Вы тут

Ірына Дрыга: «Камісія ацэньвала кінапраекты па гамбургскім рахунку»


Другі ў гэтым годзе адкрыты рэспубліканскі конкурс кінапраектаў завершаны. У апошні дзень жніўня Міністэрства культуры апублікавала рашэнне камісіі па размеркаванні дзяржаўных грошай на будучыя фільмы. На гэты раз заяўкі можна было падаваць на тры тэмы ў ігравым і тры — у дакументальным кіно — удзельнічала адпаведна 15 і 16 праектаў, у асноўным ад нацыянальнай кінастудыі. «Беларусьфільм» жа і ўзяў асноўныя «прызы», праўда, не ўсе (у адрозненне ад першага этапу сёлетняга конкурсу). У кожнай намінацыі вызначыліся пераможцы (зноў жа ў адрозненне ад мінулага конкурсу), але ж і тэмы наўмысна былі шырэйшымі. У выніку беларуская кінематаграфія бярэцца за стварэнне двух серыялаў, аднаго поўнаметражнага ігравога фільма і трох дакументальных карцін.

18-23

Поўнаметражны фільм «Сляды на вадзе» нацыянальнай кінастудыі раскажа пра барацьбу нашай міліцыі з банд-фарміраваннямі ў 50-я гады ў Заходняй Беларусі. Галоўнымі героямі васьмісерыйнага фільма «Трымайся за аблокі» таго ж вытворцы стануць энергетыкі, што абслугоўваюць лініі электраперадачы. Праект «Аўташкола» ААТ «Сінетэхна» павінен стаць камедыйным серыялам, па сюжэце якога двое закаханых ствараюць аўташколу для безнадзейных кіроўцаў.

Дзве дакументальныя карціны будзе здымаць «Беларусьфільм» — гэта «Трасцянец» па тэме «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне» і «Чарнобыль. Праз 30 гадоў» па тэме адраджэння пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Фінансаванне атрымала і «Майстэрня Уладзіміра Бокуна» для ўвасаблення праекта «Мы, беларусы, — мірныя людзі», які раскажа пра ролю нашай краіны ў міжнародных адносінах і ўмацаванні міру ў свеце.

У сувязі з падвядзеннем вынікаў у нас узнік шэраг пытанняў па сістэме фінансавання беларускага кінематографа, які мы накіравалі першаму намесніку міністра культуры Ірыне Дрыга.

— У некаторых намінацыях першага этапу конкурсу кінапраектаў не вызначыліся пераможцы. Чаму гэтыя тэмы («Выдатныя гістарычныя дзеячы — ураджэнцы Беларусі» і «Гераічная барацьба савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў») не былі перанесены ў другі этап?

— Бо не так проста падрыхтаваць новыя праекты за кароткі тэрмін паміж двума этапамі конкурсу. У апошні раз мы сфармулявалі тэмы больш шырока, і дзякуючы гэтаму ў нас атрымалася вызначыць пераможцаў па ўсіх агучаных намінацыях. Але і няздзейсненае не закрыта; да таго ж, праводзячы маніторынг сітуацыі на кінарынку, мы будзем звяртаць увагу на ідэі, вартыя рэалізацыі.

— Яшчэ нядаўна ішла гаворка пра фінансаванне дэбютнага, нацыянальнага і нават фестывальнага фільмаў. А ў апошнім конкурсе гэтыя катэгорыі не прагучалі.

— Ва ўказе няма катэгорыі «фестывальнае кіно». Пра абавязковае фінансаванне нацыянальнага ці дэбютнага фільма гаворка таксама не ідзе, проста калі гэтыя катэгорыі выносяцца на конкурс, пераможцы атрымліваюць стапрацэнтнае фінансаванне. Хачу падкрэсліць, што абавязку выносіць дэбютны ці нацыянальны фільм на кожны конкурс няма, і на гэты раз мы не рабілі на іх акцэнт. Летась ужо выйшаў дэбютны праект — фільм Аляксандры Бутар «Белыя росы. Вяртанне». Сёлета завершана работа і над нацыянальным праектам «Мы, браты», што неўзабаве выйдзе ў пракат. Трэба, каб выспелі маладыя рэжысёры, якіх можна было б падтрымаць, бо поўнаметражны фільм — вялікая адказнасць. Павінны з'явіцца і тэмы.

— А вы думаеце, іх няма?

— Пакуль што тэмы, напрыклад славутых ураджэнцаў Беларусі ці гістарычная, не выявілі масштабных палотнаў, хаця, здаецца, магчымасць для гэтага была.

— Сярод удзельнікаў конкурсу былі праекты, вартыя фестываляў?

— Гэта залежыць ад якасці ўжо знятага фільма. Зразумела, што мы зацікаўлены ў тым, каб выходзілі карціны высокага мастацкага ўзроўню. Кіраўнік дзяржавы ў Пасланні Нацыянальнаму сходу падкрэсліў, што нам патрэбны фільмы пра жыццё, якія будуць цікавыя гледачу.

— Міністэрства робіць ухіл на серыялы. Чым гэта абумоўлена?

— У другім этапе конкурсу мы свядома зрабілі дзве катэгорыі для серыяльнай прадукцыі. Кіраўнік дзяржавы ў тым жа пасланні якраз звярнуў увагу на тое, што ў нашым тэлеэфіры не хапае якасных беларускіх серыялаў. Нашы акцёры вымушаны ў асноўным здымацца ў расійскіх праектах. Але ж мы таксама можам ствараць серыялы.

— Чаму анімацыя засталася па-за межамі конкурсу?

— На конкурс выносяцца фільмы, чый хронаметраж большы за трынаццаць хвілін, а наша анімацыя ствараецца ў асноўным у кароткім метры. Таму анімацыйныя фільмы праходзяць праз мастацкі савет кінастудыі «Беларусьфільм», уключаюцца ў тэматычны план Міністэрства культуры і фінансуюцца па-за конкурсам. Студыя анімацыі «Беларусьфільма» працуе, прычым плённа. Штатныя супрацоўнікі маюць праекты на гэты год і на першую палову наступнага.

— Але фінансуецца, вядома ж, толькі «Беларусьфільм»...

— Іншыя вытворцы са сваімі заяўкамі да нас пакуль не звярталіся. «Беларусьфільм» папярэдне раіцца з Міністэрствам адукацыі, кінапракатнымі арганізацыямі і стварае патэнцыйна запатрабаваную прадукцыю. Да таго ж можна быць упэўненым, што творчыя сілы кінастудыі працуюць над высакаякаснымі праектамі.

— Можаце акрэсліць крытэрыі камісіі, па якіх яна адбірае праекты для фінансавання?

— Ёсць Палажэнне аб адкрытым рэспубліканскім конкурсе, зацверджанае Пастановай Савета Міністраў №174 ад 24 лютага 2012 года, дзе крытэрыі якраз вызначаны. Мы глядзім на навізну і арыгінальнасць ідэй, адпаведнасць тэме конкурсу (некаторыя, асабліва прыватныя студыі, не заўсёды звяртаюць на гэта ўвагу), мастацкую якасць сцэнарыя, сацыяльную значнасць праектаў, патэнцыял стварэння прывабнага іміджу краіны. Ёсць эканамічныя крытэрыі — магчымасць рэалізацыі фільма, кваліфікацыя і вопыт удзельнікаў і яшчэ шэраг пунктаў.

— Склад камісіі падчас другога этапу конкурсу неяк адрозніваўся ад першага?

— Была праведзена пэўная ратацыя. Склад камісіі вызначаецца Міністэрствам культуры, у яе ўваходзяць прадстаўнікі міністэрства, кінапракатных арганізацый, нашы кіназнаўцы. Больш за тое, да ўдзелу ў пітчынгу прыцягваюцца эксперты, спецыялісты ў галінах, якіх тычацца сюжэты кінапраектаў. Яны не прымаюць
удзел у галасаванні, але выказваюць сваю думку, якую камісія прымае да ўвагі.

— Ці фінансуецца дакументальнае кіно «Беларусьфільма» па-за межамі конкурсу?

— Так, фільмы да трынаццаці хвілін, якія ствараюцца з асветніцкімі мэтамі альбо дзеля папулярызацыі Беларусі за мяжой.

— Як вызначаюцца тэмы для кароткіх дакументальных фільмаў?

— Іх прапаноўваюць студыі «Беларусьфільма». Потым тэмы ўзгадняюцца з рэдактарскім аддзелам, уносяцца ў праект тэматычнага плана вытворчасці фільмаў, які ўзгадняецца канчаткова міністрам. Звычайна тэмамі становяцца актуальныя працэсы ў краіне, традыцыі, гісторыя, вядомыя суайчыннікі.

— Калі адбудзецца наступны конкурс?

— Ён можа быць аб'яўлены, калі будзе вызначана бюджэтнае фінансаванне. На 2015 год сродкі ўжо размеркаваны, таму наступны адбудзецца ўжо ў 2016 годзе, каб не атрымалася так, што мы ўзялі на сябе абавязак, які раптам не зможам выканаць.

— Вы знаёмыя з усімі праектамі  — удзельнікамі конкурсу. Ці можаце сказаць, што ў нашай сферы кінематаграфіі шмат талентаў?

— Выкажу не сваю думку, а меркаванне членаў камісіі — ёсць цікавая моладзь. Можа, ёй не хапае вопыту, але, крыху падвучыўшыся, яна прыйдзе з больш моцнымі праектамі, якія мы зможам падтрымаць. Самі ўдзельнікі казалі: «Не так важна, выйграем мы ці не выйграем, галоўнае — магчымасць нечаму навучыцца падчас конкурсу». Радуе, што цікавыя кінематаграфісты ёсць, прычым не толькі вядомыя імёны, але і новыя людзі. Можа, у нас з'явіцца новая зорка.

— У асяроддзі кінематаграфістаў ходзяць чуткі пра новы праект указа Прэзідэнта, які абавяжа атрымліваць спецыяльнае пасведчанне для стварэння фільмаў на тэрыторыі краіны. Ён сапраўды існуе?

— Праўда, тое, што створана рабочая група, якая працуе над прапановамі па ўдасканаленні заканадаўства па кінематаграфіі і ў прыватнасці сістэмы дзяржаўнай падтрымкі кіно. У склад групы ўваходзяць прадстаўнікі нацыянальнай кінастудыі, Саюза кінематаграфістаў, Гільдыі акцёраў кіно, Акадэміі мастацтваў, прыватных студый. Ніякіх таямніц ці інтрыг, якімі некаторыя асобы ў інтэрнэце спрабуюць зрабіць сітуацыю, у гэтым выпадку няма. Ідзе звычайны рабочы працэс, і каментарыі рабіць дарэмна, таму што група нават не выказала канчатковае меркаванне. Але магу запэўніць: праект будзе дапрацоўвацца з улікам думак і прапаноў кінаграмадскасці.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.