Вы тут

Прыйшоў па пенсію, а трапіў... у гульню!


З нагоды 20-годдзя «Белпошты» ў некаторых паштовых аддзяленнях краіны прайшлі святочныя віктарыны. Супрацоўнікі падрыхтавалі для наведвальнікаў серыю пытанняў на тэму «Што вы ведаеце пра пошту?». На адной з такіх віктарын, якая ладзілася на Галоўным паштамце сталіцы, пабывала і «Звязда».

У пасляабедзенны час буднага дня наведвальнікаў у круглай зале паштамта не так ужо і шмат. Але як толькі дзяўчаты-супрацоўніцы падрыхтавалі месца для правядзення віктарыны, туды адразу ж пацягнуліся людзі. Некаторыя, як пенсіянерка Раіса Мікалаеўна, даведаліся пра яе па радыё і спецыяльна прыйшлі, каб паўдзельнічаць.

— Я ў захапленні! — прызналася жанчына. — Вядома, моладзь больш за мяне ведае, бо я не разбіраюся ў інтэрнэце, але не сказала б, што пытанні былі складанымі.

Каб даведацца, аб чым пыталіся ў наведвальнікаў, а заадно праверыць свае веды, бяру бланк, на якім надрукаваны шэсць пытанняў з некалькімі варыянтамі адказаў. Спачатку трэба адказаць, якая птушка з'яўляецца сімвалам паштовай сувязі. Нават нягледзячы на прапанаваныя варыянты (сярод іх былі чайка і ластаўка), выбіраю голуба. Хто ж не чуў пра галубіную пошту?

А вось на другое пытанне — калі ў Мінску з'явілася першае паштовае аддзяленне? — прызнаюся шчыра, адказвала наўгад. З прапанаваных варыянтаў — 1921, 1891 і 1981 — выбіраю другі. Толькі пасля разумею, што зрабіць выбар дапамагла інфармацыя, якую бачыла на сайце «Белпошты». Аказваецца, захоўваецца нешта ў далёкіх закутках памяці!

Адказаць, што такое посткросінг (абмен паштоўкамі паміж людзьмі з усяго свету), было вельмі проста, бо калісьці сама ім займалася. Аднак чацвёртае заданне прывяло мяне ў лёгкі ступар. Трэба было выбраць правільны варыянт напісання адраса на канверце. Я неаднойчы дасылала папяровыя лісты, якія паспяхова даходзілі да адрасатаў, але майго варыянта напісання сярод прадстаўленых на бланку не аказалася...

Праўда, падумаўшы, зрабіць правільны выбар аказалася зусім нескладана. Але каб не было непрыемнасцей, лепш запомніць: спачатку пішуцца прозвішча, імя і імя па бацьку адрасата, потым вуліца, нумары дома і кватэры і толькі пасля індэкс і горад.

Наступныя два пытанні былі, як сказала Раіса Мікалаеўна, «для моладзі»: у іх ішла гаворка пра паслугі «Белпошты» і яе інтэрнэт-краму.

Па выніках віктарыны аказалася, што ўсе мае адказы былі правільнымі. За гэта мне, як і ўсім удзельнікам, падарылі фірменныя кішэнныя люстэрачкі, канцылярскія наборы, асадкі з лагатыпам «Белпошты». А дзяўчына, якая адказвала на пытанні побач са мной, патлумачыўшы, што займаецца посткросінгам, папрасіла набор паштовак (іх, дарэчы, у гэты дзень раздавалі ўсім кліентам Галоўпаштамта — яшчэ адна нагода даслаць цёплае паведамленне блізкім).

Многія ведалі пра віктарыну. Адна жанчына падышла да вядучай са словамі: «Добры дзень! Са святам! Што там за пытанні, давайце паспрабую адказаць!» А даўшы адказы, стала актыўна цікавіцца паштовымі паслугамі і сайтам прадпрыемства.

Зрэшты, прыходзілі і людзі, зусім не падрыхтаваныя да такога «сюрпрызу»: нехта атрымліваў пенсію, хтосьці адпраўляў лісты — і трапляў на віктарыну... Але ва ўсіх, хто выходзіў з Паштамта, эмоцыі былі станоўчымі.

— Амаль усе спраўляюцца з віктарынай выдатна, самым складаным пытаннем аказалася гістарычнае — пра дату з'яўлення першага паштовага аддзялення ў Мінску, — заўважыла вядучая, спецыяліст «Белпошты» Надзея ВЕРАШЧАКА. — Людзі ведаюць і пра нашы паслугі і інтэрнэт-краму, бо інфармацыя пра іх ёсць паўсюль: на сайце прадпрыемства, друкаваных СМІ, сацыяльных сетках, на радыё, у транспарце...

Дарэчы, у Мінску падобныя акцыі праходзілі яшчэ ў двух паштовых аддзяленнях: №6 па вуліцы Маякоўскага і №22 на Шаранговіча. Віктарыны з нагоды 20-годдзя «Белпошты» адбыліся ва ўсіх абласных і некаторых раённых гарадах.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».