Вы тут

«Мне падабаецца тое, што прапаноўвае Міністэрства адукацыі»


Міхаіл ВОЛКАЎ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы:

23-60

— Зараз наведваю шмат калектываў: штодня па адным-два. Людзі разумеюць сітуацыю ў краіне, якая склалася ў сувязі са скарачэннем традыцыйных рынкаў збыту, і бачаць, што адбываецца ў свеце. Па звестках ААН, 836 млн чалавек на нашай планеце працягваюць жыць ва ўмовах крайняй галечы. Каля 60 мільёнаў чалавек у 2014 годзе пакінулі свае дамы з прычыны войнаў, палітычных, рэлігійных канфліктаў і эканамічных цяжкасцяў. І, мяркуючы па рэпартажах з Еўрапейскага саюза, сёлета гэтая лічба будзе яшчэ большай. На гэтым фоне тое, што ў нашай краіне спакойна пражываюць людзі прыкладна 140 нацыянальнасцяў, усе яны свабодна могуць спавядаць сваю веру, справядліва ўспрымаецца як дасягненне. Людзі цэняць стабільнасць, аднак, калі нешта выклікае ў іх пытанні, яны не маўчаць. І пытанняў на сустрэчах з выбаршчыкамі бывае нямала.

Напрыклад, нядаўна выбаршчыкі паднялі пытанне «пабораў» у школах. Як былы настаўнік, ведаю, што ў навучальных установах, сапраўды, бацькі здаюць грошы на розныя патрэбы. Калі вырашэннем фінансавых пытанняў займаецца папячыцельскі савет або бацькоўскі камітэт, то пытанняў, як правіла, не ўзнікае. Бацькі самі вырашаюць, ці ёсць патрэба збіраць грошы і хто з іх можа здаць адну базавую велічыню, хто — больш, а хто не можа здаць увогуле. Удзел бацькоў у фінансаванні школы павінен быць строга добраахвотны. На жаль, не ва ўсіх навучальных установах адміністрацыя гэта разумее, і, здараецца, патрабуе пэўны грашовы ўнёсак ад бацькоў кожнага вучня. Так не павінна быць.

У пятніцу я выступаў перад педагагічнымі калектывамі дашкольных устаноў сваёй Віцебска-Чкалаўскай акругі. Гэта тая частка сістэмы адукацыі, найлепшае ў якой удалося амаль цалкам захаваць з часоў Савецкага Саюза. Тым не менш ёсць пытанні, якія хвалююць кіраўнікоў дзіцячых садкоў. Яны не новыя, але пакуль не вырашаны. Першае датычыцца атэстацыі выхавацеляў, якія, згодна з атрыманым дыпломам, з'яўляюцца выкладчыкамі-прадметнікамі. Яны, а таксама сацыяльныя педагогі, у адрозненне ад педагогаў-«дашкольнікаў» і настаўнікаў пачатковых класаў, не маюць права атрымліваць катэгорыю, а такіх выхавацеляў у нас шмат, і працуюць яны з маленькімі дзецьмі досыць даўно.

Другое пытанне — пра падпарадкаванне медыцынскіх работнікаў у садках сістэме аховы здароўя. У выніку кіраўнікі дашкольных устаноў не маюць ніякага ўплыву на іх работу, дысцыпліну, скардзяцца на недахоп увагі з боку медыцынскага работніка да меню ў дзіцячых садках. Аптымізіраваць сістэму, зразумела, трэба, але лепш гэта рабіць за кошт кіраўнікоў, а не за кошт якасці харчавання і догляду дзяцей.

Выкажу некалькі думак пра стан спраў у школьнай адукацыі наогул. Я па натуры чалавек, які ўвесь час сумняваецца і крытыкуе. Аднак тое, што зараз прапаноўвае Міністэрства адукацыі, мне вельмі падабаецца. Тым больш што зараз я, як парламентарый, маю магчымасць напрамую даводзіць свае ідэі да міністэрства.

Размова пра тое, што цяпер, упершыню за доўгі час, міністэрства прапаноўвае дзве ідэі, якія не супярэчаць адна адной. Ідэя першая — профільнае навучанне. Прынцыповае адрозненне ад таго, якое было раней, у пазбяганні валавога пераходу з 9-га класа ў 10-ты. Школа мае дзве тэндэнцыі: яна або лечыць, або калечыць. Калі ў 10-ты профільны клас ідзе матываваны вучань, які здольны да вывучэння праграмы, то ён вучыцца сам і не перашкаджае вучыцца іншым. Тады ад вучобы ёсць карысць і профільнае навучанне сябе апраўдвае.

Лічу, што ў 10-ты клас павінны ісці або матываваныя дзеці, або недастаткова матываваныя, але здольныя да вывучэння праграмы. Іспыты ў 9-м класе трэба адмяніць, бо яны з'яўляюцца чыстай вады фармалізмам. Усе мы вучыліся ў школе і ведаем, што ў 9-м класе нават самых слабых вучняў прыводзяць на экзамен за руку, саджаюць за парту і ставяць яму мінімальную, але станоўчую адзнаку. Бо базавая школа ў нас абавязковая. Калі вучань заканчвае школу на «9» , «10», то за іспыты ён, як правіла, атрымлівае «9» або «10». Таму экзамены за базавую школу даўно пераўтварыліся ў фармальнасць. Дастаткова было б выставіць у Пасведчанне аб базавай адукацыі гадавыя адзнакі, акрамя двух прадметаў: руская і беларуская мовы. Па дзвюх дзяржаўных мовах кожнае дзіця павінна здаць экзамены.

Іспыты за 9-ты клас, з улікам абранага кірунку, трэба перанесці на паступленне ў 10-ты клас. Тыя, хто праваліў экзамены, могуць працягваць навучанне ў прафесійна-тэхнічных вучылішчах. Аднак паралельна з профільнымі класамі абавязкова трэба стварыць адзін агульнаадукацыйны — для тых, хто з розных прычын не можа ісці ў вучылішча.

Тое ж і з іспытамі пасля 11-га класа. Навошта яны патрэбны? Дастаткова зрабіць у 11-м класе тэсты па профільных прадметах (плюс адзін дадатковы прадмет на выбар, які дазволіць пашырыць пералік ВНУ для паступлення) і залічваць у студэнты па выніках гэтых тэстаў. Гэта дазволіць зменшыць залішняе нервовае напружанне для маладых людзей у летнія месяцы пасля заканчэння школы. Калі да такой сістэмы далучыць якасныя праграмы (сёння я такіх не бачу), якасныя падручнікі і якасных настаўнікаў, то рэпетытарства стане непатрэбным.

У рэпетытарстве ўсё больш з'яўляецца халтуры, і ўсё часцей, аддаўшы немалыя грошы, людзі ледзь-ледзь паступаюць на платнае навучанне. Дарэчы, гэтае пытанне таксама падымаюць выбаршчыкі. Рэпетытарства літаральна раздзявае некаторыя сем'і. А без паслуг рэпетытара дзеці часта аказваюцца неканкурэнтаздольнымі пры выбары вышэйшай навучальнай установы.

Другая ідэя міністэрства — бесперапынная прафесійна-тэхнічная адукацыя да ступені бакалаўра. Ва ўмовах укаранення навукаёмістых тэхналогій, мадэрнізаванай прамысловасці нам патрэбен рабочы з мысленнем інжынера. Такі чалавек працоўнае месца атрымае хутчэй, чым выпускнік ВНУ. Калі гэтая ідэя будзе рэалізавана, то мы атрымаем натуральны адток дзяцей са школы ў прафтэхадукацыю, бо прэстыж і якасць такой адукацыі павысяцца.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

medvedeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».