Вы тут

Першы курс — пачатак усяго...


Гэты год стаў для мяне асаблівым па многіх прычынах. Я скончыла школу, паспяхова здала цэнтралізаванае тэсціраванне, паступіла ў ВНУ і пераехала ў вялікі горад. І ў ім шмат што для мяне аказалася новым, раней невядомым. Не адразу прывыкла да пастаяннага шуму, вялікай колькасці машын і доўгага чакання на пешаходных пераходах. Нават сістэма аплаты праезду ў грамадскім транспарце тут не такая, як у маім родным горадзе. Кожны дзень я спасцігаю нешта новае для сябе, усё яшчэ прывыкаю да статусу студэнта і асвойваюся на новым месцы...

24-10

Студэнцтва заўсёды ўяўлялася мне гэткай прыгодай. Думка «ў інстытуце лягчэй, чым у школе, і няма хатніх заданняў» — мой галоўны самападман. У тым, што не ўсё так проста, нас пераканалі на першай жа пары. «Давядзецца шмат займацца. У адрозненне ад школы, тут асноўная частка падрыхтоўкі кладзецца на вашы плечы. Нікога не будзе хваляваць, што вы не знайшлі патрэбны падручнік ці праспалі лекцыю», — такім быў вердыкт выкладчыка (настаўнікі, дарэчы, засталіся ў школе). Прывыкай, што шмат часу ты будзеш праводзіць у бібліятэцы.

Рэфератам, узятым з інтэрнэту, ужо нікога не здзівіш. Некаторыя такія «працы» студэнты прыносяць з года ў год, і выкладчыкі ведаюць іх на памяць.

Думаеш, з'ехаў ад бацькоў і больш ніякага кантролю? Забудзь. Вядома, шмат у чым ты становішся больш самастойным: прыйдзецца самому вырашаць многія праблемы, разлічваць выдаткі, каб хапіла да стыпендыі. Напрыклад, ты даведаешся, колькі каштуе гаспадарчае мыла і як змагацца з накіпам у чайніку. Калі дома ў цябе быў свой пакой, то, жывучы ў інтэрнаце, па першым часе будзе цяжка прывыкнуць да таго, што побач пастаянна хтосьці ёсць. З суседзямі па пакоі трэба не толькі ўжывацца, але і весці сумесны побыт. Раю адразу падзяліць абавязкі, устанавіць дзяжурства па прыборцы. Маці, якая магла б зрабіць заўвагу за незасланы ложак, побач не будзе, але каменданта інтэрната ніхто не адмяняў, таму за невыкананне санітарных нормаў можна і вымову атрымаць.

Асаблівае месца ў інтэрнаце — гэта кухня. Не ўмееш ці не любіш гатаваць? Не перажывай, есці захочаш — хутка навучышся. А калі што, то старэйшыя таварышы галодным не пакінуць і навучаць хоць бы аўсянку варыць. А вось адціраць за табой рэшткі абеду з пліты не будзе ніхто. Гатуеш — прыбірай за сабой.

Вячэрні горад мае асаблівую атмасферу. Аднак не забывай, што большасць інтэрнатаў зачыняецца ў 23 гадзіны і, не разлічыўшы час, ты рызыкуеш не паспець дадому.

Магчымасці вялікага горада і адсутнасць кантролю бацькоў могуць закружыць галаву. Аднак увесь час памятай, што ты першакурснік. З боку выкладчыкаў да цябе — самая пільная ўвага. Добра сябе зарэкамендуй, пакажы свае таленты, удзельнічай у грамадскай дзейнасці. А пагуляць яшчэ паспееш. Пагадзіся, крыўдна будзе вылецець пасля першай жа сесіі.

Як бы там ні было, студэнцтва — важны і ў той жа час займальны жыццёвы этап. Ты даведаешся шмат новага, завядзеш новых сяброў (нават не сумнявайся), прывыкнеш да самастойнасці. Але галоўнае — гэта шлях ад «зялёнага» першакурсніка да сапраўднага спецыяліста. Vіvаt, студэнт!

Арына КАГАЛЁНАК, студэнтка І курса факультэта арганізацыі паветранага руху Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».