Вы тут

Сімвалы і агітацыя


У Цэнтральнай выбарчай камісіі разгледзелі скаргі і зварот Таццяны Караткевіч.

Скаргаў было дзве. Абедзве датычыліся парушэння, на думку выбарчага штабу Караткевіч, 73-га артыкула Выбарчага кодэкса, які прапісвае роўнасць правоў і абавязкаў кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і забараняе кандыдату выкарыстоўваць перавагу свайго службовага палажэння ў інтарэсах абрання. Размова ішла пра выкарыстанне дзяржаўнымі СМІ сімволікі, якая выкарыстоўваецца выбарчым штабам Аляксандра Лукашэнкі, у якасці сімволікі ўсёй выбарчай кампаніі.

— Мы лічым, што такім чынам ствараецца неабгрунтаваная і супярэчная выбарчаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь сітуацыя, калі грамадзяне ўспрымаюць агульную кампанію як кампанію аднаго кандыдата, — патлумачыў сутнасць скаргі прадстаўнік штаба Караткевіч, член ЦВК з правам дарадчага голасу Ігар Лялькоў.

Яшчэ адной нагодай для першай скаргі стала з'яўленне ў продажы футболак з сімволікай і слоганам, які выкарыстоўвае кампанія Лукашэнкі, выраб якіх не быў аплачаны з выбарчага фонду кандыдата.

Другая скарга датычылася звароту да ваеннаслужачых з боку Афіцэрскага сходу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь з заклікам падтрымаць на выбарах дзейнага Вярхоўнага галоўнакамадуючага.

Абедзве скаргі не былі задаволены. Давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А.Г. Марыяна Шчоткіна адносна выкарыстання сімвалаў патлумачыла, што гэта не з'яўляецца агітацыяй, бо штаб яе кандыдата не прыватызаваў гэтыя сімвалы, іх можа выкарыстоўваць любы кандыдат, і ў 2010 годзе, калі гэтыя сімвалы выбарчай кампаніі толькі з'явіліся, так і было. Мэта — прыцягнуць увагу выбаршчыкаў да кампаніі ў цэлым, актывізаваць іх.

Такую ж думку выказаў і генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Дзмітрый Жук, які назваў прадмет спрэчкі «часткай алфавіту, які выкарыстоўваюць СМІ».

Што тычыцца футболак, то прадстаўнік штабу Аляксандра Лукашэнкі запэўніла, што яны не заказвалі і не аплачвалі гэтыя вырабы, а значыць, і не парушылі заканадаўства.

Наконт звароту Афіцэрскага сходу сітуацыю тлумачыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Аляксандр Гура. Ён запэўніў, што афіцэрскі склад краіны не быў сабраны спецыяльна для прыняцця такога звароту, а значыць, працэдура яго прыняцця (камандзіровачныя для ўдзельнікаў з мэтай такой падтрымкі кандыдата) не была аплачана з бюджэту. Падобныя сходы праводзяцца адзін раз на пяць гадоў, у парадку дня сёлетняга было зусім іншае пытанне. Прапанова ж аб звароце па падтрымцы аднаго з кандыдатаў была выказана ўдзельнікамі сходу, што таксама не з'яўляецца парушэннем заканадаўства. На сходзе, да таго ж, не прысутнічалі давераныя асобы і прадстаўнікі штабу кандыдата ў прэзідэнты.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына назвала ўсе пералічаныя нагоды для скаргаў драбязой і выказала задаволенасць тым, што пакуль няма больш сур'ёзных падстаў для падобнага абмеркавання ходу кампаніі. «Гэта сведчыць пра тое, што каманды кандыдатаў у прэзідэнты працуюць дысцыплінавана, з захаваннем закону, — сказала яна. — З іншага боку, гэта нядрэнна, калі абмяркоўваецца адкрыта на пасяджэнні камісіі тое, пра што гавораць у грамадстве. Зрэшты, усе пытанні, якія мы сёння разглядалі, абмяркоўваліся ў інтэрнэце, і з гэтай нагоды былі цалкам розныя меркаванні і пазіцыі. Цяпер Цэнтральная камісія адназначна выказала сваю пазіцыю, патлумачыла, і, я думаю, для грамадства гэта вядзе да аднастайнай практыкі і разумення».

Таццяна Караткевіч таксама звярнулася ў ЦВК з просьбай прадаставіць ёй нявыкарыстаны Аляксандрам Лукашэнкам эфірны час для выступлення па тэлебачанні. У гэтым ёй было адмоўлена, бо перадача эфірнага часу аднаго кандыдата іншаму забаронена законам.

Яшчэ адным пытаннем парадку дня ўчарашняга пасяджэння Цэнтральнай выбарчай камісіі стаў асаблівы парадак галасавання будаўнікоў на Астравецкай АЭС. Справа ў тым, што каля трох тысяч чалавек працуюць там вахтавым метадам і не змогуць выкарыстаць сваё права голасу па месцы пражывання. Камісія вырашыла стварыць эксклюзіўныя ўмовы для гэтай катэгорыі грамадзян нашай краіны — яны будуць галасаваць па месцы працы.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

medvedeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».