Вы тут

Ад галубоў да прастораў галактыкі


Да 20-гадовага юбілею «Белпошта» падышла адной з найлепшых у свеце.

Калісьці пошту развозілі на конях. Так і ўяўляеш адзінокага падарожнага сярод чыстага поля на ўзмыленай жывёле, якая за шматгадзінны шлях праскакала не адзін дзясятак вёрст. Паштар з апошніх сіл кіруе канём, бо мусіць даставіць лісты дацямна, стомлены, «з тоўстай сумкай на рэмені», і далей па тэксце.

Цяпер, калі ў гарадах і вёсках сталі даступнымі электронныя паслугі, гэта нават гучыць смешна. Бо на пошце пануе поўная аўтаматызацыя вытворчых працэсаў, ёсць уласная інфармацыйна-тэхналагічная сетка рэспубліканскага маштабу, куды ўваходзяць стацыянарныя і перасоўныя аддзяленні паштовай сувязі. Так што пра рамантычны перыяд паштовых галубоў і бясстрашных пасланцоў, якія дастаўляюць важныя дэпешы, застаецца толькі ўздыхаць.

Але ці варта? Па ацэнцы міжнародных экспертаў, «Белпошта» трымае высокую планку сярод дзяржаў СНД, еўрапейскіх краін, а таксама ўдзельнікаў Сусветнага паштовага саюза. Беларуская пошта прызнана адной з найлепшых паштовых службаў у свеце па ўзроўні развіцця электронных паслуг. Паводле даследавання, праведзенага тым жа СПС, наша краіна ўвайшла ў топ-10 паштовых службаў свету, у якіх электронныя паштовыя паслугі атрымалі найбольшае развіццё, заняўшы ганаровае другое месца.

Беларусь — першая краіна ў рэгіёне СНД, пошта якой у 2013 годзе ўдастоена сертыфіката S42 Сусветнага паштовага саюза, што пацвярджае міжнародны стандарт адрасавання S42. Апроч гэтага, наша пошта мае шэраг іншых сертыфікатаў, якія сведчаць аб адпаведнасці якасці яе паслуг у краіне сусветным стандартам.

Прадпрыемства выкарыстоўвае ў сваёй працы сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, укараняе новыя паслугі, грунтуючыся на патрабаваннях спажыўцоў. Бо сёння пошта — гэта не толькі дастаўка лістоў, пакетаў і пасылак, хоць пералічаныя паслугі, безумоўна, асноўны, профільны напрамак. Але нават яго работнікі пошты імкнуцца ўдасканаліць.

Карпаратыўных кліентаў цяпер абслугоўваюць у выдзеленых цэнтрах «Бізнес-пошта».

З пачатку мінулага года з'явілася магчымасць атрымліваць пенсіі і дапамогі ў аддзяленнях сувязі незалежна ад месца пражывання. Таксама беларуская пошта прадастаўляе паслугі інфармацыйнага пасрэдніка ў доступе жыхароў краіны да дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў праз узаемадзеянне з агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмай (ААІС).

Адкрываюцца спецыяльныя пункты па прыёме і выдачы паштовых адпраўленняў. Усё большую папулярнасць сярод насельніцтва маюць плацежна-даведачныя тэрміналы, пры дапамозе якіх можна без камісіі аформіць падпіску, аплаціць камунальныя паслугі, мабільную сувязь, крэдыты і іншае, адсачыць шлях паштовага адпраўлення.

Па ўсёй краіне ўсталявана больш за дзевяцьсот тэрміналаў, амаль дзвесце з іх — у Мінску.

Сёлета адкрылася эксклюзіўная паштовая інтэрнэт-крама беларускіх тавараў
Shop.belpost.by, якая неўзабаве мусіць стаць найбуйнейшай віртуальнай гандлёвай пляцоўкай. Крама аб'ядноўвае вядучыя айчынныя брэнды, прапануе больш за 3000 найменняў тавараў беларускіх вытворцаў. У будучыні ёсць ідэя развіваць такі гандаль і на іншыя краіны — у першую чаргу рэгіён СНД і Еўропу.

Гэта яшчэ не ўсе дасягненні, з якімі прадпрыемства падышло да свайго юбілею. Зрэшты, 20 гадоў — не так ужо і шмат, калі ўлічыць, што гісторыя беларускай пошты паглыбляецца ў Сярэднія вякі. Прадпрыемства сапраўды хутка рэагуе на павевы часу, таму, што б там ні казалі скептыкі, пошта захаваецца. Пытанне толькі ў тым, якую форму яна прыме ў будучыні. Можа, фантазіі пра міжгалактычную — не такія ўжо і фантазіі?..

«Белпошта» сёння:

• 6 абласных філіялаў;

• філіял «Вузел спецыяльнай сувязі»;

• вытворчасць «Мінская пошта»;

• аўтатранспартная вытворчасць;

• 91 раённы і гарадскі вузлы паштовай сувязі;

• 3255 аддзяленняў паштовай сувязі (у тым ліку 767 гарадскіх, 2071 сельскае, 226 перасоўных, 191 пункт паштовай сувязі);

• 8243 даставачныя ўчасткі;

• 1644 аўтамабілі.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.