Вы тут

Унукі пішуць пра вайну...


Бадай, не знайсці ў Беларусі такой сям'і, якую абмінула Вялікая Айчынная вайна. На жаль, а можа, на шчасце, мне не было каму пра яе расказваць. Маіх прадзедаў не ўзялі на фронт з-за сталага ўзросту, дзяды ж — як ні парадаксальна — былі яшчэ малымі. Пра вайну я даведалася са школьных падручнікаў і літаратурных твораў.

Іншым пашчасціла мець у сям'і сваіх герояў. Іх гісторыі перадаваліся наўпрост (часам зайздрошчу свайму мужу, у якога і сёння дзед-франтавік шчодры на ваенныя аповеды). А нашчадкі пакалення пераможцаў, у сваю чаргу, перадаюць іх нам — у тым ліку са старонак кнігі «Ніколі не забудзем. Унукі пра вайну», якая напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда».

У межах аднайменнага конкурсу, які праводзіла піянерская арганізацыя Беларусі, з усіх куточкаў краіны пасыпаліся апавяданні, эсэ, вершы пра тых, хто не па чутках ведаў і ведае, што такое вайна. Такога рэзанансу нават не чакалі! Якім чынам праводзіўся адбор твораў, пра каго пісалі дзеці і ўвогуле, ці могуць быць упэўнены ветэраны, што памяць пра вайну будзе жыць, расказала аўтарка ідэі праекта, старшыня Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Вікторыя МЯНАНАВА.

[caption id="attachment_101812" align="alignnone" width="600"]22-8 Стар­шы­ня Бе­ла­рус­кай рэс­пуб­лі­кан­скай пі­я­нер­скай ар­га­ні­за­цыі Вік­то­рыя Ме­на­на­ва пад­час прэ­зен­та­цыі кні­гі «Ні­ко­лі не за­бу­дзем. Уну­кі пра вай­ну».[/caption]

— Можа, і ў вашым радаводзе, Вікторыя, былі ці ёсць тыя, хто варты аповеду?

— У Вялікай Айчыннай вайне ўдзельнічаў мой прадзед па матчынай лініі — Караў Міхаіл Фёдаравіч. На першапачатковым этапе вайны ён быў баявым камандзірам, але пасля яго накіравалі ў тыл ва Узбекістан. Там і сустрэў Вялікую Перамогу.

— Проста здзіўляешся, з якой дасведчанасцю дзеці пішуць пра тых, каго нават ніколі не бачылі...

— Калі мы стваралі кнігу, думалі не толькі пра тое, каб у выніку яе можна было проста прачытаць. Сутнасць праекта заключалася ў тым, каб хлопцы і дзяўчаты даведаліся гісторыю сваёй сям'і. Адна справа, калі табе пра яе расказалі. Зусім па-іншаму ты ўспрымеш тую ж інфармацыю, калі сам вывучыш гісторыю роду. І мы ўбачылі, наколькі шчыра дзеці расказвалі пра сваіх продкаў або іншых людзей! Такім чынам, яны дакрануліся да гісторыі ўсяго беларускага народа, які сваім подзвігам здабыў Вялікую Перамогу.

— Не ўсе дасланыя творы ўвайшлі ў кнігу. Як выбіралі пераможцаў конкурсу?

— Зрабіць гэта было вельмі складана. Таму ў склад журы мы сябе нават не ўключалі: тут павінна была быць прафесійная ацэнка. І з гэтым выдатна справіліся нашы пісьменнікі і журналісты. Дзеці з усёй краіны даслалі каля 700 твораў, у фінал выйшла каля трохсот. І толькі 73 допісы ўвайшлі ў зборнік. Скажу шчыра: мы хацелі, каб іх увогуле было 70 — як і гадоў Вялікай Перамогі. Але члены журы пераканалі нас у тым, што немагчыма прыбраць яшчэ некалькі работ, бо ўсе яны вельмі цікавыя і кранальныя. Таму, каб была магчымасць, то ў зборнік увайшло б значна больш твораў.

У некаторых работах прасочваўся дарослы «почырк», што, безумоўна, не маглі не заўважыць члены журы. Асабіста мяне зачапілі творчыя работы сельскіх школьнікаў. Можа, яны былі напісаны больш проста, але шчырасць зашкальвае. Штораз перачытваю кнігу і кожны раз вылучаю для сябе новыя фразы, цікавыя сказы. Здавалася, столькі ўжо напісана пра вайну, але ад дзяцей гэта гучыць зусім па-іншаму. Няма ніводнага твора, які б не чапляў. Чытаеш — і, хочаш не хочаш, коцяцца слёзы.

[caption id="attachment_101814" align="alignnone" width="600"]22-12 Кніга стала добрым падарункам для моладзі.[/caption]

— Што з аповедаў вас найбольш уразіла?

— Я пачынала сваю працоўную дзейнасць у Пухавіцкім раёне, таму мяне здзівіў расказ пра жанчыну-вязня дзіцячага лагера смерці ў вёсцы Скобраўка, што на Пухавіччыне. Дзеці з гэтага лагера былі донарамі для гітлераўцаў. Адчуць гэты жах у поўнай ступені можна толькі на тым месцы, дзе я была неаднаразова. Уразіла, наколькі шчыра дзеці дзякуюць ветэранам за Перамогу. Яны выказваюцца простымі словамі, без прыгожых эпітэтаў і метафар. Дарэчы, гэты праект шчыльна пераплецены з акцыяй «Ліст пераможцу», якую напярэдадні Дня Перамогі мы правялі сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. Атрымалі амаль 10 тысяч такіх лістоў, самыя лепшыя з якіх былі агучаны на тэлеканале «СТБ».

— 17 гадзін аўдыязапісу. Хто агучваў гэтыя няпростыя гісторыі?

— Пасля таго, як быў адабраны матэрыял, нарадзілася ідэя запісаць аўдыяверсію кнігі. Мы добра разумеем, што з узростам зрок пагаршаецца. Акрамя таго, мы рабілі акцэнт на дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі па зроку — дзеля таго, каб і яны маглі праслухаць кнігу. У гэтай справе нам дапамагла Белтэлерадыёкампанія. Канал «Культура» звярнуўся па дапамогу да навучэнцаў тэатральнага аддзялення дзіцячай харэаграфічнай школы №2 Мінска. У выніку запісалі 50-60 дзяцей, якія вельмі эмацыянальна перадалі сутнасць кожнага аповеду. Некалькі гісторый можна было пачуць на тэлеканале «Культура» ў дні святкавання Дня Перамогі.

— Хочацца верыць, што калі да такой важнай справы далучаюцца дзеці, то памяць пра Вялікую Айчынную вайну, подзвіг народа, пра гераічны ўчынак канкрэтнага чалавека ў гады ваеннага ліхалецця будзе жыць вечна...

— Калі не мы, то хто? Любоў да Радзімы, павага да сваіх продкаў выхоўваецца з маленства. Гэтыя пачуцці трэба фарміраваць. І калі бацькі расказваюць дзецям пра сваіх продкаў, то і тыя, калі вырастуць, падзеляцца гэтым са сваімі нашчадкамі. У далейшым у нас ёсць ідэя, каб дзеці паразважалі не толькі на ваенную тэматыку, а, напрыклад, стварылі сваё генеалагічнае дрэва. Цікавасць да гісторыі сваёй сям'і, радзімы трэба прывіваць менавіта з гэтага ўзросту. Тады можна быць спакойным за будучыню.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

22-9

Георгій ГУР'ЕЎ:

«Мой прадзядуля па матчынай лініі — Уладзімір Аляксеевіч Кірылаў — быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені. Ён быў сапёрам. Брат майго прадзеда — Яўген Аляксеевіч Кірылаў — прайшоў усю вайну афіцэрам. Удзельнічаў у вялікай Сталінградскай бітве, быў паранены. Яшчэ адзін мой прадзядуля па матчынай лініі — Платон Дзмітрыевіч Баранаў — таксама ваяваў, быў узнагароджаны многімі медалямі, ордэнам Чырвонай Зоркі і ордэнам Славы ІІІ ступені. Пра вайну гаварыць не любіў, на роспыты маёй мамы адказваў: «Вельмі страшна было, унучачка».

З маёй сям'і на фронце, у акопах, абараняючы Айчыну, ваявалі пяць чалавек: тры родныя прадзеды, два стрыечныя. Чацвёра засталіся жыць, а адзін загінуў у 1942 годзе ў вёсцы Дзідвіна пад Ленінградам. Звалі яго Зосім Аляксандравіч Гур'еў. Яшчэ адзін мой прадзядуля (па татавай лініі) — Сямён Аляксандравіч Гур'еў — да вайны працаваў у пракуратуры Архангельскай вобласці. На фронт пайшоў 23 чэрвеня 1941 года. Ваяваў ён таксама ў складзе ваеннай пракуратуры. Прадзед прайшоў усю вайну. Пасля вайны быў прызначаны намеснікам пракурора горада Кіева. Быў узнагароджаны медалямі і ордэнам Чырвонай Зоркі».

Паліна ЛЯБІКАВА:

«У кожнай сям'і вайна пакінула свой след. Прайшлася вайна і па маёй сям'і. Даўно спачывае ў магіле Пелагея, так і не дачакаўшыся Ягора з вайны. Адняла вайна здароўе ў маёй прабабулі Дуні, да якой мы часта прыязджаем у маленькую вёсачку Добрына, памерлі дзеці Ягора Зіна і Вольга. Ні на адным абеліску няма імя майго прапрадзеда Дзярабіна Ягора Іванавіча, ён значыцца як зніклы без вестак. А калі б не жыў калісьці Ягор, не было б нас. А калі б не загінуў Ягор, не было б мірнага неба над галавой цяпер. Вось і атрымліваецца, што ўсё ў свеце ўзаемазвязана, што памяць аб загінулых героях вечная. І нам несці яе далей».

Аляксей БРЫСІН:

«Неўзабаве прабабулі Лізе прыйшоў ліст з вайсковай часці, дзе служыў прадзядуля Мікалай: «Стабронік Мікалай Захаравіч прапаў без вестак». Вось так засталася Лізавета Кузьмінічна з маленькай Дзінай на руках без каханага мужа. А вакол была вайна: бамбёжкі, баі, зводкі з перадавой. Ліза з Дзіначкай вярнуліся ў бацькоўскую хату. Ад бамбёжак яны хаваліся ў склепе, было вельмі страшна і голадна: збіралі на полі старую бульбу і рабілі з яе бліны, з гародніны варылі суп. Чырвоная Армія з баямі адступала, і ў вёску ўвайшлі фашысты. Да іх у хату пасялілі нямецкага афіцэра з аўчаркай. Сабаку добра кармілі: давалі суп, мяса, кашы. Маленькая Дзіначка заўсёды была паўгалодная і, не ведаючы страху, падпаўзала на карачках да сабачай міскі і ела адтуль.

...Усё, што засталося на памяць маленькай Дзіначцы ад бацькі, — гэта фотаздымак і некалькі лістоў-трохкутнікаў. Я не хачу, каб вайна яшчэ раз паўтарылася...»

Хрысціна СЕВЯРЫН:

«Дарагі мой прадзед! Я ніколі не бачыла цябе, ведаю толькі па фотаздымках, але вельмі ганаруся табою. Я лічу, што твая перамога — гэта мая перамога. Мая — таму што ў мяне твая кроў і твой клопат пра Радзіму. Мой дарагі прадзед, ты менавіта той чалавек, каго мы ўзнёсла і з гонарам называем героем Вялікай Айчыннай вайны. Я вельмі люблю Радзіму, і мне так хочацца верыць, што мая чыстая, светлая, сінявокая Беларусь будзе не толькі самай прыгожай, але і самай магутнай, мірнай, шчаслівай. Дзякуй табе за гэта!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».