тое, наколькі важна вырасціць новае пакаленне педагогаў. Пры наведванні летась кіраўніком дзяржавы БДПУ было дадзена даручэнне распрацаваць асаблівыя ўмовы для выпускнікоў профільных педагагічных класаў пры іх паступленні на педагагічныя спецыяльнасці.

І такая прапанова была накіравана ў Міністэрства адукацыі. Калі яна будзе ўхвалена, то выпускнікі педагагічных класаў атрымаюць важную прывілею: тыя з іх, хто абавязкова вывучаў факультатыўны курс «Уводзіны ў педагагічную прафесію. X-XІ класы», хто мае адзнакі 7 і вышэй балаў па ўсіх прадметах вучэбнага плана, пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі змогуць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без экзаменаў. Мяркуецца, што гэты парадак будзе зацверджаны да канца бягучага года. Сутнасць профільнай падрыхтоўкі будзе заключацца ў вывучэнні навучэнцамі пэўных вучэбных прадметаў (матэматыкі, фізікі, гісторыі і іншых) на павышаным узроўні, а таксама факультатыўных заняткаў «Уводзіны ў педагагічную прафесію». Гэта першая мадэль. Другая мадэль — стварэнне груп навучэнцаў з розных класаў у паралелі школы, якія будуць вывучаць вышэйзгаданы факультатыўны курс. І трэцяя мадэль — стварэнне ў сельскай мясцовасці міжшкольнага факультатыву. Факультатыўны курс разлічаны на 140 гадзін і падзелены на чатыры змястоўныя модулі: «У свеце педагагічнай прафесіі» (10 клас), «Чалавек, які пазнае: практычная псіхалогія пазнання» (10 клас), «Я ў педагагічнай прафесіі» (11 клас) і «Пазнай самога сябе» (11 клас).

Змест праграмы факультатыўных заняткаў прымушае старшакласнікаў шукаць адказы на шэраг пытанняў. Што такое педагагічная прафесія? Якое месца педагогікі ў свеце іншых прафесій? У чым яе спецыфіка? Якія патрабаванні прад'яўляюцца да настаўніка? Што ён павінен умець? Якімі якасцямі павінен валодаць? Ці магу я быць настаўнікам? Ці ёсць у мяне прафесійна важныя якасці? Ці магу я ўжо сёння паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка? І гэтак далей.

— Але каб добрая ідэя не пераўтварылася ў фармальнасць, працаваць у такіх класах павінны Педагогі з вялікай літары, якія карыстаюцца аўтарытэтам у навучэнцаў і калег, людзі, цалкам адданыя сваёй прафесіі, асабісты прыклад якіх будзе найлепшай агітацыяй за прафесію педагога, — упэўнены Аляксандр Жук. — Іх місія — выклікаць у старшакласнікаў цікавасць да педагагічнай прафесіі і ўмацаваць рашэнне стаць педагогам. А мы, са свайго боку, гатовы дапамагаць у правядзенні факультатыўных заняткаў, арганізоўваць для іх мэтавыя курсы. Па запытах школ і гімназій да правядзення факультатыўных заняткаў могуць прыцягвацца і прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэтаў, спецыялісты ў галіне педагогікі і псіхалогіі. Кластарная арганізацыя педагагічнай адукацыі павінна паспрыяць вырашэнню многіх пытанняў. Па словах Аляксандра Жука, шэраг школ краіны ўжо выказалі гатоўнасць адрадзіць такую форму дапрофільнай падрыхтоўкі, як педагагічная гімназія, якая прадугледжвае арыентацыю школьнікаў на педагагічную прафесію, пачынаючы з 5 класа.

Вельмі важна даць школьнікам магчымасць прымераць на сябе ролю педагога. Мы выдатна ведаем, што настаўнік найперш павінен любіць дзяцей. Нават калі нейкіх ведаў у яго і не хапае, ён давучыцца, бо будзе адчуваць такую неабходнасць. Удасканаленне сістэмы прафесійнай арыентацыі навучэнцаў дазволіць нам у далейшым стварыць дзейсную сістэму бесперапыннай педагагічнай адукацыі, якая будзе ўключаць педагагічныя класы, гімназіі, сярэднюю спецыяльную адукацыю, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку спецыялістаў адукацыі, — дадаў Аляксандр Жук.

Надзея НІКАЛАЕВА nіkalaeva@zvіazda.by  

Даведка «ЗВЯЗДЫ»: Для нашай краіны кластарная мадэль — дастаткова новая з'ява, але сусветны вопыт пераканаўча даказвае як эфектыўнасць, так і непазбежную заканамернасць узнікнення рознага віду кластараў: біятэхналагічных, фармацэўтычных, нафтахімічных, аэракасмічных, машынабудаўнічых, адукацыйных і гэтак далей. У апошнія дзесяць гадоў фарміраванне кластараў стала важнай часткай дзяржаўнай палітыкі ў галіне рэгіянальнага развіцця многіх краін. Адукацыйны кластар — пункт росту для рэгіёна. У рамках адукацыйнага кластара змяняецца стратэгія развіцця прафесійнай адукацыі, ствараюцца аўтаномныя адукацыйныя ўстановы, пашыраецца доступ да інавацыйных тэхналогій, павышаецца якасць падрыхтоўкі кадраў, што, у сваю чаргу, прыводзіць да росту прадукцыйнасці працы і павышэння якасці жыцця ў рэгіёне.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.