Вы тут

Ключавая задача — збалансаванае развіццё эканомікі


Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на адкрыцці восьмай сесіі Палаты прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.

3-24

Паважаныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў!

Паважаныя запрошаныя!

Сёння пачынае сваю работу восьмая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.

Яна адкрываецца ў атмасферы павышанай палітычнай актыўнасці ў сувязі з правядзеннем прэзідэнцкіх выбараў. Ад іх зыходу залежыць будучыня Беларусі.

Цяпер вельмі важна захаваць адзінства народа і ўлады, гатоўнасць разам працаваць на агульную карысць. Толькі забяспечыўшы мір і стабільнасць, мы зможам зберагчы дасягнутае і стварыць умовы для ўпэўненага руху краіны па шляху прагрэсу.

Збалансаванае развіццё эканомікі — наша ключавая задача. Адаптацыя да няпростай знешняй абстаноўкі патрабуе новых кіраўніцкіх рашэнняў. Гэта датычыцца ў першую чаргу бюджэтнай і падатковай палітыкі, сістэмы планавання, развіцця дзелавой ініцыятывы, супрацоўніцтва дзяржавы і бізнесу.

Дэпутаты прадаўжаюць цесна працаваць з урадам над праектам рэспубліканскага бюджэту на наступны год. Захоўваючы яго сацыяльную накіраванасць, забяспечваючы падтрымку прадпрыемстваў, неабходна сканцэнтравацца на стратэгічных напрамках. Вынікам абмеркаванняў павінен стаць вельмі прагматычны фінансавы дакумент, заснаваны на рэалістычных ацэнках і прагнозах. Кожны ўкладзены ў эканоміку бюджэтны рубель павінен даваць аддачу.

Пры ўсёй важнасці валавых паказчыкаў у пытаннях планавання на першае месца трэба ставіць прыбытак і рэнтабельнасць. Індыкатыўнае планаванне прызначана дапамагчы прадпрыемствам і рэгіёнам больш актыўна выкарыстоўваць свае канкурэнтныя перавагі, рэалізоўваць экспартны патэнцыял. Ад гэтага ў многім залежаць занятасць насельніцтва і ўзровень яго даходаў, напаўненне бюджэту і якасць сацыяльных паслуг.

Для вырашэння грамадска значных задач важна наладзіць канструктыўнае ўзаемадзеянне дзяржавы і бізнесу. Дзяржаўна-прыватнае партнёрства дасць магчымасць дасягнуць балансу інтарэсаў, знізіць рызыкі, а галоўнае — нагрузку на бюджэт пры рэалізацыі буйных інфраструктурных праектаў. Мы дэталёва абмеркавалі гэту праблематыку на парламенцкіх слуханнях, а адпаведны законапраект прайшоў сур'ёзную экспертызу з удзелам міжнародных спецыялістаў. Сёння ў нас ёсць усе падставы для прыняцця якаснага і запатрабаванага часам закона.

На сесіі будуць разгледжаны пытанні падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, развіцця рэальнага сектара. Плануецца ўнесці папраўкі ў заканадаўства ў сферах будаўніцтва, гандлю, лясной і сельскай гаспадаркі. Сэнс гэтай работы ў тым, каб раскрыць унутраныя рэзервы. Напрыклад, прыняцце Закона «Аб прамысловай бяспецы» дасць магчымасць не проста знізіць пагрозу тэхнагенных катастроф, але і надаць імпульс мадэрнізацыі вытворчасці на прынцыпах «зялёнай эканомікі».

У цэлым жа большасць плануемых заканадаўчых рашэнняў звязана непасрэдна з забеспячэннем якасці жыцця грамадзян. На гэта, у прыватнасці, накіраваны навацыі ў сферах аховы здароўя, пенсійнага забеспячэння і дзяржаўнага сацыяльнага страхавання.

Асаблівае месца ў парадку дня адводзіцца праекту Кодэкса аб культуры. Культура — стрыжань нацыянальнай дзяржаўнасці і аснова суверэнітэту. Наша задача — стварыць платформу для наватарскіх ідэй і стваральных рашэнняў, нацэленых на ўсебаковае раскрыццё творчага патэнцыялу беларускага народа.

Пашырэнню нацыянальных інтарэсаў будзе садзейнічаць ратыфікацыя аб'ёмнага пакета міжнародных пагадненняў. Гэта прамы вынік прадуманага знешнепалітычнага курсу і актыўных дзеянняў улады па пошуку перспектыўных рынкаў, стымуляванні інвестыцыйнай дзейнасці, развіцці вытворчай кааперацыі.

Важна, што гэта работа мае канкрэтны эфект — захаванне прадпрыемстваў і стварэнне новых рабочых месцаў, магчымасць працаваць і атрымліваць дастойную зарплату. Сумесна з урадам і бізнес-супольнасцю дэпутатам трэба дабівацца, каб дасягнутыя дамоўленасці атрымалі не толькі сваё практычнае ўвасабленне, але і далейшае развіццё.

Наша міжнародная праграма вельмі насычаная. Ідзе інтэнсіўны абмен візітамі. Апошнім часам толькі ў Палаце прадстаўнікоў прайшло больш як 20 міжнародных сустрэч, у тым ліку з Прэзідэнтам Малдовы, прэм'ер-міністрам Пакістана, намеснікам міністра замежных спраў Лаоса. Нараўне з паглыбленнем супрацоўніцтва з нашым стратэгічным саюзнікам Расіяй мы цесна ўзаемадзейнічаем з парламентарыямі з постсавецкіх дзяржаў, краін Паўднёва-Усходняй Азіі, Лацінскай Амерыкі, Блізкага Усходу. У нас складваюцца добрыя рабочыя адносіны з калегамі з Бразіліі, В'етнама, Ізраіля, Індыі, Інданезіі, Ірана, Кітая. Цяпер прапрацоўваюцца візіты ў Беларусь парламенцкіх дэлегацый Ірака, Пакістана, Чэхіі, а таксама афіцыйны візіт беларускай парламенцкай дэлегацыі ў Тайланд.

Адбыліся прыкметныя зрухі ў наладжванні канструктыўнага дыялогу з нашымі еўрапейскімі партнёрамі. Адзначу апошнія візіты парламентарыяў Іспаніі, Сербіі і Славакіі. Нам таксама ўдалося актывізаваць кантакты з прадстаўнікамі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, якія прымуць удзел у назіранні за ходам прэзідэнцкіх выбараў.

Наша запрашэнне прынялі і наглядальнікі ад парламенцкіх структур АБСЕ, СНД, Саюзнай дзяржавы. Мы адкрыты да стасункаў і разлічваем на аб'ектыўную ацэнку выбараў, што ў перспектыве дасць магчымасць пашырыць спектр абмяркоўваемых пытанняў.

Рост інтарэсу да Беларусі як да прадказальнага і надзейнага партнёра назіраецца і на іншых міжпарламенцкіх пляцоўках, у прыватнасці такіх аўтарытэтных, як ПА АБСЕ, МПА АСЕАН, Міжпарламенцкі саюз. Уклад краіны ў барацьбу з насіллем, беднасцю і няроўнасцю, імкненне да стварэння больш справядлівага светаўладкавання атрымалі высокую ацэнку на саміце ААН у Нью-Ёрку. Асабліва адзначалася роля Беларусі ва ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту. Мы і ў далейшым будзем садзейнічаць таму, каб у гэтай брацкай для нас краіне ўсталяваўся мір.

Задача парламенцкай дыпламатыі — цвёрда адстойваць ідэалы міру, садзейнічаць забеспячэнню бяспекі ў рэгіёне і мірнаму вырашэнню канфліктаў. Гэта найважнейшыя прыярытэты нашай знешняй палітыкі і ўмовы ўстойлівага развіцця любой дзяржавы.

Аднак, як адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў сваім выступленні з трыбуны ААН, гэтага недастаткова. Неабходна на нацыянальным узроўні стварыць дастойныя ўмовы жыцця для кожнай канкрэтнай асобы.

У Беларусі ўлада заўсёды раілася з народам і дзейнічала зыходзячы з яго інтарэсаў. І тое, што людзі сёння падтрымліваюць уладу, дапамагае дзяржаве працаваць на апярэджанне, паступальна паляпшаць якасць жыцця грамадзян. Дэпутатам вельмі важна падтрымліваць пастаянны адкрыты грамадзянскі дыялог, пашыраць новыя грамадскія ідэі і ініцыятывы. Людзі павінны ўсведамляць сваё дачыненне да прыняцця рашэнняў і адказнасць за лёс краіны. У гэтым і ёсць галоўны сэнс дзяржавы для народа. Толькі разам мы зможам дасягнуць працвітання свабоднай і незалежнай Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.