Вы тут

Тапанімічны разнабой


Мала каго ў сталіцы можна здзівіць “адарванасцю” назваў станцый метро ад аднайменных вуліц – Маскоўскай, Магілёўскай, Кастрычніцкай. Сотні тысяч людзей, якія карыстаюцца імі ледзь не штодня, ужо звыкліся з гэтымі тапанімічнымі асаблівасцямі. Але што рабіць з аднайменнымі вуліцамі, аўтобуснымі прыпынкамі і завулкамі, якія могуць знаходзіцца вельмі далёка адзін ад аднаго?

[caption id="attachment_101563" align="alignnone" width="600"]1040068 Старая вуліца Магілёўская. Чырвоны прыватны дом збудаваны яшчэ ў 1910 годзе.[/caption]

Упершыню з разнабоем у сталічнай тапаніміцы давялося сутыкнуцца ў адзінаццатым класе. Суботняй раніцай я ішоў у школу на заняткі і ўбачыў нейкага мужчыну, які цягнуў на сабе шмат клункаў. Калі я параўнаўся з ім, мужчына гукнуў:

- Хлопец, не падкажаш, ці далёка яшчэ да канца Усходняй вуліцы? Мне на электрычку трэба. А дзе тут што, не ведаю – не тутэйшы...

Я зніякавеў: да бліжэйшага прыпынку электрацягнікоў ехаць адтуль  прыкладна паўгадзіны. Суразмоўца ж расцаніў гэта па-свойму і ціхенька дадаў: “На Оршу”. На шчасце, гарадскую карту я ведаў тады ўжо добра, і перапытаў:

- Можа, вам на “Мінск-Усходні” трэба?

- Так. Там яшчэ дыспетчарская станцыя “Усходняя” знаходзіцца.

- Ну... тут вам давядзецца прайсці праз двары, пачакаць аўтобус 37-га маршруту і ехаць на ім хвілін 25-30 да канцавога прыпынку.

- Сапраўды? Няўжо вуліца і прыпынак знаходзяцца так далёка адзін ад аднаго? Ну і ну. А я думаў, што дыспетчарская станцыя заўжды знаходзіцца на аднайменнай вуліцы. Вось кшталту “Карастаянавай”, “Кунцаўшчына”, “Кульман” была яшчэ...

[caption id="attachment_101560" align="alignnone" width="600"]1040053 Дом №39 па вул. Усходняй з белым гарышчам. Арыентуемся на будоўлю справа...[/caption]

Здараецца і так, што тапанімічныя недарэчнасці ўзнікаюць з-за таго, што вуліцы далі новае імя, а на тое, што побач могуць быць яшчэ аднайменныя завулкі, увагі чамусьці не звярнулі. Напрыклад, да 1990 года вуліца імя Скарыны была ў прыватным сектары непадалёк ад мікрараёна Зялёны Луг. Напрыканцы існавання СССР імем беларускага першадрукара назвалі галоўны праспект, а колішняя вуліца Скарыны атрымала новую назву – Алешава, у гонар першага пасляваеннага каменданта Мінска. І ўсё б нічога, толькі вось пра завулак Скарыны забыліся. Ён так і застаўся побач з колішняй аднайменнай вуліцай. Тапанімічную памылку не выправілі і дзесяць год таму, калі імем Скарыны ў Мінску назвалі колішні Старабарысаўскі тракт ля Нацыянальнай бібліятэкі. Так вось і атрымалася: вуліца і завулак на адлегласці ледзь не ў 4 кіламетры адно ад аднаго.

Куды радзей разнабой з’яўляецца з-за таго, што вуліцу “падкарацілі” па нейкіх прычынах. Літаральна ў адным прыпынку ад рэдакцыі “Звязды” пралягае ў ціхуткім квартале вуліца Чарнышэўскага. Але значна далей у прыватным сектары згубіўся завулак, названы ў гонар гэтага пісьменніка. Адлегласць паміж завулкам і вуліцай прыкладна каля кіламетра. Звестак пра перайменаванні гэтых тапанімічных адзінак адшукаць не ўдалося. У чым жа справа? А ўсё вельмі проста. Калісьці вуліца Чарнышэўскага вельмі далёка цягнулася ў прыватным сектары, які знеслі ў 80-я гады. Завулак жа, які выцягнуўся ад яе ў іншы бок, ацалеў і да нашых дзён.

А яшчэ можна згадаць Горны завулак у кварталах каля ЦУМа і Горную вуліцу ў прыватным сектары на іншым канцы горада...

Чаго варта і сугучча “Якубоўскага-Якубава-Якуба Коласа”? Неяк быў сведкам таго, што жанчына, у якой нейкі мінак пытаўся, як даехаць на вуліцу Якубоўскага, што ля станцыі метро “Кунцаўшчына”, не дачула, і адправіла таго на вуліцу Якубава, што ў Серабранцы.

[caption id="attachment_101561" align="alignnone" width="600"]1040054 ...і аказваецца, што дом №107 (“слупік”) зусім побач![/caption]

Дзе гэты нумар?

Варта сказаць, што загадкі на злом галавы для непадрыхтаваных стварае і нумарацыя дамоў. Да прыкладу можна ўзяць тую ж Усходнюю. Забудоўваецца яна ў некалькі этапаў ажно з канца 60-х гадоў, і гэта вылілася ў нумаралагічны рэбус. Калісьці яна пачыналася ажно ад Камароўскага рынку, але ў 1988 годзе яе пачатак перайменавалі ў вуліцу Цнянскую, а прыватны сектар на няцотным баку пайшоў пасля пад знос. У выніку атрымаўся шэдэўральны рэбус. Першы дом на цотным баку Усходняй носіць нумар 22. Кудысьці падзеліся дамы 58, 60, 62. А пасля будынку з пазнакай “Усходняя 68” наступны дом ужо значыцца пад нумарам... 154.

На няцотным баку яшчэ весялей. Вуліца там пачынаецца з дома №33, пасля нумара 39 ідзе ўжо новабудоўля з трохзначным адрасам. Можа, калі прыватны сектар там усё ж даламаюць, то і нумарацыю прывядуць у парадак? І колькі вуліц яшчэ ў сталіцы з падобнай прыкметай...

Аднак легенда разнабою ў нумарацыі – гэта вуліца Магілёўская, якая месціцца непадалёк ад чыгуначнага вакзалу. Яшчэ ў даведніку “Весь Минск», які пабачыў свет да рэвалюцыі, адзначалася, што на ёй стаяць дамы з аднолькавымі нумарамі. Шмат прыватных дамоў у тым раёне пайшлі пад бульдозер у 70-я гады, і на іх месцы пралягла новая траса вуліцы Магілёўскай. А старую частку яе, на шчасце, не кранулі і нумарацыю захавалі. Так вось і атрымаліся дзве вуліцы з аднолькавай назвай, якія нават перасякаюцца ў адным месцы.

Разнабой у тапаніміцы Мінска рызыкуе папоўніцца новым экспанатам. Генплан развіцця сталіцы прадугледжвае падаўжэнне першай лініі мінскага метро. І працоўная назва станцыі, якая размесціцца за Уруччам, - “Смаленская”. З аднаго боку, гэта лагічна – станцыя знаходзіцца на шашы, якая вядзе да гэтага горада. З другога – вуліца Смаленская знаходзіцца зусім у іншым раёне горада...

[caption id="attachment_101562" align="alignnone" width="600"]1040064 Вуліца Магілёўская перасякае саму сябе[/caption]

Між іншым

Калісьці Максім Танк і Янка Брыль жартавалі: «Нам з табой няма чаго турбавацца пра наша ўвекавечанне: ёсць жа ў Мінску вуліца Танкавая і ёсць вуліца Брылеўская!». Максім Танк угадаў – колішнюю вуліцу Танкавую перайменавалі ў яго гонар. А вось з Янкам Брылём усё выйшла крыху не так. Вуліцу Брылеўскую чапаць не сталі, бо гэта тапонім гістарычны. Таму памяць беларускага класіка ўшанавалі, назваўшы яго імем новую вуліцу...

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».