Вы тут

Хэндмэйд: зроблена з душой...


Сацыялагічнае анлайн-даследаванне на тэму «Адзенне і аксесуары хэндмэйд: модны трэнд або прывід мінулага?» правялі супрацоўнікі кафедры эканамічнай сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта сярод карыстальнікаў сацыяльных сетак. Апытаннем было ахоплена больш як 400 рэспандэнтаў.


24-3

Падчас даследавання высветлілася, што адзенне і аксесуары, зробленыя рукамі ўмелых майстроў, імкліва набіраюць папулярнасць у Беларусі, набываючы статус дызайнерскіх. І калі раней ручная вышыўка асацыявалася, у першую чаргу, з бабуліным куфрам, то цяпер такі арнамент усё часцей можна ўбачыць у элементах адзення сучаснай моладзі і дзелавых людзей.

Высветлілася, што хэндмэйд часцей за ўсё асацыюецца ў рэспандэнтаў з падарункамі, ручным вырабам аксесуараў і адзення. Большасць з тых, хто набывае тавары хэндмэйд, адзначаюць, што гэта прадукцыя не масавай вытворчасці, яна арыгінальная і дазваляе вылучыцца, у ёй прысутнічае «душэўнасць» выканання і арыгінальная дызайнерская ідэя. Якасць тавараў хэндмэйд не ацэньваецца рэспандэнтамі адназначна як добрая ці дрэнная, але ўсе апытаныя сышліся ў думцы, што такія тавары прывабліваюць сваёй унікальнасцю і высокай сімвалічнай значнасцю.

24-4

Галоўнай прычынай набыцця адзення з нацыянальнай беларускай сімволікай з'яўляецца патрыятычны стыль прадукцыі — на гэта ўказалі 69,3% рэспандэнтаў. Унікальнасць дызайнерскай прапановы ў якасці прычыны выбару адзначылі 49,5% апытаных, адпаведнасць прадукцыі з нацыянальнай беларускай сімволікай модным запатрабаванням «прасунутай» беларускай моладзі — 31%, а 29,4% рэспандэнтаў лічаць, што такія тавары даюць магчымасць вылучацца сярод іншых.

Для дзяўчат больш значнай, чым для мужчын, з'яўляецца прысутнасць у адзенні не толькі нацыянальнай беларускай сімволікі, але і элементаў ручной працы.

Рэспандэнты адзначылі, што прадукцыя хэндмэйд шырока прадстаўлена ў Мінску ў этнакрамах, на спецыялізаваных выстаўках і кірмашах. Аднак усе рэспандэнты назвалі самым папулярным і дзейсным каналам распаўсюджвання сацыяльныя сеткі. Што тычыцца коштаў на тавары катэгорыі хэндмэйд, то 52,9% рэспандэнтаў лічаць яе прымальнай, улічваючы эканамічныя выдаткі і каштоўнасць тавару.

24-2

Цэняць карыстальнікі сацыяльных сетак і беларускамоўнае афармленне старонак у вытворцаў тавараў хэндмэйд — больш за палову рэспандэнтаў паведамілі, што гэта з'яўляецца істотным плюсом і прыцягвае патэнцыйных спажыўцоў.

З мэтай высвятлення партрэта спажыўца тавараў хэндмэйд рэспандэнтам было зададзена пытанне «Кім у беларускім грамадстве лічаць людзей, якія носяць адзенне з элементамі нацыянальнай сімволікі?» Адказы былі наступныя: гэта людзі, «якія падтрымліваюць нацыянальныя традыцыі» (так адказалі 49,7% рэспандэнтаў), «якія намагаюцца звярнуць на сябе ўвагу» (21,7%), «якія цікавяцца моднымі тэндэнцыямі» (20,6% рэспандэнтаў).

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА і Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.