Вы тут

Чым далей у лес — тым болей абцугоў


Што можа здарыцца з мовай, калі словы ў ёй — толькі набор літар.

Даруйце за занудства, але зноў — пра мову. Калі для кагосьці не родную, дык дзяржаўную — для ўсіх. І гэты афіцыйны статус вымагае як мінімум паважлівага стаўлення. Якое мае на ўвазе элементарнае веданне, прычым зусім не на ўзроўні «чытаю са слоўнікам». Бо слоўнік, нават найлепшы перакладны — акадэмічны (я не кажу ўжо пра «гуглаўскі» з сеціва, пра які пісала ў мінулы раз) — можа такое выдаць! Прымаючы шматлікія філалагічныя выкрунтасы кшталту сінонімаў, амонімаў ды іншых «-німаў», не спрабуючы нават зразумець сэнс таго ці іншага слова, новае пакаленне беларусаў (яно ж у недалёкім будучым — асноўны калі не носьбіт, дык захавальнік дзяржаўнай мовы) сваёй абыякавасцю і нядбайнасцю ставіць пад пагрозу само яе існаванне.

Чаго я так усхадзілася? Пасля публікацыі «Праблемы на твар», у якой гаварылася, што інтэрнэтаўскі перакладчык разам з недавучанасцю можа саслужыць нашай моладзі, якая хоча, але пакуль не ўмее нармальна гаварыць і пісаць па-беларуску, вельмі дрэнную паслугу, мне патэлефанавала даўняя знаёмая. Мы з ёй яшчэ ў школьныя гады разам удзельнічалі ў рэспубліканскай алімпіядзе па мове, яна пасля зрабіла філалогію сваёй прафесіяй і цяпер выкладае беларускую мову ў адной са сталічных ВНУ. У яе досыць цікавая метода выкладання — студэнтам-гуманітарыям на першай жа лекцыі яна дае рускі тэкст, складзены са сказаў, абсалютна не звязаных нейкім сэнсам, і прапануе перакласці яго. Карыстацца пры гэтым можна чым заўгодна — хоць слоўнікам рэальным, хоць віртуальным. Усё роўна адразу відаць, чалавек мову ведае ці проста ўспрымае яе як набор нейкіх знаёмых, але не зусім зразумелых слоў.

Што ёй выдалі сёлетнія першакурснікі — асобная гісторыя. Калі звесці ў адно, гучаць гэта будзе прыкладна так: «У лесе вясной хораша: спяваюць птушкі, на бярозах распускаюцца ныркі (почки). І ўлетку там нядрэнна: на соснах выспяваюць гузы (шишки), яны спачатку зялёныя, а потым становяцца бурштынава-карычневымі. Але ў лесе трэба быць асцярожным, бо паўсюль падсцерагаюць абцугі (клещи), якія могуць моцна прысмактацца, а з часоў вайны ў зямлі засталіся выбуховыя шаблі (шашки), на якіх можна падарвацца. Але рызыка таго вартая, бо ў лесе можна набраць баравікоў, у якіх ёсць і вугляводы, і тлушчы, і вавёркі (белки). Прычым вавёрак у гэтых грыбах нашмат больш, чым у бульбе, а калі іх пасушыць — дык удвая больш, чым у ялавічыне...»

Як вам такая казка на ноч? Ян Баршчэўскі, Мікалай Гогаль і Эдгар По разам узятыя адпачываюць — да такіх жахаў ні класікі, ні сучаснікі жанру «хорар» не дадумаліся. Смешна? Гэта толькі ў першыя хвіліны, як прачытаеш. Пасля не да смеху. Хутчэй, сапраўды страшна. Толькі не ад «жахаў», якія нашы дзеці пішуць, карыстаючыся слоўнікам. Ад таго, што гэты самы жах для нашай мовы можа стаць рэальнасцю.

Таму што для многіх з новага пакалення вавёрка — гэта не рудзенькая жвавая істота з вочкамі-бусінкамі, а проста набор літар. Яны ніколі ні ад кога — ні ад бацькоў, ні ад настаўнікаў, ні ад вясковай бабулі (гэтых бабуль у нашай гарадской моладзі становіцца ўсё менш) — не чулі, што так называецца звярок. Бусел для іх — не птушка, а проста слова, журавіны — не ягады, а нешта падобнае па гучанні да жураўля. І з суб'ектыўных, і з аб'ектыўных прычын знікае асяроддзе, у якім мова існуе без перакладу, дзе прадметы, жывёлы называюцца менавіта па-беларуску. (Маю на ўвазе, зразумела, вёску, у якой гадавалася старэйшае пакаленне цяперашніх гараджан, у якую прыязджала на лета сярэдняе пакаленне, і якой ужо не мае — ці не будзе мець у хуткім часе — пакаленне маладое.) Што мы прыдумалі ўзамен? А нічога, па вялікім рахунку. Хіба што выпусцілі і развесілі па сталіцы некалькі білбордаў з серыямі «Смак роднай мовы» з назвамі ягад па-беларуску ды «Маё першае слова». Гэта там, дзе малы, абдымаючы сабачку, кажа «сябар», дзяўчына ў пялёстках руж — «каханне», малады хлопец — «поспех». А жанчынка далёка паслябальзакаўскага ўзросту, з выгляду настаўніца, — «дзякуй». (Так і карціць спытаць: як жа ты, шаноўная, дажыла да такіх гадоў, а па-беларуску першае слова толькі цяпер вымавіла?)

Усё занадта гратэскна пададзена і праблема гіпербалізавана? А вы спытайцеся ў гледачоў таго ж Купалаўскага тэатра, ці кожнае слова, што прагучала са сцэны, яны зразумелі, ці могуць дакладна патлумачыць яго значэнне. Упэўнена: большасць маладых, калі будуць шчырымі, прызнаецца, што далёка не ўсё. А пасля спытайцеся ў іх, ці была ў іх дзяцінстве ў доме хоць адна беларуская кніжка. А ў іх малых дзетак — ці ёсць хоць адна кніжка-малышка (лічылка, з вершыкамі, з назвамі жывёл і птушак — іх нашы выдавецтвы выпускаюць нямала, яркіх, прыгожых) па-беларуску?

І вось жа парадокс — беларускую мову пры гэтым пераважная большасць любіць, паважае, лічыць сапраўды дзяржаўнай, падчас апошняга перапісу больш за палову жыхароў краіны назвалі менавіта яе роднай. Любіць, паважаць, лічыць роднай, аказваецца, мала. Нават разумець і свабодна гаварыць — таксама недастаткова.

Да мяне нядаўна сяброўка з трохгадовым сынам заходзіла. Хлопчык разумненькі, спрытны, шчабеча ўвесь час, вершыкі дэкламуе. «А па-беларуску?» — спыталася. «Слухай, я пра гэта нават не падумала»,— зніякавела маці.

Я пасля ёй вершык пра кошку, што «вяжа коціку панчошку» дыктавала. І кніжку дзіцячую, што іншаму малому ў падарунак прыхавала, аддала. Праз пару дзён тэлефануе, горда кажа: «Слухай!» — «...а пасля пашые тапкі, каб кату не мерзлі лапкі!» — бойка «адрапартаваў» яе Паўлік.

Яго, спадзяюся, як вырасце, у лесе абцугі не пакусаюць...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».