Вы тут

Ад журналістыкі да літаратуры — адзін крок...


...праз браму мар.

Журфак БДУ заўсёды быў тым месцам, дзе пачыналі свой творчы шлях не толькі будучыя «акулы пяра», але і пісьменнікі: Генадзь Бураўкін, Пятро Васючэнка, Анатоль Вярцінскі, Леанід Дайнека, Барыс Сачанка, Янка Сіпакоў — гэты спіс можна падаўжаць, здаецца, бясконца. У Інстытуце журналістыкі БДУ і цяпер не забываюцца на сваю цесную сувязь з літаратурай — новых «зорак» тут ужо пяць гадоў шукаюць на конкурсе «БрамаМар», дзе з першапачаткоўцамі працуюць прызнаныя майстры. Пра тое, чым апошні адрозніваўся ад папярэдніх, куды вядуць шляхі новай беларускай літаратуры і якія праблемы турбуюць сучасную творчую моладзь, расказаў адзін з арганізатараў, дацэнт кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ Уладзімір КАПЦАЎ.

[caption id="attachment_101809" align="alignnone" width="600"]22-2 Ула­дзі­мір Кап­цаў са сту­дэнт­ка­мі трэ­ця­га кур­са Ін­сты­ту­та жур­на­ліс­ты­кі БДУ
На­дзе­яй Краў­чук і Мар'­яй Ян­ко­віч, якія бу­дуць ар­га­ні­зоў­ваць кон­курс «Бра­ма­Мар» у на­ступ­ным го­дзе.[/caption]

Стаўка на самых юных

— Штогод у арганізацыі конкурсу нешта мяняецца. Мы адэкватна глядзім на свае магчымасці, адпаведна выбіраем і фармат для «БрамаМар». Сёлета вось вырашылі больш актыўна прыцягваць школьнікаў. У нас і раней была асобная намінацыя для юных аўтараў— «БрамаМар-юні», але ў гэтым годзе яе ўдзельнікі фактычна выйшлі на першы план — як па колькасці твораў, так і па іх якасці. Такая своеасаблівая «хвіліна славы» для школьнікаў.

Самая вялікая арганізацыйная праблема — данясенне інфармацыі да ўдзельнікаў. Для мяне дзіўна, што ў сучасным тэхнічна развітым грамадстве ўзнікае такое пытанне. Нярэдка даводзіцца чуць ад студэнтаў, што яны банальна не ведалі аб правядзенні конкурсу. Аналагічная праблема ўзнікае і са школамі — многія проста не адгукаюцца на нашы запрашэнні. Тым не менш яркіх і таленавітых школьнікаў хапае.

Яшчэ адзін наш сёлетні эксперымент — вызначэнне пераможцаў. Раней тэксты дасылаліся загадзя, мы фарміравалі шорт-ліст, потым праводзілі другі тур з агульнымі творчымі заданнямі для фіналістаў, па выніках якога журы вызначала пераможцаў. Цяпер жа прапанавалі пісьменнікам, якія праводзілі майстар-класы для ўдзельнікаў, прыдумаць свае творчыя заданні. Моладзь іх выконвала, а пераможцу выбіралі, так бы мовіць, на месцы па выніках працы. Можа быць, гэта дадало суб'ектывізму, бо кожнаму патрэбен розны час на тое, каб напісаць штосьці годнае... Але адначасова вырас і ўзровень «драйву», а гэта вельмі важна. Вось у такім спалучэнні амаль спартыўнай канкурэнцыі і літаратуры, як мне падаецца, маладым аўтарам было цікава працаваць.

Калі казаць пра саміх удзельнікаў, дык сфарміраваць нейкі зборны партрэт цяжка. Вядома, больш за ўсё да нас прыходзіць студэнтаў-філолагаў, але і «фізікі» не з'яўляюцца рэдкім выключэннем. Напрыклад, на самым першым конкурсе ў намінацыі «Паэзія» пераможцам стаў хлопец з фізіка-матэматычнага факультэта БДУ. Усё вызначае талент. У той жа час мы, так бы мовіць, «вярбуем» на журфак школьнікаў: сёлета сем удзельнікаў «БрамаМар» сталі студэнтамі нашага факультэта.

Люстэрка «дарослай» літаратуры

— Мы традыцыйна не маем праблем з работамі ў намінацыях «Проза» і «Паэзія» — яны заўсёды карыстаюцца папулярнасцю. Затое здараюцца неспадзяванкі на іншых «франтах», і гэта адлюстроўвае нашу агульную карціну ў літаратуры.

Узяць, напрыклад, драматургію. Штогод сутыкаемся з тым, што драматычныя творы — гэта адзінкавы тавар на літаратурным рынку. Пятро Васючэнка, які некалькі разоў быў членам нашага журы, кажа, што драматургам можна стаць толькі пасля 40 гадоў. І я разумею, што ён хоча сказаць, — драматургія ці эпічная проза патрабуюць ад аўтара пэўнага жыццёвага досведу. Паэтам можна нарадзіцца на свет і рэалізавацца амаль у любым узросце, узгадаем тую ж Віку Трэнас. Такім чынам, я пагаджаюся са спадаром Васючэнкам, але ад намінацыі мы не адмаўляемся, каб не страцілі свой шанц тыя, у каго ёсць задаткі.

Велізарная праблема і з крытыкай — пэўна, нават большая, чым з драматургіяй. І гэта таксама адлюстроўвае агульны стан — у нас зусім мала сапраўды таленавітых крытыкаў у розных сферах, калі весці размову не пра старэйшае пакаленне, а пра больш маладых. Бо крытык павінен валодаць такім жа талентам, як і пісьменнік. Мы таксама прынцыпова працягваем праводзіць конкурс і па гэтай намінацыі. Сёлета цалкам сканцэнтраваліся на кінакрытыцы і не прагадалі. На другім курсе спецыяльнасці «вэб-журналістыка» знайшліся зацікаўленыя ў гэтым студэнты, яны даслалі з дзясятак работ і «піярылі» намінацыю на сваім сайце. Іх прачыталі прафесіяналы — галоўны рэдактар часопіса «На экранах» Людміла Перагудава, загадчыца нашай кафедры кінакрытык Людміла Саянкова. Пасля гэтага адбыліся і персанальныя размовы паміж імі. Студэнты зразумелі, што яны нешта могуць не толькі ў вэб-журналістыцы, але і ў крытыцы, і калі ўсё будзе ісці як след, яны знойдуць сябе ў гэтай творчай галіне. Калі так здарыцца, я палічу, што конкурс сёлета сваю задачу выканаў. Дарэчы, менавіта ўвядзенне моладзі ў пэўную літаратурную «тусоўку» я лічу адной з галоўных задач «БрамаМар».

Калі размаўляць пра тэматычнае кола, то тут трэба адзначыць галоўнае — удзельнікі пішуць пра ўсё. У іх творах закранаюцца ўсе без выключэння традыцыйныя тэмы. Хутчэй за ўсё, гэта абумоўлена ўзростам. Маладосць — час, калі цябе цікавіць увесь свет, ты не абмяжоўваешся адной ці некалькімі сферамі. З іншага боку, разуменне многіх жыццёвых з'яў у маладых аўтараў бывае максімалісцкім ці занадта спрошчаным. Яны пакуль не бачаць, што некаторыя рэчы складанейшыя, чым яны здаюцца на першы погляд.

Мы неяк спрабавалі спецыяльна задаць адну тэматыку — ваенную, — але не магу сказаць, што атрымалася добра. Было мала «жывых» тэкстаў. І ў гэтым ёсць свая праўда жыцця, бо паэзія таксама грунтуецца на перажытым. А пакаленне тых, хто бачыў вайну, паступова адыходзіць. Моладзь усё менш чуе пра тыя падзеі з першых вуснаў і гэта скажае ўспрыманне.

На якой мове пісаць?

— Моўнае пытанне вельмі няпростае. Умова, якую нам ставяць спецыялізаваныя выданні, — «мы надрукуем толькі па-беларуску». Прозу моцных маладых аўтараў могуць перакласці, праўда, не ўсе разумеюць, колькі нюансаў аўтарскага стылю пры гэтым страчваецца. Мы імкнёмся, каб конкурс быў максімальна раўнапраўным і адкрытым для ўсіх, але атрымліваецца, што ў беларускамоўных аўтараў ёсць прыярытэт.

З іншага боку, самі разумеем, што беларускае трэба падтрымліваць, таму праводзім свае вечарыны на мове. Некалі нават жартавалі, што графаманам прасцей быць, калі пішаш па-руску, чым калі па-беларуску. Але не трэба адыходзіць ад рэальнасці — пераважная большасць моладзі размаўляе па-руску, гэтая мова стала для іх роднай. Калі чалавек піша на рускай мове і робіць гэта таленавіта, то навошта яму замінаць? Магчыма, падтрымка стане для яго прыступкай ва ўсведамленні таго, што беларускі пісьменнік павінен пісаць толькі па-беларуску, асабліва што датычыцца празаікаў. Не трэба разбураць усё ў самым пачатку: «Пішаш па-руску? Ну і пішы сам для сябе».

Калі паэт з Магілёва Дзмітрый Дзмітрыеў адным радком змог перадаць усю гісторыю мінулага стагоддзя, але зрабіў гэта па-руску, гэта не змяншае яго геніяльнасці: «Арийская спичка, сгорев безвозвратно, обнаружит в себе чернокожего брата». Дарэчы, цяпер ён піша і па-беларуску, што толькі пацвярджае маю папярэднюю думку.

Добра, што «БрамаМар» не становіцца зусім «камерным» конкурсам, хоць у самым пачатку і была прапанова праводзіць яго выключна для журфакаўскіх студэнтаў. У нас шырокая геаграфія, вялікая колькасць удзельнікаў... Дарэчы, ёсць нават маленькая традыцыя: фіналісты-журфакаўцы вяртаюцца да нас ужо ў якасці арганізатараў.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.