Вы тут

Вынікі WorldSkіlls — сігнал для інвестараў,


або Хто найперш павінен быць зацікаўлены ў падрыхтоўцы кадраў?

«Я не магу прыгадаць выпадку, калі б краіна, якая толькі далучылася да руху WorldSkіlls, адразу здзейсніла магутны рывок ітрапіла на спаборніцтвах у «топ» пераможцаў», — заявіў прэзідэнт Міжнароднай некамерцыйнай асацыяцыі WоrldSkіlls Іntеrnаtіоl (WSІ) Сайман Бартлі, калі наведваў Беларусь у маі 2014 года. Наша краіна стала членам WorldSkіlls у студзені 2014 года, але ўжо праз чатыры месяцы правяла першы нацыянальны чэмпіянат па рабочых прафесіях. Нядаўна беларуская каманда вярнулася з бразільскага Сан-Паўлу, дзе праходзіў чэмпіянат свету па прафесійным майстэрстве з удзелам канкурсантаў з 59 краін і экспертаў з 70 краін. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак, калі нацыянальная каманда ўпершыню ўдзельнічае ў міжнародных спаборніцтвах такога ўзроўню і выстаўляе сваіх канкурсантаў адразу ў 15 кампетэнцыях! Пра вынікі і высновы, зробленыя пасля вяртання з Бразіліі, расказалі падчас «круглага стала» ў БЕЛТА намеснік міністра адукацыі Віктар ЯКЖЫК і рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аркадзь ШКЛЯР.

Дзве неафіцыйныя перамогі

— Канкурсанты, якія прыязджаюць на алімпіяду ўпершыню, звычайна займаюць апошнія месцы, а мы апынуліся ў цвёрдай сярэдзіне ва ўсіх кампетэнцыях. Больш за тое, заваявалі два медалі. Іх чамусьці называюць «медалямі выдатніка». Але на англійскай мове назва ўзнагароды гучыць як Medal of Excellence — медаль дасканаласці, або перавагі (выдавалі ўдзельнікам чэмпіянату, якія набралі 500 і больш балаў, але не былі ўзнагароджаны залатым, сярэбраным ці бронзавым медалём. — Аўт.) Гэта азначае, што нашы канкурсанты, якія атрымалі гэтую ўзнагароду, з'яўляюцца выдатнымі, дасканалымі спецыялістамі ў сваёй справе! — падкрэсліў Аркадзь Шкляр.

Сусветны чэмпіянат праводзіўся па 50 кампетэнцыях. Каманда Расійскай Федэрацыі была заяўлена ў 34, і яны ўзялі 6 медалёў выдатнікаў. Арменія была прадстаўлена ў дзвюх кампетэнцыях, Казахстан — у чатырох.

Медалі выдатнікаў — у цырульніцы Алесі Назаравай, якая набрала 516 балаў, і мадэльеркі Вольгі Закрэўскай (515 балаў) — дзяўчына з Магілёўскай вобласці перамагла ў спаборніцтве дызайнераў найлепшых еўрапейскіх школ! Ярка праявілі сябе і падапечныя сеткі «Еўраопт». Кухар Мікіта Цвяткоў у першы дзень спаборніцтваў быў самым лепшым, але на другі дзень, на жаль, у яго не ўсё атрымалася. У выніку Мікіта набраў 471 бал, чаго не хапіла для перамогі. Відаць па ўсім, Мікіту падвяла бразільская бульба...

Кандытар Марыя Кушвід з 493 баламі стала другой у Еўропе, саступіўшы толькі французам, якія ў выніку і занялі другое месца ў свеце. А Марыя стала ў свеце шостай. Першымі ў яе кампетэнцыі былі карэйцы, другімі — французы і трэцімі — японцы. Марыя абышла італьянцаў і аўстрыйцаў — прызнаных ва ўсім свеце кандытараў. Дарэчы, максімальная колькасць балаў, якую маглі набраць кандытары, — 520. А да медаля выдатніка дзяўчыне не хапіла ўсяго сямі балаў.

На думку Саймана Бартлі, Беларусь магла б прэтэндаваць яшчэ на два неафіцыйныя прызы. Напрыклад, за самы хуткі старт. Бо з улікам часу, які прайшоў з моманту, як краіна далучылася да руху, удзел у такой колькасці кампетэнцый і заваяванне двух медалёў — гэта вельмі высокі вынік.

А другі прыз — за самую прыгожую парадную форму. Беларускія хлопцы былі ў кашулях з нацыянальным арнаментам, а дзяўчаты — у яркіх чырвоных сукенках з вышыўкай... У гэтай намінацыі беларусы дакладна перамаглі!

Упершыню на гэтым форуме на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця неслі сцяг нашай краіны. А беларуская эксперт давала ўрачыстую клятву — у касцюме нацыянальнай каманды і на роднай мове.

Стаўка — на рэсурсныя цэнтры

Удзел у руху WorldSkіlls — не проста спаборніцтвы найлепшых маладых майстроў свету.

— Уплыў падобных конкурсаў на адукацыйную сістэму краіны заключаецца ў тым, што мы атрымліваем доступ да самых сучасных кампетэнцый, тэхналогій і абсталявання, — тлумачыць Віктар Якжык. — Цяпер мы павінны вызначыць, як гэта прымяніць. Удзел у WorldSkіlls абавязкова паўплывае на змяненне навучальных праграм і планаў па асобных спецыяльнасцях. Не варта забываць, што на чэмпіянат ў Бразілію накіраваліся не толькі ўдзельнікі, але таксама і эксперты. Задача апошніх была прааналізаваць тэхналогіі падрыхтоўкі спецыялістаў у той ці іншай прафесіі і экстрапаліраваць іх у нашы навучальныя планы. Акрамя таго, мы атрымалі дадатковы імпульс да працы над стварэннем рэсурсных цэнтраў. Сёння ў краіне створаны ўжо 34 рэсурсныя цэнтры. Два з іх — па машынабудаванні — наш гонар. Аналагаў ім няма ў Еўропе. Мы валодаем такой матэрыяльнай базай, што міжнародныя эксперты здзіўляюцца! Гэта канцэптуальнае рашэнне, якое ўвасабляе ў жыццё Міністэрства адукацыі.

У цэлым стаіць задача на працягу трох-чатырох гадоў стварыць яшчэ каля 20 рэсурсных цэнтраў пад розныя віды эканамічнай дзейнасці.

— Рэсурсны цэнтр — не ўзорная навучальная ўстанова, у якой навучаецца эліта, а канцэнтрацыя кадравых і матэрыяльных рэсурсаў, новых методык выкладання, — удакладняе Аркадзь Шкляр. — Навучэнцы з усіх устаноў могуць ім карыстацца. Прыклад — рэсурсны цэнтр у Жлобіне па спецыяльнасцях, звязаных з сельскагаспадарчай тэхнікай. На тыдзень — паўтара туды прыязджаюць будучыя механікі і механізатары з розных устаноў адукацыі і праходзяць навучанне на найноўшых узорах сельгасмашын.

Ужо сёння ў адукацыйныя стандарты і кваліфікацыйныя патрабаванні падрыхтоўкі спецыялістаў у нашай краіне ўключаюцца элементы сістэмы WorldSkіlls. Па сутнасці, гэта надбудова над існуючымі кваліфікацыямі, якая забяспечвае падрыхтоўку спецыялістаў для інавацыйных тэхналогій. Сёння далёка не ўсе беларускія прадпрыемствы могуць сфармуляваць кваліфікацыйныя патрабаванні да патрэбных ім спецыялістаў. Такім чынам, можна сказаць, што WorldSkіlls — гэта апераджальныя тэхналогіі ў падрыхтоўцы кадраў для эканомікі Беларусі.

Аркадзь Шкляр расказаў, што ёсць, напрыклад, такая кампетэнцыя, як фрэзерныя работы на станках з лічбавым праграмным кіраваннем. Там прымяняецца мадэляванне 5D. У Беларусі гэтая тэхналогія ўкаранёна на дадзены момант толькі на двух прадпрыемствах. І калі беларускія тэхнолагі паглядзелі на тую дэталь, якую трэба будзе вырабіць у Бразіліі, яны заявілі: на яе вытворчасць патрабуецца тыдзень. А наш удзельнік спаборніцтваў зрабіў яе за шэсць гадзін.

— Такім чынам, новыя тэхналогіі дазваляюць рэзка, у некалькі разоў павялічыць прадукцыйнасць працы, прычым па любой кампетэнцыі, — адзначыў Аркадзь Шкляр. — Ламаць сістэму прафесійнай адукацыі не трэба, але трэба яе мадэрнізаваць, зыходзячы з патрабаванняў сённяшняй эканомікі. І тое, што мы атрымалі доступ да міжнароднага досведу, дае нам магчымасць не вынаходзіць веласіпед, а адаптаваць тое, што маем, да сучасных патрабаванняў і стандартаў.

Кампетэнцыі, якія мы сёння забяспечваем на ўзроўні прафесійнай адукацыі навучэнцаў і студэнтаў, не ахопліваюць усяго спектра, які патрабуецца сучаснай эканоміцы. Гэта асабліва заўважна ў навукаёмістых кваліфікацыях — у мехатроніцы, робататэхніцы, праграмаванні САПР, працы на станках з лічбавым праграмным кіраваннем. І справа не ў тым, што мы не ў стане падрыхтаваць гэтых спецыялістаў. Мы часта проста не ведаем, па якіх кампетэнцыях іх рыхтаваць і на якім абсталяванні. Яшчэ адзін напрамак — выкладчыцкія кадры, якія забяспечваюць прафесійную падрыхтоўку тых, хто прыйдзе заўтра ў нацыянальную эканоміку, Неабходна пераасэнсаваць іх адбор, палепшыць прафесійную дзейнасць. Гэта тычыцца як выкладчыкаў, так і майстроў вытворчага навучання.

Вельмі дарагое задавальненне

У фінансаванні бразільскага чэмпіянату ўзялі ўдзел больш за 200 вядучых кампаній свету. Там прымяняліся самыя сучасныя тэхналогіі. І кампаніі бязвыплатна іх прадастаўлялі, таму што сёння праблема не ў станках і жалезе — справа ў тых людзях, якія могуць на гэтым абсталяванні працаваць і забяспечыць прадукцыйнасць працы і якасць тавару. Ад гэтага залежыць канкурэнтаздольнасць эканомікі. На WorldSkіlls у Сан-Паўлу прысутнічалі і сотні прадстаўнікоў сусветных кампаній, якія прыглядаліся да ўдзельнікаў, каб з вельмі прывабным матэрыяльным пакетам пераманіць найлепшых да сябе.

— Для таго, каб атрымаць ураджай, трэба ва ўгноеную зямлю кінуць зерне і добра яго паліваць. Так і ў прафесійнай адукацыі — патрэбны час і намаганні, каб атрымаць жаданы вынік. На жаль, мала якія беларускія кампаніі здольны зазіраць у заўтрашні дзень, — мусіў канстатаваць Аркадзь Шкляр. — У нацыянальнага бізнесу павінна быць разуменне канчатковых мэт WorldSkіlls — гэта спосаб паказаць сусветнай супольнасці, што ў нас ёсць высокакваліфікаваныя спецыялісты. Умоўна кажучы, дарагія інвестары, сардэчна запрашаем вас у Беларусь! Бо мы здольныя забяспечыць вашы інвестыцыі ў тэхналогіі і сучаснае абсталяванне ўласнымі кадрамі. Вось гэтую перспектыўную задачу руху WorldSkіlls, на мой погляд, і павінны зразумець кіраўнікі нашых прадпрыемстваў.

Прафадукацыя — вельмі дарагое задавальненне. Ва ўсім свеце тыя, хто аказвае падтрымку праграмам прафесійнай адукацыі, маюць пэўныя прэферэнцыі з боку дзяржавы. Беларусь — адна з нямногіх краін свету, якія фінансуюць сістэму прафесійнай адукацыі выключна з бюджэту. Пакуль уся нагрузка ляжыць на Міністэрстве адукацыі. Але мы прапрацоўваем пытанне, як выйсці на шматканальнае фінансаванне. WorldSkіlls павінен разварушыць нашых працадаўцаў, каб яны таксама былі зацікаўлены ў падрыхтоўцы кадраў.

Віктар Якжык паведаміў, што ўжо ў канцы кастрычніка распачнуцца рэгіянальныя спаборніцтвы новага цыкла. А 16 мая 2016 года ў Мінску, у Футбольным манежы, пройдзе другі нацыянальны чэмпіянат WorldSkіlls Рэспублікі Беларусь. Плануецца павялічыць колькасць кампетэнцый да 30. У яго рамках пройдуць і першыя спаборніцтвы JunіorSkіlls.

— У нас ёсць патэнцыял для далучэння да сусветнага руху JunіorSkіlls — гэта школьнікі. Праз цікавасць да спаборніцтваў, да сучаснага абсталявання іх можна зацікавіць і рабочай прафесіяй. Тут ёсць адпрацаваныя методыкі, партнёры, праграмы абменаў вопытам і экспертамі, і ў гэтым — яшчэ адно дасягненне WorldSkіlls.

Будзем задзейнічаць усе нашы ўстановы адукацыі, у тым ліку ўстановы дадатковай адукацыі. Узяць хаця б цэнтры тэхнічнай творчасці, Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай тэхнічнай творчасці. Магчымасці для далучэння да новай сістэмы прафарыентацыйнай працы і папулярызацыі рабочых прафесій у нас шырокія. І гэта той імпульс, які нам даў WorldSkіlls, — дадаў Віктар Якжык.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу


Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.