Вы тут

Экзамен на... гатоўнасць да жыцця па-за школай


«За незалежнымі формамі ацэньвання ведаў — будучыня», — такую думку выказала на сустрэчы з журналістамі намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Людміла ХУДЗЕНКА.


29-43

Не сакрэт, што ў цяперашніх выпускных экзаменах за курс базавай школы, якія праводзяць «свае» настаўнікі, ніхто сэнсу не бачыць, паколькі яны пазбаўлены аб'ектыўнасці. Таму пры абмеркаванні паправак у Кодэкс аб адукацыі выказвалася прапанова: зрабіць пераход да ІІІ ступені адукацыі на аснове незалежнай выніковай атэстацыі. Да падобнай практыкі паступова пераходзяць у многіх краінах. Напрыклад, у Расійскай Федэрацыі з гэтага года была ўведзена абавязковая дзяржаўная выніковая атэстацыя дзевяцікласнікаў, якая ажыццяўляецца на незалежнай аснове.

Людміла Худзенка расказала, што ў 2014/2015 навучальным годзе Нацыянальны інстытут адукацыі праводзіў рэспубліканскі эксперымент па апрабацыі мадэлі незалежнай выніковай атэстацыі выпускнікоў базавай школы. Эксперыментам былі ахоплены вучні 14 устаноў адукацыі — па дзве ад кожнага рэгіёна.

— Мы пэўным чынам змянілі як форму экзамену, так і яго змест, — патлумачыла Людміла Худзенка.

На экзамене па рускай мове вучням прапаноўваўся, напрыклад, зрокавы дыктант з прапушчанымі арфаграмамі і пунктаграмамі, паколькі падчас звычайнай дыктоўкі настаўнік, нават міжволі, можа сваімі інтанацыямі рабіць вучням падказкі. Да таго ж дзевяцікласнікі павінны былі даць адказ на прапанаваныя пытанні, якія ахоплівалі розныя раздзелы рускай мовы. Была таксама на экзамене і творчая частка (аналаг заданняў вобласці С, якія прапануюцца ў Расіі. — Аўт.), дзе вучням трэба было напісаць кароткі пераказ. Па матэматыцы таксама прапаноўваліся заданні з вобласці С, дзе патрабуецца не ўгадаць правільны варыянт, а даць разгорнуты адказ. Прапаноўвалася таксама і комплексная экзаменацыйная работа па прыродазнаўчых дысцыплінах, якая ахоплівала фізіку, хімію, біялогію і геаграфію. Зараз гэтыя прадметы школьнікі на выпускных экзаменах не здаюць.

— Хачу сказаць, што з усімі заданнямі навучэнцы справіліся, хоць на іх атэстат за базавую школу наш эксперымент ніяк не ўплываў. Але ўзніклі пытанні ў ацэнцы заданняў у педагогаў, — канстатавала Людміла Худзенка. — Дарэчы, ацэньвалі экзаменацыйныя работы не «свае» педагогі, а педагогі з іншых устаноў адукацыі — для гэтых мэт ствараліся незалежныя камісіі. Ім патрабаваліся нашы каментарыі і дадатковыя кансультацыі наконт таго, як ацаніць выкананыя работы. Дзеці даволі спакойна паставіліся да экзаменацыйных выпрабаванняў. А вось рэакцыя педагогаў была розная, для іх гэта сітуацыя аказалася больш стрэсавай, чым для вучняў. Па выніках эксперымента была, напрыклад, зроблена выснова, што па-сапраўднаму аб'ектыўна ацаніць заданні частак А і В можна толькі тымі ж метадамі, якія выкарыстоўваюцца на ЦТ, гэта значыць, з дапамогай камп'ютарных тэхналогій. Школьнікам павінны быць прапанаваны стандартызаваныя заданні, якія правяраюцца камп'ютарам, але экзаменацыйная работа абавязкова павінна змяшчаць і заданне творчага характару, якое будзе правярацца незалежным педагогам. На гэты момант праграмны прадукт, які б дазваляў ацаніць веды выпускнікоў базавай школы цэнтралізавана, яшчэ не створаны. Вынікі эксперымента ўсё яшчэ аналізуюцца, і даследчая праца ў Нацыянальным інстытуце адукацыі працягваецца. Чакаць змен у парадку правядзення выпускных экзаменаў за курс базавай школы ў найбліжэйшыя гады не варта, хоць удзельнікі эксперымента і лічаць, што да незалежных формаў ацэньвання трэба ісці.

У 2018 годзе Беларусь упершыню возьме ўдзел у міжнародным даследаванні РІSА, якое дасць нам магчымасць убачыць сябе на фоне дасягненняў сістэм адукацыі іншых краін.

Адукацыйныя тэсты, якія прапануюцца РІSА, правяраюць не столькі акадэмічныя дасягненні навучэнцаў (механічнае завучванне фактаў, законаў, формул, гістарычных падзей і г.д.), колькі іх уменне працаваць з інфармацыяй, прымяняючы свае веды з самых розных галін на практыцы, і рэальныя жыццёвыя кампетэнцыі. Змест адукацыі павінен быць нацэлены на падрыхтоўку дзіцяці да жыцця па-за школай. Між іншым, галоўная праблема нашай сістэмы адукацыі заключаецца якраз у тым, што веды, якія школа дае вучням, не заўсёды патрэбны ім у жыцці. Даследаванне РІSА праводзіцца кожныя тры гады, а затым на працягу яшчэ аднаго года аналізуюцца вынікі тэстаў, перш чым яны будуць прадстаўлены сусветнай грамадскасці.

Людміла Худзенка паведаміла, што заданні з кампетэнтнасным падыходам ужо прапануюцца вучням падчас правядзення рэспубліканскага маніторынгу якасці адукацыі, каб падрыхтаваць школьнікаў да будучых выпрабаванняў. Кампетэнтнасны падыход укараняецца і ў вучэбныя планы. У гэтым навучальным годзе на новы змест адукацыі перайшлі першыя і пятыя класы. У наступным годзе гэта будуць другія і шостыя класы і гэтак далей...

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.