Вы тут

Дар'я Домрачава: «Запал і барацьба проста зашкальвалі»


Пасля завяршэння «Гонкі легендаў» яе галоўная ініцыятарка, чалавек, без якога фестываль наўрад ці наогул адбыўся б, трохразовая алімпійская чэмпіёнка, Герой Беларусі Дар'я Домрачава ў эксклюзіўным інтэрв'ю «Звяздзе» расказала аб уражаннях ад спаборніцтваў і падзялілася думкамі пра тое, як у будучыні свята будзе набываць больш вялікія маштабы.

2

— Дар'я, калі прыйшла ідэя правядзення такой гонкі, ці быў страх таго, што нешта можа не атрымацца?

— Да «Гонкі легендаў» у мяне ўжо існаваў вопыт правядзення такіх мерапрыемстваў. Летам я праводзіла фестываль «Гарадскі біятлон» у Мінску. Па маштабе і задумцы ён, вядома, адрозніваўся ад спаборніцтваў у Раўбічах (тады гэта было свята для фанатаў і аматараў біятлона, ён уключаў у сябе і дзіцячыя спаборніцтвы). І ўжо ў мінулым годзе я зразумела, што такія мерапрыемствы запатрабаваныя.

Калі апублікавалі спіс удзельнікаў «Гонкі легендаў», людзі адразу пазітыўна адрэагавалі, літаральна за некалькі дзён паўстаў ажыятаж з квіткамі, мы пачалі думаць пра магчымасць павелічэння месцаў для балельшчыкаў.

А што тычыцца страхаў, то, вядома, для мяне гэта была хвалюючая падзея, бо біятлон — гэта від спорту, звязаны са стральбой, тут востра стаяць пытанні бяспекі. Таксама немалаважна было падрыхтаваць саму трасу: мы разумелі, што спартсмены ўжо доўгі час не выступалі, таму выпускаць іх на дыстанцыю з вялікімі ўздымамі нельга, дыстанцыя не павінна мець месца для жорсткай барацьбы. Аднак тое, што мы ўбачылі ў Раўбічах, перасягнула мае чаканні: запал і барацьба проста зашкальвалі.

— Які момант у гонцы быў самым напружаным і інтрыгуючым для вас?

— Напэўна, гэта апошняя стральба ў эстафеце: яе праводзілі мужчыны, на апошніх выстралах вырашаўся зыход усіх спаборніцтваў. І тут Свен Фішэр у чарговы раз паказаў сваё майстэрства.

— Усе заўважылі, што на трасе дамінавалі нямецкія мужчыны і французскія жанчыны. Як пракаментуеце гэта?

— Чаму так адбылося, сказаць складана, можа, яны вельмі сур'ёзна рыхтаваліся да гэтага старту (смяецца)? Я думаю, у наступным годзе будзе яшчэ больш жорсткая канкурэнцыя, бо спартсмены ўжо будуць знаходзіцца ў прадчуванні спаборніцтваў, таму будуць лепш матываваныя на падрыхтоўку да турніру.

— Заўзятары ў Раўбічах былі ў выдатным настроі і сустрэлі вас бурнымі авацыямі, а Дзмітрый Губерніеў наогул стаў перад вамі на калені. Не баяліся трапіць у гарачыя абдымкі публікі?

— Безумоўна, тон фестывалю задаваў Дзмітрый Губерніеў; у кожнага з нас было сваё кола абавязкаў, і Дзмітрый справіўся са сваёй працай, як заўсёды, выдатна. Гледачы і заўзятары — гэта адна з асноўных частак усяго біятлоннага свята. Мы імкнуліся зрабіць для іх усё максімальна камфортна, задаць настрой, надаць увагу.

А што тычыцца гарачых абдымкаў маіх прыхільнікаў, на шчасце, усё абышлося (смяецца). У нас вельмі добрыя заўзятары, прыемна было назіраць той настрой, які панаваў на трыбунах. Я спадзяюся, што ім спадабалася, і думаю, што свята атрымалася.

— Былі спартсмены, якія адмовіліся прыехаць у Раўбічы?

— Біятлон — гэта від спорту, які вядомы сваёй сяброўскай, практычна сямейнай атмасферай, таму ўсе з радасцю прымалі запрашэнні на фестываль. А ў каго не атрымалася прыехаць у гэтым годзе, таго мы абавязкова ўбачым у наступным.

У некаторых не атрымалася па сямейных абставінах: напрыклад, Каця Фільхельм першапачаткова пагадзілася прыняць удзел у «Гонцы легендаў», але потым адбыліся некаторыя накладкі і паездка адмянілася. Гэтак жа не даехаў да Раўбіч Альфрэд Эдэр, літаральна за дзень да спаборніцтваў ён трапіў у аварыю. Праводзіў трэніроўку на ровары, і яго збіў аўтамабіль. На шчасце, усё абышлося. Я тэлефанавала яму, у мяне дрыжэлі рукі, вельмі непакоілася пра яго стан здароўя. Ён прасіў прабачэння і нерваваўся, што не атрымалася прыехаць на фестываль, але ўсе мы разумеем, што здароўе важнейшае.

— Ужо ёсць нейкія ідэі з нагоды «Гонкі легендаў» у наступным годзе?

— Мы правядзем пільны аналіз цяперашніх спаборніцтваў, нейкія моманты трэба будзе падшліфаваць. Думаю, з'явіцца магчымасць запрасіць больш удзельнікаў, размясціць больш трыбун. У наступным годзе мы, вядома, будзем старацца зрабіць свята яшчэ лепшым.

— Гэты біятлонны сезон вы прапускаеце. Што пажадаеце сваім сяброўкам па камандзе?

— У нас вельмі добрая каманда, і я думаю, яны змогуць добра выступіць сёлета. Іх праца нічым не будзе адрознівацца ад той, якую яны праводзілі раней, калі ў камандзе была і я. Дзяўчаты таксама будуць выходзіць на старт і змагацца за ачкі і медалі. Ну а я ўсяляк буду «хварэць» за іх, падтрымліваць, бо ў нас сапраўды баявыя, моцныя дзяўчаты і хлопцы.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.