Вы тут

Птушкі, у неба!


Надыход восені ў многіх з нас асацыюецца з адлётам птушак у вырай. Але, як сцвярджаюць спецыялісты, некаторыя прадстаўнікі птушынага царства пакідаюць свае гнёзды задоўга да халадоў.

29-29 !

Як расказала старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі арніталогіі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Наталля Карліёнава, такія віды кулікоў, як кулік-цякун, кулік-случок, кнігаўка, грыцук, пачынаюць рыхтавацца да адлёту ў цёплыя краіны яшчэ ў чэрвені. Яны аднымі з першых прылятаюць вясной на радзіму і рана пачынаюць гнездавацца. Бо шлях да месцаў зімоўкі для некаторых з іх — Афрыкі — няблізкі. Першымі адлятаюць дарослыя птушкі, каб пакінуць моладзі дастатковую колькасць корму. Яны паступова рухаюцца на поўдзень, прыпыняючыся ў найбольш спрыяльных месцах.

Увогуле, раней за іншых гнёзды пакідаюць насякомаедныя птушкі, якія з-за надыходзячых халадоў страчваюць свой асноўны корм. Так, у канцы жніўня адляцелі свіргулі (стрыжы), а таксама гарадская і берагавая ластаўкі. Але вось іх вясковая сваячка затрымалася — яна дагэтуль у вялікай колькасці сустракаецца на поўдні краіны, хоць звычайна ў гэты час можна ўбачыць толькі яе адзінкавыя экзэмпляры.

У канцы жніўня — пачатку верасня ў «адпачынак» адправіліся і драпежнікі: сокал-шулячок, сокал-кабец і інш., зараз ідзе актыўная міграцыя канюкоў.

Феномен сёлетняй вясны — крылатыя мігранты з Еўропы прыляцелі вельмі рана, але гнездавацца пачалі ў свой звычайны тэрмін. Таму некаторыя віды птушак, напрыклад кулік-случок, «прагулялі» да пачатку гнездавання амаль два месяцы.

Апошнімі Беларусь пакідаюць блізкія мігранты, якія зімуюць у Заходняй і Паўднёвай Еўропе: шпакі, берасцянкі, бакасы, жураўлі, некаторыя віды качак, крыўкі. У гэтыя вераснёўскія дні, зірнуўшы на неба, можна заўважыць чароды жураўлёў, кнігавак, залацістых севак. Шпакі ж пакуль не спяшаюцца ў вырай. Навуковец лічыць, што гэта звязана з незвычайна цёплай восенню.

Хутка праз нашу краіну будуць ляцець і птушкі-суседзі, якія гнездаваліся на паўночным захадзе Расіі: слонкі, стучкі, сяўцы, турпаны, ныркі-сіньгі і крыжанкі. З беларускіх птушыных у кастрычніку-лістападзе можна будзе ўбачыць крыжанак з гарадскіх папуляцый, а таксама птушак, якія застаюцца на зімоўку.

Сёння ўжо не відаць і белых буслоў. Крылатыя сімвалы краіны ўжо даўно рушылі да сваіх афрыканскіх стаянак. Але некаторыя іх аслабленыя браты, на жаль, не змаглі адправіцца ў падарожжа. Ім давядзецца спадзявацца на лагодную зіму ці добрых людзей, якія падтрымаюць птушак у моцныя халады.

Але калі для буслоў корм амаль заўсёды знойдзецца, то іншыя птушкі, якія харчуюцца чарвякамі і насякомымі, зімой проста асуджаныя на пагібель. Выжываюць толькі тыя, што знаходзяць сабе цёплае месцейка ля вадаёмаў, якія не замярзаюць, ці паблізу цеплатрас. Так, адзінкавыя выпадкі зімоўкі куліка-перавозчыка, бакаса, слонкі рэгіструюцца ў заходніх Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Па словах Наталлі Карліёнавай, на некаторых вадаёмах буйных гарадоў кожны год зімуюць папуляцыі крыжанак і лебедзяў. У халодную пару можна ўбачыць у сталіцы асобных пералётных птушак — чорных драздоў і малінавак. Чакаюць іх спецыялісты і сёлета. Як і гасцей з замежжа — амялушак, крыжадзюбаў, чачотак, рагатых жаўрукоў і сняжурак, якія мігрыруюць з поўначы.

«Наогул, птушкі добра адчуваюць кліматычныя змены і тое, што ў Беларусі клімат становіцца больш мяккім і цёплым», — упэўнена Наталля Карліёнава. Гэта паказваюць і даследаванні. Так, птушкі, якія зімуюць у Еўропе, за апошнія гады сталі раней прылятаць на радзіму вясной. Але гэта чуццё не распаўсюджваецца на афрыканскіх мігрантаў — яны з'яўляюцца ў небе Беларусі прыкладна ў адзін і той жа час, незалежна ад таго, ранняя ці позняя на радзіме вясна.

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zviazda.by

Фота Юрыя ГОРЫДА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.