Вы тут

Сямейны бюджэт павінен мець «падушку бяспекі»


А вось пры заключэнні крэдытнага дагавора трэба тройчы ўзважыць усе «за» і «супраць».

У трэцяй дэкадзе верасня Асацыяцыя беларускіх банкаў праводзіць серыю лекцый па фінансавай асвеце для студэнтаў першых курсаў беларускіх ВНУ. Кандыдат эканамічных навук Вольга Купчынава, памочнік старшыні Асацыяцыі беларускіх банкаў па эканамічных пытаннях згадзілася агучыць і нашым чытачам асноўныя парады пра тое, як лепш распараджацца ўласнымі фінансамі і якасна фарміраваць сямейны бюджэт.

26-47

Плануйце свае фінансы паасобку і разам

Спадарыня Купчынава ўпэнена, што фінансавая адукаванасць кожнага чалавека залежыць ад яго здольнасці дасканала весці ўлік усіх паступленняў і выдаткаў, а пры неабходнасці і карэктаваць гэтыя долі ва ўласным бюджэце. Акрамя асабістага бюджэту, было б вельмі карысна ўяўляць магчымасці і памеры бюджэту сям'і. Будзе не лішнім на сямейнай нарадзе без сакрэтаў агучыць і скласці даходы кожнага члена сям'і. Даходы могуць быць пастаяннымі (зарплата, пенсія, стыпендыя, дапамогі), сезоннымі (напрыклад, даходы ад продажу сельгаспрадукцыі) і дадатковымі (ганарары, выйгрышы ў латарэю і г.д.).

Каб сямейны бюджэт быў заўсёды з плюсам, неабхода адначасова весці і падлік усіх артыкулаў яго расходаў. Гэта могуць быць паўсядзённыя выдаткі, штомесячныя і сезонныя (купля адзення, падручнікаў да школы і інш.). Сюды ўваходзяць расходы на падзеі жыццёвага цыкла і іншыя запланаваныя траты (вучоба, шлюб дзяцей, юбілеі сваякоў), а таксама непрадбачаныя (напрыклад, рамонт аўтамабіля пасля аварыі) і іншыя.

Увогуле, расходы могуць класіфікавацца і па мэтавых напрамках, але галоўнае, на думку Вольгі Купчынавай, у тым, каб кожны член сям'і мог свядома адрозніваць выдаткі на тое, што хачу і што трэба, і ўмеў правільна вызначаць прыярытэты ў бюджэце.

Выратавальная «схованка» для бюджэту

Амаль у кожнай сям'і часам могуць узнікаць сітуацыі, калі неабходна тэрмінова адшукаць пэўную суму грошай, якая папярэдне не планавалася ў бюджэце. У гэтым выпадку праблему пакрыцця непрадугледжаных выдаткаў дапамогуць вырашыць існуючыя зберажэнні. Менавіта яны стануць для сям'і неабходнай «падушкай бяспекі». Экспертамі было падлічана, што аб'ём такіх зберажэнняў павінен адпавядаць трохмесячнаму памеру даходаў сям'і. А вось для стварэння гэтай «падушкі бяспекі» рэкамендуецца адкладаць каля 10% ад штомесячных заробкаў усіх членаў сям'і.

Парады ад спецыяліста

Вольга Купчынава ўпэўнена, што ў асабістым бюджэце выдаткі заўсёды павінны адпавядаць даходам. Калі расходы большыя — трэба знайсці артыкулы эканоміі або падумаць пра дадатковыя заробкі. «Вашы зберажэнні павінны быць абаронены ад інфляцыі і прыносіць даход. Таму грошы трэба трымаць не дома, а пакласці на банкаўскі дэпазіт», — удакладняе сваю пазіцыю наш эксперт.

«Многія маладыя людзі памылкова разважаюць аб тым, што пенсія яшчэ далёка. Аднак, каб годна жыць і ў старасці, трэба паспрабаваць забяспечыць да выхаду на пенсію дадатковыя крыніцы даходаў: зберажэнні, якія прыносяць працэнт альбо іншыя актывы, здольныя прыносіць прыбытак», — лічыць Вольга Купчынава.

26-38

Пазычаць лепш з «халоднай» галавой

Што да крэдытаў, то першапачаткова трэба зрабіць цвярозую ацэнку рэальнай патрэбы менавіта ў гэтым крэдыце. Наступным пунктам будучага крэдытаатрымальніка стане рэальны аналіз сваіх магчымасцяў па пагашэнні пазыкі і працэнтаў, а таксама здольнасць разабрацца і правільна ацаніць усе ўмовы крэдытнага дагавора. Не лішнім будзе і спрагназаваць сітуацыю, калі прыйдзецца несці адказнасць перад банкам і паручыцелем у выпадку непагашэння крэдытнага доўгу.

Зрабіць правільны выбар і вырашыць для сябе пытанне, браць ці не браць, дапаможа наступнае супастаўленне аргументаў «за» і «супраць» выкарыстання крэдыту.

Аргументы «ЗА»

1. Крэдыт дазваляе атрымаць тое, чаго вы не можаце дасягнуць іншым спосабам (купля жылля, аўтамабіля, навучанне).

2. Пры куплі ў крэдыт вы адразу пачынаеце карыстацца набытымі дабротамі.

3. Часам крэдыт — адзіны спосаб рашэння непрадбачаных праблем, калі ў вас адсутнічае фінансавая «падушка бяспекі».

4. Крэдыт дае дадатковыя эканамічныя магчымасці.

Аргументы «СУПРАЦЬ»

1. Карыстаючыся крэдытам, вы плаціце за пакупку больш. Чым даўжэй выплачваецца крэдыт, тым большыя выдаткі па ім.

2. Даступнасць куплі за кошт крэдыту можа справакаваць неразумныя траты: можа быць набыта і не вельмі патрэбная рэч.

3. Купляючы ў крэдыт, вы звязваеце сябе даўгавымі абавязацельствамі і абмяжоўваеце ў будучыні свае фінансавыя магчымасці.

4. Калі вы не зможаце пагашаць крэдытны доўг, то пазбаўляецеся закладу (набытага ў крэдыт аўтамабіля, кватэры) і выплачваеце банку штрафныя санкцыі.

Рэкамендацыя ад Нацбанка

Спецыялісты фінансавага рэгулятара краіны падрыхтавалі спецыяльную памятку кліенту пры атрыманні ім крэдыту. Прапануем самыя слушныя парады гэтага дакумента.

Уважліва вывучце ўсю інфармацыю аб крэдыце і ўмовах яго прадастаўлення, карыстання і вяртання (пагашэння). Для прыняцця рашэння аб крэдытаванні варта атрымаць ад супрацоўнікаў банка вычарпальную інфармацыю аб умовах, на якіх яно ажыццяўляецца, у тым ліку аб усіх без выключэння плацяжах. Памятайце! Ваша права на атрыманне своечасовай (да заключэння крэдытнага дагавора або дадатковага пагаднення да яго), неабходнай і дакладнай інфармацыі замацавана заканадаўствам краіны. Да такой інфармацыі, у тым ліку, адносяцца: сума крэдыту, тэрмін, на які ён можа быць атрыманы, памер працэнтаў за карыстанне крэдытам.

Уважліва вывучце ўмовы крэдытавання. Звярніце ўвагу, ці ёсць неабходнасць заключэння дадатковых дагавораў і (або) карыстання дадатковымі паслугамі. Запытайце і вывучце інфармацыю аб умовах і кошце дадатковых паслуг пры крэдытаванні ў супрацоўнікаў банка.

Прыняццю найлепшага рашэння можа спрыяць вывучэнне прапаноў некалькіх банкаў, якія выдаюць крэдыты фізічным асобам. Атрыманая інфармацыя дазволіць вам параўнаць умовы. З неабходнай інфармацыяй аб прапанаваных крэдытных прадуктах можна азнаёміцца на сайтах банкаў (спасылкі глядзіце на афіцыйным сайце Нацыянальнага банка www.nbrb.by ў раздзеле «Банкаўская сістэма»). Аднак для канчатковага прыняцця рашэння аб падпісанні крэдытнага дагавора з усімі ўмовамі крэдытавання лепш азнаёміцца ў самім банку.

Уважліва вывучце крэдытны дагавор і іншыя дакументы. Не спяшайцеся іх падпісваць. Перад падпісаннем крэдытнага дагавора старанна вывучце яго. Па магчымасці, вазьміце крэдытны дагавор дадому, больш уважліва прачытайце яго ўмовы, якія вызначаюць вашы абавязкі. Пераканайцеся, што крэдытны дагавор не змяшчае ўмоў, пра якія вы не ведаеце ці сэнс якіх для вас цьмяны. Калі якія-небудзь умовы крэдытавання незразумелыя, прасіце тлумачэнні і адпаведныя дакументы ў супрацоўнікаў банка, удакладняйце цікавыя для вас пытанні.

Калі вы не атрымалі неабходных тлумачэнняў, лепш адкласці прыняцце рашэння аб атрыманні крэдыту. Уважліва вывучыўшы крэдытны дагавор, яшчэ раз узважце ўсе «за» і «супраць», спакойна ацаніце свае магчымасці па своечасовым пагашэнні крэдыту і выплаце ўсіх належных плацяжоў.

Падпісанне крэдытнага дагавора — самы адказны крок. Падпісаўшы яго, вы згаджаецеся з усімі ўмовамі дагавора і прымаеце на сябе абавязацельствы па іх выкананні, у тым ліку па вяртанні (пагашэнні) у пэўныя тэрміны сумы крэдыту і выплаце працэнтаў за карыстанне ім, а пры невыкананні (неналежным выкананні) гэтых абавязацельстваў банк мае права звярнуцца па спагнанне (прымусовае выкананне) ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку. Падпісвайце крэдытны дагавор (іншыя дакументы банка), толькі калі цалкам упэўнены ў тым, што ўсе яго ўмовы зразумелыя і вы дакладна ўяўляеце, якія плацяжы і ў які тэрмін неабходна будзе зрабіць, а таксама вы перакананы, што зможаце гэта зрабіць.

Улічвайце, што інфармацыя аб абавязацельствах кліента па крэдытным дагаворы будзе перададзена банкам у крэдытны рэгістр Нацыянальнага банка Беларусі для фарміравання вашай крэдытнай гісторыі. Крэдытная справаздача з гэтай крэдытнай гісторыі можа быць прадастаўлена адзін раз на працягу года без выплаты ўзнагароджання і неабмежаваную колькасць разоў на працягу года за ўзнагароджанне (платная паслуга). З умовамі атрымання крэдытных справаздач можна азнаёміцца на афіцыйным сайце Нацбанка www.nbrb.by ў раздзеле «Пытанні, якія часта задаюць».

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?