Вы тут

Выхаванне гісторыяй,


або Як каледж стаў музеем.

«Чалавек года Гродзеншчыны» — сёлета гэтага звання ўдастоена дырэктар гуманітарнага каледжа ўстановы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы», кандыдат культуралогіі Наталля ВАЛКОВІЧ. Карэспандэнт «Звязды» пабываў у адной з найстарэйшых сярэднеспецыяльных навучальных устаноў рэспублікі, дзе, па сутнасці, усё... музеефікавалі. Кабінеты, калідоры — быццам часткі адной вялікай экспазіцыі: літаральна на кожным кроку можна ўбачыць прадметы і дакументы розных эпох. Больш за тое, гістарычныя аспекты ўлічваюцца на занятках, а таксама натхняюць на цікавыя праекты ў вольны ад вучобы час.

5-16

Аўтэнтычны парадак

Экскурсію па каледжы-музеі Наталля Валковіч распачынае з найстарэйшага з трох карпусоў, які пабудавалі ў 1899 годзе. Кабінеты і калідоры выглядаюць прыгожа, утульна, але пры гэтым тут не рабілі так званы еўрарамонт, а пастараліся захаваць элементы даўніны. У прыватнасці, можна ўбачыць старадаўнюю, незатынкаваную цэглу. А ў адным з кабінетаў, дзе доўгія гады быў склад музычных інструментаў, пры зняцці стэлажоў выявілі старое акно і вырашылі яго не замуроўваць — пакінулі аўтэнтычным.

На кабінетах — таблічкі з фактамі па гісторыі навучальнай установы, рэгіёна. Прычым у кожнага — свае гаспадары: група вучняў і педагог, якія не толькі адказваюць за парадак, але і клапоцяцца пра яго, так бы мовіць, гістарычнае начыненне. Якія прадметы калісьці выкладаліся? Якімі вучэбнымі сродкамі і бытавымі рэчамі карысталіся? Чым захапляліся?

Напрыклад, у кабінеце дзелавой дакументацыі і спецыяльных дысцыплін, дзе займаюцца будучыя сакратары-рэферэнты і архівісты, ёсць службовы касцюм іх калегі пачатку мінулага стагоддзя. А на сценах — узоры напісання дакументаў, што захаваліся ў архіве каледжа. Стыль зусім не такі, як зараз. Дапусцім, дырэктар у сваім загадзе мог зазначыць: «А калі ты не зробіш, як я сказаў, то я цябе пакараю». Дарэчы, некаторыя сродкі выхаваўчага ўздзеяння можна ўбачыць у кабінеце псіхолага-педагагічных дысцыплін — сапраўдныя розгі, паказальныя косы для дзяўчат, якія нечым праштрафіліся, грэчку і гарох.

Заходзім у кабінет турызму. Тут, як і ў іншых, на належным узроўні камп'ютарызацыя. І разам з тым — рэчы нават з XІІ стагоддзя і пазнейшых часоў (фрагменты посуду з кляймом мясцовай мануфактуры, свістулька, касцяныя ручкі), якія некалькі гадоў таму знайшлі археолагі падчас раскопак на тэрыторыі каледжа. Усе артэфакты спецыялісты даследавалі, зарэгістравалі ў Акадэміі навук і вярнулі каледжу-музею.

У кабінеце турызму ёсць і яшчэ адна гістарычная «фішка» — калоны. Аказваецца, яны не толькі для ўпрыгажэння.

— Мы высветлілі ў старажылаў, што ў свой час гэтая аўдыторыя была адной з самых вялікіх. І паколькі бегаць па калідорах на перапынках не дазвалялася, то навучэнцы заходзілі ў гэты кабінет, станавіліся парамі і павольна праходжваліся. А класныя дамы стаялі каля калон і сачылі за постаццю сваіх выхаванцаў, — распавядае Наталля Валковіч.

5-17

Вяртанне пушкінскага бюста

У калекцыі гуманітарнага каледжа ужо столькі экспанатаў, колькі мае, пэўна, не кожны афіцыйны музей. Гэта і дакументы з уласнага і іншых архіваў, і розныя рэчы, што прывозяць навучэнцы ад сваіх бабуль і дзядуляў. Шмат калісьці звычайных прадметаў, а цяпер рарытэтаў сабралася за доўгія гады і ў падвалах, на гарышчах каледжа. Адзін з самых рэдкіх — савецкі кінапраектар, аналаг якога ўсталяваны каля ўвахода ў кінацэнтр у Канах. Некалі ён служыў для паказу фільмаў навучэнцам, потым апынуўся з прычыны непатрэбнасці на гарышчы, адкуль, на шчасце, не трапіў у металалом. Цяпер жа — выдатны помнік тэхнічнай думкі. Як і радыёкропка, першыя лічыльныя машынкі і іншыя прадметы для матэматычнага навучання, дыяпраектар, які за савецкім часам выкарыстоўваўся на занятках. У падвале знайшлі і размясцілі ў калідоры нават калісьці папулярныя на гарадскіх вуліцах вагі, паклаўшы ўверсе трохкапеечную манету — столькі каштавала паслуга па ўзважванні.

Гістарычныя каштоўнасці вяртаюцца з нябыту нават дзіўным, неверагодным чынам. Так здарылася з бюстам Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, які ў 1899 годзе за грошы гродзенскай інтэлігенцыі купілі ў Пецярбургу з нагоды адкрыцця гарадскога вучылішча. Яму далі імя паэта і падаравалі гэты бюст. Аднак пачалася Першая сусветная вайна, і ён быў страчаны, здавалася, назаўсёды. Але ў мінулым годзе... знайшоўся на адным з гродзенскіх гарышчаў. Людзі прынеслі бюст у «купалаўскі» ўніверсітэт, а адтуль яго ў дзень нараджэння Пушкіна ўрачыста перадалі каледжу ў кабінет рускай мовы і літаратуры, які тады ўжо быў абсталяваны з гістарычным каларытам. Вось такая ўзнагарода рупліўцам.

...Спыняемся каля аўтэнтычных 115-гадовых дзвярэй, якія былі замураваны і доўгія гады хавалі адзін з выхадаў на вуліцу. Падчас рамонтных работ узнікла ідэя зрабіць «лесвіцу жаданняў». Па ёй, па чырвонай дарожцы, будуць, загадваючы жаданне, заходзіць у каледж першакурснікі і пакідаць яго — выпускнікі.

На адным з калідораў размясцілі выставу фотаработ навучэнцаў каледжа «Страчаная спадчына». У колеры — гістарычныя аб'екты, якія захаваліся ў Гродне па сёння, а побач — тыя, што засталіся толькі на старых фотаздымках.

— А вось гэтая сцяна захоўвае сляды куль: тут у першыя дні вайны гітлераўцы расстралялі нашых выкладчыкаў — яўрэяў. Мы не будзем хаваць пад тынкоўку напамін аб гэтай трагедыі — прысвяцім ёй экспазіцыю, зробім мемарыяльную таблічку, — кажа Наталля Валковіч.

Вандроўку па каледжы-музеі працягваем у двух іншых карпусах пабудовы 50-х і 70-х гадоў мінулага стагоддзя. І літаральна ўсюды адчуваеш яднанне гісторыі і сучаснасці. У адным з кабінетаў, напрыклад, праходзяць канцэрты, вучэбныя залікі, і разам з тым ствараюць калекцыю старадаўніх музычных інструментаў. На лесвічных маршах — агітплакаты савецкага перыяду ў стылі насценнага жывапісу. У адным з калідорных куткоў — своеасаблівы савецкі пакой з тагачаснымі крэслам, тэлефонам, прайгравальнікам, фотаальбомам. А іншы стылізавалі пад савецкі клас — на гарышчы знайшлі тыповае крэсла таго часу, піянерскую форму, работы і партрэт Леніна, а таксама ноты, сыграць па якіх можа любы ахвотны, сеўшы за фартэпіяна. Праўда, калі гэта не перашкаджае заняткам.

Як музейныя экспанаты зараз выглядаюць нават чыгунныя сметніцы, якія дзесяцігоддзямі стаялі непатрэбнымі ў двары. «Ажыў», трапіўшы з падвала ў калідор, акварыум. Гуслі аднавіць як інструмент было немагчыма, але ім таксама знайшлі месца на спецыяльнай падстаўцы.

[caption id="attachment_99372" align="alignnone" width="600"]5-18 Гіс­та­рыч­ны ка­ла­рыт ад­на­го з ка­бі­не­таў.[/caption]

Кабінет імя Чэслава Немена

Кожны кабінет у каледжы рабочы і адначасова — своеасаблівая экспазіцыя. Прычым, у дзесяці з іх статус асаблівы — імянны. Яны (з рознымі экспанатамі) прысвечаны вядомым людзям, якія вучыліся і выкладалі ў гэтай установе: музыкант Чэслаў Немен, кампазітары Уладзімір Кандрусевіч, Валерый Іваноў, Леанід Захлеўны, артыстка Надзея Мікуліч... Адзін з імянных кабінетаў ёсць у ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, спачатку навучэнкі, а потым шматгадовага выкладчыка каледжа Валянціны Пятроўны Баранавай.

Дарэчы, павага да гістарычнай спадчыны, адчуванне еднасці са сваёй краінай фарміруюцца ў моладзі не толькі праектам каледжа-музея, які ўжо зараз варты ўключэння ў турыстычныя маршруты па горадзе над Нёманам. Яшчэ адзін праект, з якім можна азнаёміцца на сайце каледжа, называецца «Батальён памяці». Калі пачалі збіраць матэрыялы, то аказалася, што практычна ў кожнай сям'і ёсць успаміны, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной. Навучэнцы распавядаюць пра сваіх дзядоў і прадзедаў, педагогі — пра маму, бацьку, свёкра...

У ноч з 21 на 22 чэрвеня каледж ужо 10 гадоў запар праводзіць у Гродне тэатралізаваную акцыю «Памяць», прысвечаную ахвярам і героям вайны. Потым запальваюць лампады і ідуць ад Вечнага агню ў гарадскім парку да іншых мемарыялаў...

А ў Дзень Канстытуцыі для першакурснікаў ужо традыцыйна праходзіць конкурс на найлепшае выкананне гімна Беларусі. Журы ацэньвае веданне тэксту, правільнае выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі, культуру паводзінаў на сцэне. Некаторыя групы выходзяць нават з бацькамі. А ў фінале конкурсу гімн спяваюць усёй залай.

— Шчыра кажучы, калі ўпершыню праводзілі гэты конкурс, то крыху пабойваліся, каб не было нейкага фармалізму. Аднак атрымліваецца вельмі годна, — зазначае Наталля Валковіч. — Усё робіцца ад душы, з разуменнем, што мы самі фарміруем свой культурны, духоўны асяродак. Пры гэтым дзяцей трэба не павучаць, а, пры ўсёй строгасці да выканання тых ці іншых абавязкаў, быць з імі ў партнёрстве. Мы разам упрыгожваем каледж, збіраем архіўныя матэрыялы і экспанаты, рыхтуем розныя конкурсы і кампазіцыі... А потым многія нашы выпускнікі, ведаю, становяцца ініцыятарамі цікавых акцый у сваіх працоўных калектывах. Іх, як правіла, з задавальненнем бяруць на работу.

Ды і набор у каледж, нават пры наяўнасці конкурсу, таксама 100-працэнтны. Многія пытаюцца: «Калі не прайду на гэтую спецыяльнасць, то можна на іншую?» Жадаюць вучыцца менавіта тут.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.