Вы тут

Арыстакраты грыбнога царства


Менавіта так называюць труфелі — сумчатыя грыбы, якія ва ўсім свеце лічацца каштоўнымі далікатэсамі. Спытаеце, якія адносіны яны маюць да нас? Аказваецца, незвычайныя грыбы растуць і ў беларускіх лясах.Труфель чырвона-буры.

 У адрозненне ад сваіх сабратаў, труфелі — грыбы падземныя, яны растуць на глыбіні да 30 см у ліставых лясах і ўтвараюць мікарызу (сімбіёз) з каранямі дрэў. Іх можна адрозніць па акруглай ці клубнепадобнай форме і мясістай ці храстковай кансістэнцыі. Чатыры віды труфеляў, выяўленых на тэрыторыі краіны, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Ушчыльненне і забруджванне глебы, высечка лясоў, збор і пашкоджванне пладовых целаў і іншае антрапагеннае ўздзеянне прывялі да іх амаль поўнага знікнення. Труфель чырвона-буры вырастае да 3 см у велічыню. Абалонка гэтага ядомага грыба мае бураваты колер з шакаладным адценнем, мякаць ружавата-бурая, са шматлікімі хвалістымі вонкавымі венамі. Арэал віду ахоплівае Еўропу і Азію, у Беларусі вядома толькі адно месцазнаходжанне — у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці (тэрыторыя нацыянальнага парку «Прыпяцкі»). Чорна-буры труфель «сябруе» з дубам, грабам, елкай і выспявае ў жніўні-верасні адзінкавымі экзэмплярамі ці невялікімі групамі. Стэфензія атласная, ці труфель шаўкавісты мае крыху меншы памер (да 2 см у дыяметры), расце ў змешаных і хвойных лясах з багатымі на перагной глебамі, утварае мікарызу з шыракалістымі пародамі дрэў і выспявае ў ліпені—верасні. Абалонка грыба светлая, крыху бураватая, амаль гладкая, мякаць белаватая, з лабірынтападобнымі хадамі. У Беларусі гэтыя грыбы растуць на Міншчыне і ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Магілёўшчына стала прытулкам і для труфеля Борха. Ён крыху большы за сваіх братоў — вырастае да 5,5 см у дыяметры, мае шчыльнамясістае пладовае цела з тонкай, гладкай абалонкай бруднавата-белага колеру і шчыльную белую мякаць. Пладаносіць грыб у жніўні-верасні. Акрамя Беларусі, ён ахоўваецца ў Польшчы.

Труфель летні.

Каштоўны, але рэдкі ядомы грыб труфель летні расце ў Белавежскай пушчы і ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Ён жыве ў лясах з ліставымі дрэвамі (дубам, букам, грабам, ляшчынай) і на багатых на перагной глебах. Выспявае звычайна ў чэрвені—жніўні. Грыб мае акруглае ці клубнепадобнае пладовае цела дыяметрам 2-8 см. Яго абалонка — чорна-бурага колеру з вялікімі бародаўкамі. Мякаць — белая, шчыльнамясістая. Гэты від труфеляў спецыялісты раяць для ўвядзення ў культуру. Па словах Вольгі Гапіенкі, загадчыцы лабараторыі мікалогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі, культываванне труфеляў — каштоўных у кулінарыі і парфумерыі відаў грыбоў — у краінах Еўропы развіта і пастаўлена на паток. У канцы XІX стагоддзя «труфельным промыслам» займаліся і ў Беларусі. Грыбы раслі ў Белавежскай пушчы і ў лясах па берагах Нёмана, праводзіліся нават іх нарыхтоўкі. Але сёння труфелі, на жаль, рэдкія госці мясцовых лясоў, у адрозненне ад такіх краін, як Францыя, Італія, Іспанія, Партугалія, Германія. Для росту і развіцця труфелепадобных грыбоў кліматычныя ўмовы ў Еўропе значна больш спрыяльныя, чым у нас. — Да гэтай групы адносяцца і труфель траецкі, ці труфель белы, аленевы труфель і два віды элафаміцэса — шыпаваты і пярэсты, — расказала Вольга Гапіенка. — Гэтыя віды сустракаюцца крыху часцей, але іх колькасць недастатковая для правядзення актыўных збораў і тым больш нарыхтовак. Але са зменай клімату з'явіўся шанц для развядзення труфеляў у паўднёвых раёнах краіны — у дубровах з прымессю граба і бука.

Грыбнікі часта блытаюць труфелі з іншымі грыбамі, якія растуць звычайна на паверхні зямлі (у адрозненне ад сапраўдных труфеляў), маюць падобную форму, але зусім іншую ўнутраную будову. Гэта, напрыклад, рызапагон жоўты, ці несапраўдны труфель, які з'яўляецца неядомым і нават атрутным грыбам. — Знайшоўшы ў лесе труфель, не спяшайцеся яго есці, — раіць Вольга Сцяпанаўна. — Лепш адразу праверыць знаходку ў лабараторыі мікалогіі нашага інстытута, каб не атруціцца.

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.