Вы тут

Як адна сям'я


Каб мары здзяйсняліся, трэба ўпарта працаваць і верыць.

Пахваліцца 100-працэнтным супадзеннем спадзяванняў і вынікаў, асабліва калі гэтыя спадзяванні датычацца паступлення выпускнікоў у навучальныя ўстановы, здольна далёка не кожная школа. А вось Дзіцячы гарадок Ленінскага раёна сталіцы можа ганарыцца сваімі 11-класнікамі, трое з якіх сталі сёлета студэнтамі ВНУ, і 9-класнікамі, якія паступілі ў ліцэі і каледжы. Сярод устаноў для дзяцей-сірот гэтыя вынікі — найлепшыя.

[caption id="attachment_103818" align="alignnone" width="600"]Ак­са­на АР­ЛО­ВА, ды­рэк­тар Дзі­ця­ча­га га­рад­ка, ве­дае лёс кож­на­га вы­ха­ван­ца. Ак­са­на АР­ЛО­ВА, ды­рэк­тар Дзі­ця­ча­га га­рад­ка, ве­дае лёс кож­на­га вы­ха­ван­ца.[/caption]

Дзіцячы гарадок — да гэтага часу адзіны ў рэспубліцы ўзор такой формы ўладкавання малых, што засталіся без апекі бацькоў. Дзеці ўзростам ад года да 18 жывуць з маці-выхавальніцай на тэрыторыі рэканструяванага дзіцячага садка, дзе памяшканні былі пераўтвораны ў поўнасцю аўтаномныя 12 кватэр з гасцёўняй, дзіцячымі пакоямі, кухняй, двума санвузламі і двума душамі ў кожнай.

— Атмасфера тут максімальна набліжана да сямейнай, бо асноўная роля нашага гарадка — сацыялізацыя,  распавяла Вольга АЛЕСЕНКА, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце дзяржаўнай сацыяльна-педагагічнай установы адукацыі «Дзіцячы гарадок Ленінскага раёна г. Мінска». Дзеці наведваюць звычайныя сад і школу, ходзяць у крамы, банкі, паліклінікі. Тыя, хто трапіў сюды зусім маленькім, нават клічуць выхавальніцу мамай, бо проста не разумеюць, кім жа яшчэ можа даводзіцца ім жанчына, якая з імі жыве.

Кожнаму — па цікавасцях

Увесь час, што дзеці жывуць у гарадку, іх не проста арыентуюць на важнасць атрымання прафесіі, але і стараюцца забяспечыць навучанне ў залежнасці ад разумовых здольнасцей і захапленняў. Дзеці займаюцца і ў звычайных школах, і ў кадэцкіх вучылішчах, музычных гімназіях. Для малых з цяжкімі моўнымі праблемамі арганізавана інтэграванае навучанне — яны праходзяць пачатковую школу за 5 гадоў, а не за 4, бо адзін раз асвойваюць праграму першага класа з мноствам заняткаў у педагога-дэфектолага, а другі — ужо па звычайнай праграме.

— Нашы сёлетнія поспехі — гэта вынік вялікай шматмесячнай работы, якая ўключае ў сабе дадатковыя заняткі, факультатывы, курсы ВНУ,  кажа Аксана АРЛОВА, дырэктар Дзіцячага гарадка.

Адпраўляючы дзяцей у самастойнае жыццё, кіраўніцтва і мама-выхавальніца стараюцца кожнага максімальна забяспечыць самым неабходным, каб хоць першыя год-паўтара яны не трацілі грошы на адзенне і абутак. Трымаць пад увагай выхаванцаў-выпускнікоў, цікавіцца іх лёсам мамы працягваюць і далей. Тым больш што пасля заканчэння школы і адлічэння з гарадка дзеці, па словах дырэктара, пэўны час пастаянна сюды прыязджаюць:

— Па першым часе яны тут амаль пастаянна знаходзяцца, застаюцца на ноч. Зразумела, што ім цяжка адразу адарвацца ад звыклага жыцця, і мы стараемся дапамагчы: накарміць, нешта параіць, грошай даць...

[caption id="attachment_103819" align="alignnone" width="600"]Такая ўтульная гасцёўня — у кожнай кватэры. Такая ўтульная гасцёўня — у кожнай кватэры.[/caption]

«Дарослыя» гісторыі

Усе сёлетнія выпускнікі-адзінаццацікласнікі гарадка «абсалютна нашы», як кажа кіраўніцтва, бо «пражылі тут большую частку свайго дзіцячага жыцця — па 10-15 гадоў». У кожнага з чатырох цяпер пачалася гісторыя дарослага самастойнага жыцця.

Хаця вынікі цэнтралізаванага тэсціравання (ЦТ) ва ўсіх выпускнікоў гарадка былі не самыя бліскучыя, але ж набраных балаў ім хапіла, каб падаваць дакументы ў ВНУ. А адсутнасць у атэстаце нізкіх балаў дазволіла скарыстацца правам ільготнага паступлення.

Каця Рунцэвіч пайшла ў БДТУ на факультэт турызму і прыродакарыстання. Перад гэтым яна цэлы год наведвала курсы пры БДУ. Зараз праходзіць практыку ў Негарэлым і амаль кожныя выхадныя прыязджае ў гарадок... Яня Свідрыцкая паступіла ў БДПУ імя М. Танка, вучыцца на настаўніцу пачатковых класаў. Зараз жыве ў кватэры бацькоў, дзе знаходзіцца яе хворая маці. Яня і яе сястра Лера, якая зараз вучыцца ў 10-м класе і жыве ў гарадку, часам наведваліся ў бацькоўскую трохпакаёўку і дапамагалі па гаспадарцы бабулі.

Ілья Мацюшэўскі вучыцца ў чыгуначным каледжы — будзе памочнікам машыніста электравоза і цеплавоза. Аксана Яўгенаўна характарызавала яго як самакрытычнага, адказнага і вельмі актыўнага ў розных арганізацыйных момантах хлопца.

— Яму цяжка давалася матэматыка, таму адразу вырашыў, што ў ВНУ не пойдзе. Хаця атэстат у Ільі добры — няма ніводнага прадмета з адзнакай, ніжэй за шасцёрку.

У гарадку застаўся яго брат 7-класнік Максім. Яшчэ адна родная душа, якой Ілья вельмі даражыць, — бабуля, яна кожнае лета забірала хлопцаў да сябе ў вёску пад Смалявічамі (у астатні час жанчына жыве ў Мінску), дзе ён разам з братам зрабіў невялікі рамонт.

У інтэрнаце Ільі не падабалася, таму ён жыў то ў бабулі ў Мінску, то ў гарадку. А якраз сёння ён святкуе наваселле ў новай кватэры, якую як сірата атрымаў ад дзяржавы. Прысутнасць кіраўніцтва гарадка, маці-выхавальніцы і сяброў — абавязковая. У падарунак куплены халадзільнік і мультыварка. Расказваючы пра гэта, Аксана Яўгенаўна не стрымлівае пачуццяў радасці за выхаванца.

Уладзіслаў Песенка 1 верасня пайшоў на заняткі ў энергетычны каледж, а літаральна праз тыдзень... пачаў вучыцца на ваенным факультэце БДУ, куды спачатку і планаваў паступаць. Як так здарылася? Магчыма, шчаслівы выпадак, а можа, вера ў мару ці ўпартае жаданне дасягнуць задуманага...

Улад скончыў кадэцкае вучылішча №2, захапіўся ідэяй стаць ваенным. Аднак і гэтага выхаванца падвяла матэматыка — 4 балы пры агульным сярэднім бале атэстата большым за 7. Ён разумеў, што не зможа скарыстацца ільготамі пры паступленні, і ўдзельнічаў у іспытах на агульных умовах.

Вынікі ЦТ дазвалялі яму падаць дакументы ва ўніверсітэт, і Ілья паспрабаваў пакарыць ваенную кафедру факультэта хімічнай, радыяцыйнай, біялагічнай бяспекі БДУ, аднак яму не хапіла літаральна трох балаў. Затое назбіраных пасля іспытаў балаў хапіла, каб быць залічаным у энергетычны каледж. На гэтым уступная кампанія, здавалася, скончылася.

У Дзіцячым гарадку створаны гурткі музеязнаўства, фларыстыкі, танцаў, свая трэнажорная зала, пакой для настольнага тэніса. З дапамогай валанцёрскіх рухаў у мінулым годзе дзяўчаты спрабавалі сябе ў кулінарнай школе «Гурмэ», хлопцы цэлы год займаліся падводным плаваннем, нават стварылі каманду па жаночым хакеі з 6-7-гадовых дзяўчынак, якія трэніраваліся на Чыжоўка-Арэне, і сёлета працягнуць заняткі.

Аднак... умяшаўся выпадак

Напрыканцы жніўня Дзіцячы гарадок наведаў Мікалай Лукашэнка, малодшы сын Прэзідэнта, які прывёз выхаванцам кавуны з бахчы, што выраслі пры рэзідэнцыі ў Драздах. Падчас гутаркі на тэму, хто куды паступіў і як жыве, «усплыла» гісторыя Улада: хлопец сказаў, што ўсё роўна не адмовіцца ад мары стаць ваенным.

На той час да пачатку заняткаў заставаўся тыдзень. І раптам дырэктара папрасілі даслаць у Міністэрства адукацыі дакументы Песенкі, бо зацікавіліся гісторыяй апантанага хлопца. Потым — цішыня. Усе ў гарадку вырашылі, што нічога не атрымаецца. Улад пайшоў на заняткі ў каледж.

— Назаўтра ён пазваніў мне і кажа: «Я быў у міністра абароны. Ён даў мне хімічную формулу, і я яе рашыў». Я ў адказ змагла толькі пажартаваць: «Ты што, такім чынам дабіраў балы, якіх табе не хапіла?» А сама не верыла, — узрушана распавядала Аксана Арлова. — І пасля я яшчэ некаторы час непакоілася, бо ведала толькі, што з каледжа дакументы Улад забраў, з інтэрната з'ехаў... Зараз ён вучыцца там, дзе марыў. А паколькі цяпер і жыве непадалёк ад мяне — у кватэры бацькоў, то назіраю за яго поспехамі. Вельмі рада, што сёлета ў нашага гарадка так многа добрых навін.

Ірына СІДАРОК

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».