Вы тут

Прафесія: вадзянік


Наталля Бучынская. Атракцыёны для вадзянікоў. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2015. — 80 с.

7-7

Калі я была маленькая, то мела досыць цвёрдае перакананне: Вадзянік, які жыве ў возеры ў бабулінай вёсцы, мае толькі два клопаты — пускаць бурбалкі (пазней яны ператвараюцца ў пену ля берага) і палохаць дзяцей, якія знаходзяцца ля вады (ці ў вадзе) без нагляду дарослых. Магчыма, карані гэтага меркавання хаваюцца ў наказах бабулі, каб мы з сёстрамі і братам надта шмат не хадзілі ля берага і не купаліся доўга, асабліва ў поўдзень. Таму, калі і вы маеце нейкія ўласныя стэрэатыпы адносна заняткаў вадзянікоў, іх функцый у возеры ці рацэ, а магчыма, іх знешняга выгляду, то будзьце гатовыя: пасля знаёмства з новай кнігай дзіцячай пісьменніцы Наталлі Бучынскай ад ранейшых перакананняў не застанецца і каменя на камені.

Не верыце? Мяркуйце самі. Галоўны герой казкі «Пра сяброўства Вадзяніка і Лесуна», што ўваходзіць у гэтае выданне, — Вадзянік. Ён мусіць сачыць за парадкам на дне і па берагах возера Доўгае, што ў Глыбоцкім раёне (як вядома, гэта самае глыбокае возера ў нашай краіне). У Вадзяніка шмат клопатаў: скасіць аер, каб берагі не зарасталі, уладкаваць на дне прыгожыя мясцінкі з рознакаляровай гліны, сачыць, каб жыццё іншых насельнікаў возера — рыб і рачкоў — ішло сваім парадкам. А яшчэ, паколькі ён добра сябруе з Лесуном, трэба час ад часу сустракацца са старым прыяцелем, частавацца прысмакамі з лесу і бясконца пераконваць яго ў тым, што і ў возеры жыць цікава і весела (Лясун не ўмее дыхаць пад вадой, таму яму застаецца толькі верыць на слова таварышу). Пагадзіцеся, не так і мала клопатаў у Вадзяніка. Навошта яму дзяцей палохаць ды бурбалкі пускаць?

А яшчэ ў жыцці старога Вадзяніка часам здараюцца нечаканыя падзеі: то Азёрная камісія завітае з праверкай, то папросіцца на працу малады Вадзянічок, выпускнік адмысловай Акадэміі. І тады нашаму герою трэба выступаць з прамовамі перад шаноўнай грамадой, выпраўляць хібы ў працы маладога і нявопытнага калегі ці нават... складаць бізнес-план парка атракцыёнаў. Зрэшты, не буду забягаць наперад і распавядаць пра ўсе прыгоды гэтага памяркоўнага героя. Чытайце казку — і пра ўсё даведаецеся самі.

Але не толькі твор пра Вадзяніка ўвайшоў у выданне, пра якое ідзе гаворка. Пад вокладкай кнігі змясціліся яшчэ дзве гісторыі, аб'яднаныя агульнай тэмай жыцця ў вадзе. Гэта казка «Як бабры прытулак шукалі» пра сям'ю баброў, што імкнецца наладзіць уласнае жыццё побач з чалавекам, і прыгожая, кранальная легенда «Наяда марская, або Услед за песняй». Цікавыя тэксты дапаўняюць выдатныя малюнкі мастака Андрэя Пазняка. А яшчэ — што надзвычай карысна для маленькага і дапытлівага чытача — тут можна знайсці звесткі-даведкі пра возера Доўгае, пра баброў і Чырвоную кнігу Беларусі. Так Наталля Бучынская нібыта апярэджвае пытанні дзетак бацькам і прапануе свае поўныя адказы на іх. Думаецца, кнігу «Атракцыёны для вадзянікоў» можна выкарыстоўваць і падчас заняткаў у старшых групах дзіцячага садка ці пачатковых класах школы. Цікавых звестак тут цалкам дастаткова.

Асаблівай увагі чытача заслугоўвае казка-легенда «Наяда марская, або Услед за песняй». Гэта надзвычай кранальная гісторыя пра тое, як жыхарка мора Нерэіда настолькі моцна ўпадабала спеў Салаўя, які на шляху ў вырай прыпыніўся ля вусця ракі, што вырашыла выправіцца ў доўгае і небяспечнае падарожжа на радзіму спевака. Як вядома, Нерэіды жывуць толькі ў салёнай і цёплай марской вадзе, таму доўга плыць па халоднай і прэснай рацэ гераіні было надзвычай складана. Крыху дапамагаў вянок з салёных водарасцяў, які сёстры ёй падарылі на развітанне, але вандроўка была такой доўгай і складанай, што лісткоў не хапіла да часу вяртання Салаўя пасля зімоўкі на Поўдні... Не, яна не загінула, але ператварылася... у Наяду, жыхарку ракі. Дачакалася вясны і новай чароўнай песні, але, насуперак наказам сясцёр, пусціла карані ў далёкай і халоднай рацэ, таму ўжо ніколі не змагла вярнуцца ў родную марскую ваду, цёплую і салёную.

Пад вадой азёраў і рэк хаваецца шмат таямніц. Тут жывуць незвычайныя істоты, адбываюцца чароўныя падзеі, часам нават вадзянікі катаюцца на атракцыёнах. Фантазія пісьменніцы Наталлі Бучынскай дазваляе нам зазірнуць у гэты чароўны свет. Вядома, аўтарка не ўздымае ўсіх сакрэтаў з глыбіні, ды ці патрэбна гэта? Магчыма, нехта бачыць краіну Падводдзе зусім іншай, і ў любым выпадку — ніхто з нас не памыляецца.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».