Вы тут

Новая прафесія — за тры месяцы


Як беспрацоўных робяць запатрабаванымі спецыялістамі.

У Беларусі сёння налічваецца больш за 27 тысяч вакансій (у тым ліку 8 тысяч — у Мінску). Тэарэтычна гэта 27 тысяч магчымасцяў знайсці працу. На практыцы ж уладкавацца не так проста: ахвотных больш, чым месцаў, і ў барацьбе за наймальніка выйграюць самыя канкурэнтаздольныя. Каб прэтэндэнты без кваліфікацыі ці з неактуальнай спецыяльнасцю не заставаліся за бортам, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны сістэматычна арганізоўвае перападрыхтоўку беспрацоўных. Сёлета на гэтыя мэты з рэспубліканскага бюджэту было выдаткавана 37,5 мільярда рублёў. Каля шасці тысяч незанятых грамадзян ужо накіравана на прафпадрыхтоўку з пачатку года. «Згодна з Канстытуцыяй, дзяржава павінна ствараць умовы для поўнай занятасці насельніцтва. Таму калі чалавек не можа ўладкавацца па той спецыяльнасці, што ў яго ёсць, дзяржава бярэ на сябе абавязкі па яго перанавучанні», — адзначае начальнік упраўлення палітыкі занятасці Мінпрацы Алег ТОКУН.

Попыт на кухараў і качагараў

З улікам складанай сітуацыі на рынку, колькасць беспрацоўных, накіраваных сёлета на перападрыхтоўку, вырасла ў параўнанні з мінулым годам на 40 працэнтаў. Службы занятасці прапаноўваюць навучанне па найбольш запатрабаваных у рэгіёне спецыяльнасцях. У Лідзе, напрыклад, жанчын часцей адпраўляюць на курсы кухараў, прадаўцоў і цырульнікаў. Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Лідскага райвыканкама Віктар МУЛЯРЧЫК тлумачыць, што ў горадзе цяпер адкрываецца шмат сеткавых крамаў, дзе не хапае работнікаў у аддзелах кулінарыі і за касай. А тыя, хто асвойвае цырульніцкае майстэрства, пачынаюць працаваць у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Сярод папулярных мужчынскіх профіляў — муляр, тынкоўшчык, электрагазазваршчык. Па заяўках ліцейна-механічнага завода ўпраўленне рыхтуе ліцейшчыкаў металаў і сплаваў, для мясцовай мэблевай фабрыкі вучыць сталяроў.

— Курсы ў асноўным праходзяць у Лідзе, — расказвае Віктар Аляксандравіч. — Сярод людзей, якіх адпраўляем на перавучванне, шмат тых, хто доўгі час нідзе не працаваў. Звяртаюцца і маладыя: паступілі, напрыклад, на завочнае аддзяленне і на перыяд вучобы жадаюць атрымаць працу. Асобная катэгорыя — работнікі, што падпалі пад скарачэнні праз мадэрнізацыю. Падчас ліквідацыі нізкаэфектыўных працоўных месцаў вызвалілася шмат некваліфікаваных кадраў. Тыя ж падсобныя рабочыя — спецыялісты ўчарашняга дня.

У Кобрыне неабходнасці ў прадаўцах і цырульніках няма. Менш людзей, у параўнанні з мінулымі гадамі, набіраюць на курсы па будаўнічых прафесіях. А вось гарадской ЖКГ персанал патрэбны. Гаспадарка прапануе беспрацоўным перапрафілявацца ў качагараў і аператараў газавай кацельні. Паступаюць заяўкі і ад ваенкамата: просяць у часць кіроўцаў катэгорыі В, С.

— Добры варыянт для хлопцаў, якіх прызвалі ў армію, — мяркуе Іна ПРЫБЫШ, галоўны спецыяліст аддзела занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Кобрынскага райвыканкама. — І для бацькоў эканомія — не трэба за курсы плаціць. Пасля службы маладыя людзі могуць павысіць катэгорыю да D і ўладкавацца кіроўцам аўтобуса.

У першую чаргу ўпраўленне занятасці займаецца адукацыяй тых, у каго няма ніякай прафесіі. Хоць часам на перанавучанне просяцца людзі з дыпломам ВНУ: тыя ж эканамісты хочуць атрымаць рабочую спецыяльнасць. На курсы беспрацоўных накіроўваюць у Брэст. Аплату за праезд і пражыванне бярэ на сябе служба занятасці.

Адукацыя па заяўках

Па словах Алега Токуна, перанавучанне незанятых грамадзян дапамагае эфектыўна выкарыстоўваць працоўны патэнцыял краіны. І статыстыка гэта пацвярджае: больш за 80 працэнтаў людзей пасля самастойна знаходзяць месца па новай спецыяльнасці.

— Вядома, калі ў чалавека ёсць прафесія, то спачатку мы будзем дапамагаць яму ўладкавацца, — кажа Алег Валер'евіч. — Аднак калі на працягу, напрыклад, паўгода ў нас не атрымліваецца падабраць яму вакансію, то разглядаем варыянты з перападрыхтоўкай. Асаблівая ўвага надаецца моладзі, якая ў асноўным не мае вопыту працы ці прафесіі ў прынцыпе. Зразумела, што ўчарашні школьнік без спецыяльнасці не зацікавіць наймальніка. Таму больш за палову накіраваных на прафесійную адукацыю — людзі да 30 гадоў.

Служба занятасці стараецца максімальна хутка дапамагчы чалавеку памяняць спецыяльнасць. Курсы па розных прафесіях доўжацца не больш за год. Летась сярэдні тэрмін адукацыі склаў 3,7 месяца. Так, за пяць месяцаў можна стаць электрагазазваршчыкам ці кухарам, за чатыры — кіроўцам тралейбуса. Менш чым за два месяцы вывучаць на адміністратара ці кіроўцу пагрузчыка. Папулярны заняткі па інтэграваных профілях: дзве-тры сумежныя спецыяльнасці дазваляюць быць больш паспяховым на рынку і хутчэй уладкавацца. Беспрацоўнага, з яго згоды, могуць накіраваць на перападрыхтоўку ў адпаведнасці з заяўкай канкрэтнага наймальніка. А значыць, пасля чалавеку будзе гарантавана месца. У гэтым годзе каля 40 працэнтаў незанятых грамадзян навучана менавіта па такой праграме.

Паклапаціцеся аб кваліфікацыі

Курсы праходзяць на базе каледжаў, ліцэяў, універсітэтаў, ва ўстановах дадатковай адукацыі дарослых. Напрыклад, Рэспубліканскі інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў Мінпрацы штогод прымае на перанавучанне больш за 800 беспрацоўных. ВНУ прапаноўвае ім каля 40 адукацыйных праграм. Найбольш запатрабаваныя спецыяльнасці сярод слухачоў — сакратар, адміністратар, аператар механізаваных і аўтаматызаваных складоў, агент па арганізацыі аўтамабільных перавозак.

— Карыстаюцца папулярнасцю курсы перападрыхтоўкі на базе сярэднеспецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Яны праводзяцца па такіх профілях, як лагістыка, кіраванне персаналам, сацыяльная работа, бухгалтарскі ўлік і кантроль. Усяго 12 праграм. Шмат беспрацоўных запісваецца на курсы прадпрымальніцкай дзейнасці. Там іх вучаць складаць бізнес-план, шукаць ідэі. Арганізуем таксама выязное навучанне: па заяўках праводзім семінары ў іншых гарадах, — расказвае рэктар ВНУ Алег ЛІСЕЙЧЫКАЎ.

Цяпер распрацоўваецца падпраграма «Садзейнічанне занятасці насельніцтва» на 2016-2020 гады. Там таксама надаецца ўвага пытанням прафесійнага навучання. «Мы цесна ўзаемадзейнічаем з рэгіёнамі ў гэтым плане, — кажа Алег Токун. — Канчатковыя лічбы пакуль не зацверджаны, але мы плануем павялічыць і колькасць накіраваных на адукацыю, і суму рэсурсаў на іх навучанне».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.