Вы тут

Беларускія ВНУ ўкараняюць міждысцыплінарную падрыхтоўку спецыялістаў


Супрацьстаянне фізікаў і лірыкаў для ХХІ стагоддзя ўжо неактуальнае. І шанцаў працаўладкавацца ў ІТ-кампанію з сусветным іменем у праграміста з інжынернай адукацыяй значна менш, чым у праграміста, які мае веды яшчэ і ў сумежных галінах: псіхалогіі, сацыялогіі, менеджменце, мастацтве і гэтак далей. Скажам, у Оксфардскім універсітэце можна выбраць праграму, якая спалучае камп'ютарныя тэхналогіі і філасофію. А ў Томскім дзяржаўным універсітэце (Расія) магістраў рыхтуюць па спецыяльнасці «Гуманітарная інфарматыка»...
Міждысцыплінарная падрыхтоўка спецыялістаў у вышэйшай школе стала тэмай міжнароднага семінара, які прайшоў у рамках праграмы Erasmus+ з прыцягненнем міжнародных экспертаў Еўрапейскай асацыяцыі ўніверсітэтаў. Мэтай было знаёмства з найлепшымі практыкамі, якія існуюць ва ўніверсітэтах краін — удзельніц Балонскага працэсу.


24-23

Адукацыя праз усё жыццё

За апошнія тры гады паказчыкі акадэмічнай мабільнасці студэнтаў, аспірантаў, выкладчыкаў і вучоных ВНУ выраслі ў Беларусі больш чым удвая. Выклікі новага часу ў многім звязаны з масавасцю вышэйшай адукацыі, таму неабходна распрацоўка новых механізмаў забеспячэння якасці падрыхтоўкі ў вышэйшай школе.

— Сёння патрабуюцца спецыялісты, якія ў стане вырашаць глабальныя праблемы, што вымагае асаблівай междысцыплінарнай падрыхтоўкі і фарміравання кампетэнцый, якія б дазвалялі хутка перабудоўвацца, а можа, і змяняць на працягу прафесійнай кар'еры неаднойчы сваю спецыялізацыю, — падкрэсліў рэктар БДПУ Аляксандр ЖУК. — Таму ў свеце рэалізуецца канцэпцыя пераходу ад «адукацыі на ўсё жыццё» да «адукацыі праз усё жыццё». Нацыянальная вышэйшая школа развіваецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі Балонскага працэсу.

Як сведчыць еўрапейская практыка, сумесныя міжнародныя адукацыйныя праграмы найбольш запатрабаваны на ўзроўні магістратуры. Пры гэтым беларускія ВНУ ўжо маюць першы вопыт стварэння і рэалізацыі такіх праграм. Сёння іх налічваецца больш за трыццаць. 13 беларускіх універсітэтаў рэалізуюць сумесныя адукацыйныя праграмы з універсітэтамі такіх краін, як Францыя, Кітай, Германія, Польшча, В'етнам, Швецыя, Расія, Літва, Украіна. Але адной з галоўных умоў прыцягальнасці магістарскіх праграм застаецца міждысцыплінарная падрыхтоўка спецыялістаў...


У прыярытэце — інтарэсы працадаўцаў

— Швецыя даволі позна далучылася да Балонскага працэсу (у 2007 годзе), затое была магчымасць вучыцца на чужых памылках, — расказала беларускім калегам саветнік Асацыяцыі ўніверсітэтаў Еўропы, грамадзянка Швецыі Ханне ШМІТ. — Магістарская падрыхтоўка была для нас справай адносна новай. Да ўключэння ў Балонскі працэс у Швецыі была толькі ўніверсітэцкая адукацыя і аспірантура, але літаральна за год было распрацавана каля 600 магістарскіх праграм. Усе яны сталі вынікам цесных кансультацый з зацікаўленымі бакамі, у прыватнасці, з патэнцыяльнымі працадаўцамі. Мы павінны былі ўлічваць спецыфічныя запатрабаванні рынку працы. Медыцынскія ўніверсітэты ўшчыльную супрацоўнічалі з прадстаўнікамі медыцынскага рынку для таго, каб зразумець, якія канкрэтна спецыялісты ім патрабуюцца.

Праз шэсць гадоў з таго часу, як першыя выпускнікі магістратуры выйшлі на рынак працы, многае змянілася, але працэс не спрасціўся. Шведскія ўніверсітэты самі шукаюць новыя сферы, дзе яны маглі б распрацаваць і прапанаваць студэнтам прывабныя праграмы, у тым ліку і для замежных грамадзян...

— Зараз створана ўжо каля 1014 курсаў, якія маюць міждысцыплінарны характар. З іх 870 — гэта міждысцыплінарныя курсы на англійскай мове, — дадала Ханне Шміт. — Патрабаванні, якія ўлічваюцца пры распрацоўцы міждысцыплінарных праграм, маюць на ўвазе развіццё ў студэнтаў і магістрантаў крэатыўнасці, крытычнага мыслення, бачання праблемы з розных бакоў, навыкаў камунікацыі, здольнасцяў да калектыўнага вырашэння задач, навыкаў работы ў праектах, кіравання інфармацыйнымі рэсурсамі, развіццё прадпрымальнасці і мультыкультуралізм (пад гэтым тэрмінам хаваецца веданне замежных моў).

24-26


Ключ да інавацый

Для ўсіх краін, якія выбралі шлях інавацыйнай эканомікі, сёння паўстала пытанне суадносін тэхнічнага і крэатыўнага напрамкаў у адукацыі.

У пачатку 1990-х гадоў фізіёлаг Р. Рут-Бернштэйн вывучыў 150 біяграфій самых вядомых навукоўцаў ад Пастэра да Эйнштэйна.

Як высветлілася, амаль усе вынаходнікі і навукоўцы былі таксама музыкантамі, мастакамі, пісьменнікамі або паэтамі: Галілей — паэтам і літаратурным крытыкам, Морзэ — мастаком-партрэтыстам, Эйнштэйн іграў на скрыпцы і г.д.

У 2010 годзе арганізацыяй «Амерыканцы за мастацтва» сумесна з Амерыканскай асацыяцыяй адміністратараў школ было праведзена даследаванне на тэму «Гатоўнасць да інавацый». І выявілася цікавая тэндэнцыя: усё часцей наймальнікі прад'яўляюць да сваіх новых супрацоўнікаў патрабаванні ў большай ступені мастацка-крэатыўнага, чым навукова-матэматычнага плана. Кампаніі хочуць наймаць работнікаў, якія, акрамя тэхналагічных навыкаў, валодаюць яшчэ і здольнасцю эфектыўна ўдзельнічаць у разнастайных мазгавых штурмах, рашэннях актуальных праблем, крэатыўна супрацоўнічаць, генерыраваць новыя ідэі.

На думку амерыканскіх навукоўцаў, супрацьпастаўленне навукі і мастацтва непрадукцыйнае, і абодва гэтыя напрамкі трэба развіваць у тандэме. Спроба актывізаваць адукацыю толькі ў кірунку навукі, інжынернай справы і матэматыкі без паралельнага развіцця Arts-дысцыплін можа прывесці да таго, што маладое пакаленне будзе пазбаўлена крэатыўнасці.Толькі адзінства дакладных навук і гуманітарных падыходаў дапаможа выхаваць усебакова развітых спецыялістаў, вынаходнікаў і наватараў у сваёй сферы. Таму сёння не толькі ў ЗША, але і ва ўсім свеце расце армія прыхільнікаў пераходу ад STEM-адукацыі (абрэвіятура расшыфроўваецца як «scіence, technology, engіneerіng і mathematіcs» — «прыродазнаўчыя навукі, тэхналогіі, інжынерыя і матэматыка») да STEAM-адукацыі (тыя ж навукі плюс творчасць). У краінах, дзе развіваюць высокатэхналагічную вытворчасць, STEAM-адукацыя, якая развівае крэатыўныя навыкі, становіцца прыярытэтнай.

Тэхналогіі — ключавы аспект тавараў і паслуг, якія вырабляюцца на экспарт, але менавіта крэатыўная культура з'яўляецца той «разыначкай», якая дазваляе прадаваць іх за мяжой.

Што рабіла б карпарацыя Apple без візуальнага дызайну сваіх прадуктаў, актыўных рэкламных кампаній і вонкавай лёгкасці дызайну інтэрфейсу?

Без літары «А» (Arts) нельга было б рэалізаваць нават самыя відавочныя перавагі, якія дае STEM-адукацыя.

Вялікіх поспехаў у развіцці крэатыўнай эканомікі дамагліся азіяцкія краіны, напрыклад Сінгапур. Яшчэ ў 2002 годзе тут была запушчана ініцыятыва (RemakіngSіngapore), нацэленая на ператварэнне гэтага горада-дзяржавы ў сусветны цэнтр крэатыўнасці, інавацый і дызайну. Урад Сінгапура рэфармуе сістэму адукацыі так, каб стымуляваць крэатыўныя якасці моладзі і ўводзіць маладых, таленавітых людзей з новым тыпам мыслення ў розныя дзяржаўныя структуры, якія адказваюць за эканамічную палітыку.

Дзяржаўныя праграмы ў галіне STEAM-адукацыі праводзяць Аўстралія, Кітай, Вялікабрытанія, Ізраіль, Карэя, Расія...


Задачкі прыкладнога характару

Дацэнт кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі БДУ, кандыдат педагагічных навук Святлана СІРЭНКА падзялілася беларускім досведам у рэалізацыі міждысплінарнага падыходу ў вышэйшай школе. Міждысцыплінарная інтэграцыя была ўкаранёна ў БДУ ў выкладанне вучэбных дысцыплін «Асновы інфармацыйных тэхналогій» (для студэнтаў спецыяльнасцяў «Філасофія», «Сацыялогія» і «Паліталогія»), «Педагогіка» (на спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя» факультэта філасофіі і сацыяльных навук»), «Педагогіка і псіхалогія вышэйшай школы» (для магістрантаў БДУ, якія аб'ядноўваліся ў міждысцыплінарныя каманды для вырашэння пэўных задач), а таксама рэалізаваная ў Акадэміі кіравання пры выкладанні дысцыплін «Распрацоўка і суправаджэнне web-рэсурсаў», «Камп'ютарная графіка і мультымедыя», «Web-дызайн і камп'ютарная графіка» (для студэнтаў спецыяльнасці «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі»). Больш як 300 студэнтаў з гэтых ВНУ былі ўцягнуты ў эксперыментальную працу.

З гэтага навучальнага года плануецца выкладаць на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі таксама на міждысцыплінарнай аснове спецкурс «Бізнес і сацыяльная інфармацыя».

А вясной Белдзяржуніверсітэт сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук правёў міжнародны студэнцкі турнір прыродазнаўчых дысцыплін і навук «СТЭНД», які сабраў 14 камандаў з універсітэтаў Беларусі, Расіі і Украіны. Пры падборы задач аргкамітэт стараўся выбіраць задачы з кожнай дысцыпліны: фізікі, хіміі, біялогіі, але гэта былі не акадэмічныя заданні, а праблемы прыкладнога характару. Удзельнікі турніру павінны прапанаваць свае шляхі выхаду, абапіраючыся на міждысцыплінарныя веды. Немалаважна, што кампаніі-спонсары далі студэнтам магчымасць папрацаваць над канкрэтнымі вытворчымі праблемамі. Аналагічныя турніры даўно ладзяцца ў Расіі і ва Украіне, але для Беларусі «СТЭНД» стаў першым падобным досведам: дагэтуль праводзіліся спаборніцтвы, спецыялізаваныя на канкрэтным прадмеце, — хіміі, фізіцы альбо біялогіі, а «СТЭНД» аб'яднаў гэтыя дысцыпліны. У фінале каманды-прызёры за адну гадзіну, карыстаючыся рознымі крыніцамі інфармацыі, аператыўна распрацавалі план па абароне насельніцтва ад наступстваў маштабнага выкіду радыеактыўных ізатопаў у асяроддзе. Крэатыўнасцю гэтых маладых людзей Бог не пакрыўдзіў...

Даведка

У 2014 годзе на змену добра знаёмым у Беларусі праграмам Еўрапейскай камісіі для сферы вышэйшай адукацыі Tempus і Erasmus Mundus прыйшла новая праграма Erasmus +. Яна разлічана на сямігадовы перыяд (да 2020 года) і тэматычна скіравана на адукацыю, прафесійнае навучанне, моладзь і спорт. У рамках Erasmus + будзе фінансавацца больш за 10 розных тыпаў праектаў, правілы ўдзелу ў якіх адрозніваюцца для прадстаўнікоў розных краін. Абноўленая праграма прапануе больш магчымасцяў студэнтам, выкладчыкам і валанцёрам. Каб праграма стала даступнай і адкрытай, яе структура была істотна спрошчаная. У Erasmus + зліліся шэсць папярэдніх праграм (Lіfelong Learnіng, Erasmus, Leonardo da Vіncі, Comenіus, Grundtvіg, Youth іn Actіon), чатыры праграмы міжнароднага супрацоўніцтва Erasmus Mundus, Tempus, Alfa, Edulіnk, а таксама праграмы супрацоўніцтва з развітымі краінамі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН, Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.