Вы тут

Пачым футра для шматпавярховіка?


Усё, што трэба ведаць пра капрамонт у сталіцы.

Нядаўна каля дома №14 па вуліцы Стаханаўскай з'явіліся драўляны комплекс з горкай, новыя арэлі і каруселі. Амаль усё гэта жыхары набылі за свае грошы. Яны не сталі закідваць скаргамі камунальныя службы, а самі «скінуліся» на дзіцячую пляцоўку.

За чый кошт банкет?

Хтосьці праігнараваў прапанову ініцыятыўных жыльцоў, хтосьці даў мінімальную суму, а нехта не пашкадаваў фінансавання. У выніку ініцыятары сабралі крыху больш за 13 млн рублёў і пайшлі ў ЖЭС паведаміць, што ім патрэбна дапамога ва ўсталяванні новай горкі. А супрацоўнікі прапанавалі паставіць на пляцоўку яшчэ тры каруселі — за кошт жыллёвай службы.

Апошняе стала прыемным бонусам, бо па новых правілах правядзення капітальнага рамонту ўсталяванне дзіцячага рыштунку ў дварах — справа не ЖЭСа, а жыхароў. Як і некаторыя іншыя работы, што раней выконвалі за сродкі бюджэту.

Сёлета на капітальны рамонт жылога фонду сталіцы выдзелілі 1,41 трлн рублёў. Па планах Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі, за гэтыя сродкі можна адрамантаваць 285 тысяч кв. м жылля. Але гадавое заданне для Мінска складае 670 тысяч кв. м. Яго магчыма выканаць, калі знізіць сабекошт работ. Якім чынам? Прыцягнуць на рамонтныя работы і добраўпарадкаванне сродкі жыхароў, вырашылі ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Цяпер мінчане за свой кошт мяняюць аконныя блокі, устанаўліваюць прыборы пакватэрнага ўліку, рамантуюць пад'езды, парадкуюць прылеглыя тэрыторыі (сюды ўваходзяць азеляненне, добраўпарадкаванне дадатковых парковачных месцаў, устаноўка дзіцячага абсталявання).

У пераліку работ, што пры капітальным рамонце выконваюць за кошт бюджэту, застаюцца замена трубаправодаў сістэм халоднага і гарачага водазабеспячэння, газазабеспячэння, замена (рамонт) даху, рамонт (цеплавая мадэрнізацыя) фасада, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый і іншыя. Важная рэмарка: калі вы хочаце ўцяпліць кватэру, то за кошт бюджэту гэта можна зрабіць толькі ў выключных выпадках, да якіх адносіцца, напрыклад, прамярзанне стыкаў панэляў.

Такі падыход, калі жыхары ўкладваюць уласныя грошы ў правядзенне работ, дае свой плён. Напрыклад, за кошт скарачэння бюджэтных работ ужо сэканомлена больш за 140 млрд рублёў, якія таксама будуць накіраваны на правядзенне капрамонту. Дзякуючы новаўвядзенню ўжо сёлета ў Ленінскім раёне сталіцы плануюць перавыканаць план і ўвесці ў эксплуатацыю пасля капрамонту каля 20 дамоў. Ды і, глядзіш, адносіны да жылфонду стануць больш акуратнымі, калі выдаткаваў на яго рамонт сродкі са сваёй кішэні.

А графікі «скачуць»

Сума на капрамонт у сталіцы выдзелена немаленькая, але і колькасць дамоў, узрост якіх ужо перавысіў адзнаку ў 25 гадоў, расце. Чвэрць стагоддзя — гэта мінімальная працягласць эфектыўнай эксплуатацыі дома да правядзення капрамонту. А ўвогуле рашэнне аб пастаноўцы на яго жылога будынка прымаецца па выніках абследавання тэхнічнага стану. Пералік дамоў, якія падлягаюць абнаўленню, размешчаны на сайтах ЖРЭА, таксама гэтую інфармацыю можна ўдакладніць, патэлефанаваўшы ў аддзел капрамонту раённага жыллёва-рамонтнага аб'яднання. Усяго сёлета планавалі адрамантаваць больш як 200 дамоў.

Спісы аб'ектаў капітальнага рамонту фарміруюцца ЖРЭА раёнаў сталіцы штогод. У 2016 годзе будзе распрацаваны і зацверджаны графік яго правядзення на наступную пяцігодку. Як падкрэсліў першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Уладзімір КУХАРАЎ, налета плануецца абнавіць 1 млн кв. м жылля. Пакуль жа дзейнічае Перспектыўная праграма капітальнага рамонту жыллёвага фонду Мінска на 2005-2015 гады. За гэты перыяд у сталіцы планавалася адрамантаваць больш за 7,5 млн кв. м жылля, але адрамантавалі толькі каля 5 млн. Каб выйсці на нарматыўныя тэмпы, трэба штогод рамантаваць не менш за 3% ад усяго жылога фонду (якраз каля 1 млн кв. м). Рэальна ж у 2010-2013 гадах гэтая лічба была прыкладна 2%, а ў 2014 годзе яшчэ зменшылася.

Чаму графікі правядзення капітальнага рамонту ссоўваюцца? Перш за ўсё, гэта звязана з недастатковым фінансаваннем.

«Але гэта не значыць, што нейкі жылы дом выкінулі з праграмы капрамонту, да яго дойдзе чарга. Магчыма, неабходная праектна-каштарысная дакументацыя ўжо распрацавана», — супакоіў мінчан галоўны спецыяліст аддзела капрамонту жылфонду МГЖГ Яўген МІКІТКА.

Аднак з прыцягненнем сродкаў жыхароў сітуацыя выправіцца, і капрамонты ў дамах будуць праводзіцца паводле планаў, спадзяюцца камунальнікі.

У вас могуць і не спытаць...

Гаворка ідзе пра бягучы рамонт у пад'ездах. Як паведаміла намеснік начальніка вытворчага аддзела МГЖГ Таццяна ЗМАЧЫНСКАЯ, цяпер для правядзення рамонту ў пад'ездзе, які выконваецца выключна за кошт сродкаў жыхароў, не патрабуецца іх згоды.

Рашэнне аб неабходнасці абнавіць пад'езд выносіць спецыяльная камісія па выніках вясенніх і асенніх аглядаў жылфонду.

Калі пад'езд стары або пацярпеў ад нападак вандалаў, ён трапляе ў праграму планавага рамонту месцаў агульнага карыстання. У далейшым за месяц да пачатку работ жыхароў апавяшчаюць аб маючых адбыцца пераўтварэннях і запрашаюць да абмеркавання якасці будматэрыялаў і выбару колеру фарбы. Калі ўладальнікі і арандатары кватэр у пад'ездзе, дзе патрабуецца рамонт, ігнаруюць сход жыхароў па пытанні яго правядзення, матэрыялы выбірае жыллёвая служба.

Пасля правядзення работ рахунак за іх выстаўляецца ў жыроўках. У залежнасці ад сумы, якую неабходна аплаціць жыхарам, жыллёвая служба можа пайсці на саступкі і даць растэрміноўку.

У сярэднім кошт простага «касметычнага» рамонту складае 10—12 тысяч рублёў на кожны метр агульнай плошчы кватэры. Аднак сума можа вар'іравацца, калі жыхары аддадуць перавагу больш дарагой фарбе, а таксама калі стан пад'езда настолькі дрэнны, што спатрэбяцца сур'ёзныя работы.

Што ж тычыцца вокнаў у месцах агульнага карыстання, іх афарбоўка, паводле слоў спецыяліста, таксама праводзіцца за кошт грамадзян, якія пражываюць у кватэрах таго пад'езда, дзе гэтая праца выконваецца. Калі ж рамы або іншыя элементы вокнаў прыйшлі ў непрыдатнасць, іх рамонт і замена праводзяцца за кошт жыллёвых арганізацый. Але тут ёсць абмежаванне: колькасць замененых канструктыўных элементаў не павінна перавышаць 60% ад іх агульнай колькасці ў пад'ездзе.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».