Вы тут

Прафсаюз для моладзі — выдатная школа жыцця


Першы ўрок у новым навучальным годзе для дзесяцікласнікаў сталічнай гімназіі №24 прайшоў у... штаб-кватэры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Традыцыя праводзіць 1 верасня гасцявыя ўрокі практыкуецца ў сталіцы даўно. Учора на сустрэчу са школьнікамі, студэнтамі і навучэнцамі прафтэхшколы прыйшлі прадстаўнікі Нацыянальнага сходу, урада, Вярхоўнага Суда, Нацыянальнага банка і Генеральнай пракуратуры, кіраўнікі канцэрнаў і губернатары, пісьменнікі і дзеячы культуры. А вось урок, прысвечаны прафсаюзнай тэматыцы, «Моладзь і прафсаюзы» прайшоў упершыню.

 152

152

— Мэта нашага ўрока — расказаць школьнікам пра тое, што сёння ўваходзіць у сферу дзейнасці прафсаюзаў, пра стратэгію сацыяльнага партнёрства і перавагі, якія дае членства ў прафсаюзе, — расказаў старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр БОЙКА. — Маладыя людзі яшчэ са школы добра ведаюць пра дзейнасць маладзёжных грамадскіх арганізацый, пра БРСМ, але амаль нічога не ведаюць пра дзейнасць прафсаюзаў. Для маладога пакалення наша праца не зусім зразумелая, а значыць, і не зусім блізкая. Таму вельмі шмат залежыць ад таго, у якой форме ім будзе данесена карысная інфармацыя. Дарэчы, доля навучэнскай моладзі ў Беларускім прафсаюзе работнікаў адукацыі і навукі цяпер складае чвэрць ад агульнай колькасці. І цяперашнія дзесяцікласнікі ўсяго праз два гады таксама маюць усе шанцы папоўніць рады прафсаюза.

— У прафсаюзе — як у сям'і... Вы, напэўна, часта спрачаецеся з бацькамі. Вось і мы спрачаемся з сацыяльнымі партнёрамі, але ў нашай працы самае галоўнае — знайсці кампраміс, — звярнулася да гімназістаў старшыня Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса ВОЛКАВА. — Здараецца, нас не разумеюць. Нам кажуць, што пытанне вырашыць немагчыма, але мы спрабуем дамаўляцца. Настойлівасць, упартасць, уменне даказаць сваю правату і жаданне абараніць іншага — неабходныя якасці для прафсаюзнага лідара. 

Старшыня Мінскага гарадскога аб'яднання арганізацый прафсаюзаў Мікалай Беланоўскі падкрэсліў, што «арганізацыя адкрытага ўроку менавіта ў штаб-кватэры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі — гэта спроба дабавіць да матэматычных ведаў школьнікаў (а на сустрэчу прыйшлі вучні менавіта матэматычнага класа. — Аўт.) яшчэ і веды пра магчымасці, якія дае прафсаюз. 165

165

— Вы ў сваім дарослым жыцці і прафесійнай дзейнасці неаднойчы будзеце сутыкацца са складанымі сітуацыямі, калі перад вамі паўстануць пытанні, да каго звярнуцца і хто зможа дапамагчы. Каб вы ведалі: дапамагчы вам змогуць у прафсаюзе. Мы часта чулі, што, маўляў, на Захадзе пануе «дзікі капіталізм». Але і ў нас сёння рыначныя адносіны... Вельмі шмат парушэнняў правоў работнікаў выяўляюцца ў прыватным сектары эканомікі, — канстатаваў Мікалай Беланоўскі. — Там наймаюць шмат людзей па дагаворах падраду, не афармляючы пастаянныя працоўныя адносіны. Мы назіраем і яшчэ адну новую тэндэнцыю: наймальнікі бяруць актыўнага маладога чалавека на працу з выпрабавальным тэрмінам і адпаведным заробкам, а праз тры месяцы кажуць яму: «Прабачце, але вы нам не падышлі». І запрашаюць на яго месца новага... Аднойчы да нас трапіла інструкцыя для інвестараў, у якой змяшчалася 10 пунктаў-парад для тых, хто хоча рабіць бізнес ва Усходняй Еўропе. Першым пунктам там была наяўнасць развітой інфраструктуры. Другім — высокакваліфікаваныя кадры. А трэцяя падказка — адсутнасць у краіне моцных прафсаюзаў, таму што ўсе жадаюць атрымліваць максімальны вынік пры мінімуме ўкладанняў.

Гімназістам расказалі, што ў маі бягучага года пры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі быў створаны Маладзёжны савет ФПБ. У яго склад увайшлі 43 прадстаўнікі пярвічных прафсаюзных арганізацый найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў, вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў. Маладзёжны савет ФПБ будзе прадстаўляць інтарэсы каля 2 мільёнаў чалавек. Інтарэсы навучэнскай і працоўнай моладзі могуць не супадаць, таму для таго, каб улічваліся меркаванні ўсіх, і быў створаны Маладзёжны савет.

— Для студэнтаў работа ў прафкаме была і застаецца цудоўнай школай працы з людзьмі і дзеля людзей, — падкрэсліў Аляксандр Бойка. — Маладым людзям, якія не проста «былі» ў прафсаюзе, а сталі яго актыўнай часткай, прымалі самы непасрэдны ўдзел у рэалізацыі прафсаюзных ініцыятыў і праектаў, удаецца многае і ва ўласнай кар'еры. 

Надзея НІКАЛАЕВА 

nіkalaeva@maіl.ru

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.